падтрымаць нас

Палітыка

Сапраўдныя ворагі аб’яднанай Еўропы – хто яны?

Сапраўдныя ворагі аб’яднанай Еўропы – хто яны?
Старшыня Фонду Роберта Шумана кажа, што гэта Пуцін і еўраскептыкі.

Да гэтага часу ў Еўрапейскага Звязу не было ворагаў. На гэтым палягала ягоная ўнікальнасць і гонар. Паступова ўнутраная грамадская думка прыняла адважны эксперымент бацькоў-заснавальнікаў Еўропы, якія прынеслі мір, аднавілі кантынент, што ляжаў у руінах, і адрадзілі сапраўдны дабрабыт. Мяккая моц ЕЗ была ацэненая і за мяжой і увесь час падвышала яго прыцягальнасць. Эканамічны крызіс і дыпламатыя Расеі ўсё змянілі: у Еўропы з’явіліся ворагі, гатовыя забіваць.

Унутраныя экстрэмісты эксплуатуюць эканамічныя цяжкасці, што з’явіліся з-за беспрэцэдэнтнай глабалізацыі, каб абвінаваціць ЕЗ у правалах, адказнасць за якія мусіць быць ускладзеная ў першую чаргу на годную жалю нацыянальную палітыку. Звонку людзі мараць аб Еўропе, але знутры маюць месца спробы прывесці нас да адчаю. Таму што ў Еўразоне ёсць краіны, якія дамагаюцца поспеху, а ёсць тыя, што перажываюць цяжкасці, хіба не так?

Пуцін і расейская дыпламатыя позна зразумелі, што з’яўляюцца суседзямі адной з вядучых эканамічных і гандлёвых сілаў у свеце, прасторай свабоды і справядлівасці, сапраўднага першынства закону, дзе ідуць насустрач жаданням людзей, дзе салідарнасць арганізавана лепш, чым ва ўсім астатнім свеце. Яны спужаліся, зразумеўшы, што, нягледзячы на адрозненні, еўрапейцы былі гатовыя працягнуць руку тым, хто глядзеў на іх з зайздрасцю. Аднак усё прасцей і прасцей можна было падзяліць еўрапейцаў, каб маніпуляваць імі.

Таму нічога дзіўнага няма ў іх спробах зрабіць усё магчымае дзеля падзелу Украіны і дыскрэдытацыі Еўропы адначасна – у той жа час яны набіраюць прыхільнікаў унутры Еўразвязу сярод правых і левых экстрэмістаў, і нават часам у некаторых буйных урадавых партыях.

Яны падзяляюць нянавісць да Еўрапейскага Звязу, найбольш небяспечны від нацыяналізму, лад думак, што часта ідзе поруч з расізмам і ксенафобіяй, і заўжды побач з пратэкцыянізмам, страхам і эгаізмам.

Марын Ле Пэн наведала Маскву і сарвала апладысменты ў Думе, дзе засядаюць сапраўдныя экстрэмісты. Яна прыняла бок Расеі ў канфлікце з Украінай. Яна нават даслала ў Крым вядучага на еўрапейскіх выбарах кандыдата ад Іль дэ Франс у якасці назіральніка падчас фіктыўнага рэферэндуму, што адбыўся 16 сакавіка і не быў прызнаны міжнароднай супольнасцю. Яе прадстаўнік апынуўся там у добрай кампаніі, паколькі рэферэндум сабраў 135 эмісараў з найгоршых еўрапейскіх праварадыкальных і неанацысцкіх партыяў. Калі ў кагосці засталіся сумневы, мы рэкамендуем паглядзець http://www.prorussia.tv, он-лайн тэлеканал, які фінансуецца Масквой і нават асвятляе мясцовыя выбары ў Еўропе!

Гэтая пятая калона, магчыма, хутка створыць групу ў Еўрапейскім Парламенце, і пуцінская Расея будзе мець афіцыйнае права голасу ў еўрапейскіх колах

Ва Украіне практычна не існавала праварадыкальнага руху да пуцінскіх атак, так жа як не было праблемаў што да любой рэлігійнай ці этнічнай супольнасці. Цяпер такія праблемы будуць, як і ў ЕЗ, дзе актывісты намагаюцца стварыць раскол.

Тут відавочна мае месца змова, таму еўраскептыкам, з’яўляюцца яны брытанскімі кансерватарамі ці дысідэнтамі з французскага Саюзу за Народны Рух, трэба добра падумаць, перш чым адчыняць дзверы перад гэтымі людзьмі. У еўрапейцаў з’явіліся сапраўдныя ворагі, з якімі трэба змагацца.

Знутры, праз адданасць Еўропе, якую палітычныя лідары сёння мусяць урэшце развіць напоўніцу, праз дэбаты, веру, апеляцыю да інтарэсаў і матываў, зразумелых нашым грамадзянам.

Звонку неабходная рашучасць, каб перакрыць небяспечны накірунак, абраны краінай, што не думае двойчы перш чым прайсціся бруднымі ботамі па ўсіх шматбаковых ці двухбаковых дамовах, якія калісці былі падпісаныя ёй, і ўжыць сілу і пагрозы з мэтай парушыць стабільнасць на кантыненце.

Гэта значыць, што Еўропа мусіць спыніць абяззбройванне, паставіць на першае месца веру і не думаць пра дыялог. “Паказаць зубы” агрэсару ‑ гэта часам лепшы сродак захавання міру.

Таму што ў гэтых ворагаў адна мэта: аслабіць і, калі магчыма, знішчыць усе дасягненні Еўропы.

Рэчаіснасць выглядае так: мы павінны вырашыць праблему, створаную ворагамі. Гэта таксама адна з галоўных ставак на бліжэйшых еўрапейскіх выбарах.