падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Калі мы пачнем купляць праз гугл-акаўнт

Калі мы пачнем купляць праз гугл-акаўнт
Смартфанізацыя неверагодна спрашчае механізмы аплаты тавараў. "Белкарт" мусіць ісці ў нагу з часам.

Facebook, найбуйнейшая сацыяльная сетка планеты, збіраецца стварыць сваю фінансавую сістэму. Карыстальнікі будуць мець магчымасць трымаць на сваіх рахунках грошы і аплочваць набыткі. Бліжэйшым часам кампанія атрымае дазвол ад рэгулятараў Ірландыі на ажыццяўленне такіх фінансавых аперацыяў у Еўрапейскім Звязе.

Цяпер Facebook здзяйсняе некаторыя такія аперацыі ў ЗША збольшага звязаныя з набыткамі ўнутры дастасаванняў. За 2013 г. абарот такіх транзакцыяў склаў $ 2,1 млрд, але гэта не сумерна з будучымі маштабамі. Таму кампанія разглядае магчымасці набыцця некалькіх старт-апаў, звязаных са сфераю он-лайн транзакцыяў і аплаты праз смартфоны.

Ідэя стварыць сваю ўласную плацежную сістэму на падмурку існай базы карыстальнікаў зусім не новая. Галоўная барацьба на гэтай арэне разгарнулася паміж двума тэхналагічнымі гігантамі нашых дзён – Google і Apple. Ужо сёння яны зарабляюць вялікія грошы ў сваіх онлайн-крамах, угандлёўваючы $ 7 млн штодня. Цяпер яны плануюць правесці экспансію сваіх рашэнняў у рэальны свет.

Google Wallet, праект пошукавага гіганта, стартаваў у 2011 г. і спачатку ўяўляў з сабе дастасаванне для смартфона, дзе захоўваліся электронныя версіі банкаўскіх картак. Аплата здзяйснялася праз спецыяльныя тэрміналы з NFC-чыпам, які таксама мусіў быць у смартфоне. У канцы ж 2013 г. карпарацыя выпусціла Google Wallet Card, класічную дэбетавую картку, якая функцыянуе на працэсінгавай сетцы MasterCard. Гэты ход дадаў надзейнасці і зрабіў “гугл-гаманец” агульнапрымальным.

Галоўны ж канкурэнт апошніх гадоў, Apple, збіраецца будаваць плацежную сістэму з апораю на iTunes Store, самую буйную мультымедыйную онлайн-краму. У ім зарэгістравана больш за 800 млн акаўнтаў, а ў квартал ён угандлёўвае прыблізна $ 5 млрд. Укараненне ў апошнія гэджэты кампаніі дактыласкапічных сэнсараў дадае адначасова просты і надзейны шлях верыфікацыі асобы пакупніка.

І вось два гіганты счапіліся за маладую кампанію Square Inc., якая магла б стаць фінальным элементам, які дазволіў бы канкурэнтам стварыць плацежную сістэму, якая дамінуе ў свеце. Створаная заснавальнікам Twitter’у Джэкам Дорсі, кампанія сталася ўнікальным плацежным аператарам. Яна распрацавала мініяцюрны счытвальнік банкаўскіх картак. Дастаткова ўтыкнуць яго ў адтуліну для навушнікаў смартфона, усталяваць адмыловую праграму і ўжо можна ажыццяўляць любыя банкаўскія плацяжы. (Як гэта працуе? Глядзі тут.)

Кампанія бярэ 2,75% камісіі з кожнай транзакцыі, а счытвальнік і праграма – бясплатныя. Хоць працэнт камісіі большы, чымся ў канкурэнтаў, дзякуючы сваёй прастаце і даступнасці такая прапанова карыстаецца шалёным попытам у малым бізнесе, асабліва ва ўстановах харчавання. Іншая паслуга кампаніі, Square Cash, уражвае яшчэ больш: дзякуючы ёй карыстальнікі могуць перавесці грошы з адной карткі на іншую проста адаслаўшы e-mail атрымальніку, пазначыўшы суму пераводу ў лісце і cash@square.com у копіі ліста. За гэтую аперацыю Square Inc. не бярэ ані цэнта.

Пакуль дзейнасць Square абмежаваная тэрыторыя ЗША, Канады і Японіі. Але відавочна, што традыцыйныя плацежныя сістэмы не здольныя канкураваць з такімі агрэсіўнымі прапановамі. Сінэргія ад паглынання гэтай маладой кампаніі дапамагла б Google’у або Apple’у стварыць якасна іншую, надзвычай простую, мабільную і танную ў абслугоўванні плацежную сістэму. І гэта змяніла б увесь фінансавы рынак.

Такія змены на рынку плацяжоў абавязкова закрануць і Беларусь. У адрозненне ад Расеі, якая чарговы раз спрабуе стварыць сваю нацыянальную плацежную сістэму, у Беларусі такая ўжо існуе 20 гадоў. За гэты час “Белкарт” выпусціў больш за 5 млн банкаўскіх картак, сфармаваў сталую базу карыстальнікаў, большасць з якіх складаюць працаўнікі бюджэтных арганізацыяў. Нядаўна кампанія правяла рэбрэндынг, каб быць больш прывабнаю для беларускага карыстальніка. Але калі айчынная сістэма і надалей жадае павялічвацца і развівацца, адміністратыўны рэсурс ці маркетынгавыя захады могуць і не дапамагчы.

Стаўку неабходна рабіць на мабільнасць: дастасаванні для смартфонаў, спрашчэнне транзакцыяў і плацяжоў, выкарыстанне дактыласкапічных верыфікатараў. Маючы вялікую базу карыстальнікаў і адміністратыўныя падважнікі, “Белкарт” здолеў бы адносна хутка ўкараніць усе гэтыя рашэнні. Глебаю для пашырэння базы карыстальнікаў і стрымлівання экспансіі замежных сістэмаў павінны быць сучасныя тэхналогіі ды павышаная мабільнасць кліентаў. Калі “Белкарт” абярэ іншы шлях, кампанія можа ператварыцца ў малапрывабнага дыназаўра.