• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Чаму Рыжскі саміт не вырашыў візавае пытанне краінаў Усходняга партнёрства

    Беларусь – вядомы аўтсайдар у візавай супрацы з ЕС, але “візавыя” надзеі не апраўдаліся і ў Грузіі з Украінай.

    Беларусь застаецца адзінай краінай Усходняга партнёрства, з кім Еўрасаюз не падпісаў пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Тым часам малдаване ўжо падарожнічаюць у Еўрасаюз без віз, а Украіна і Грузія блізкія да фінішнай прамой. Нават грамадзяне больш брутальнага ў галіне правоў чалавека Азербайджана атрымліваць візы на лепшых умовах.

    Паводле індэкса візавай лібералізацыі, паказальнікі Беларусі самыя нізкія з усіх краін Усходняга партнёрства. Пакуль што мы слаба прасунуліся ў тых рэформах, якія прадугледжвае план дзеянняў па адмене візавага рэжыму: увядзенне біяметрычных пашпартоў, урэгуляванне міграцыйных пытанняў, супраца ў барацьбе з тэрарызмам і міжнароднай злачыннасцю ды гарантыі ў сферы правоў чалавека. Для ЕС візавая палітыка – гэта шмат у чым інструмент прывядзення краінаў-суседак да гэтых рэформаў.

    Чаму Беларусь застаецца аўтсайдарам

    Раней падпісанне Беларуссю дамовы аб рэадмісіі з Еўрасаюзам блакавала адсутнасць такой дамовы з Расіяй, бо менавіта з Расіі ў Беларусь ідзе асноўны паток нелегальнай іміграцыі. Беларусь баялася, што ёй давядзецца прымаць усіх нелегальных мігрантаў, затрыманых на мяжы з ЕС. Расія ад дамовы аб рэадмісіі з Беларуссю адмаўлялася, спасылаючыся на Адзінаю дзяржаву і адсутнасць кантролю на межах, але ў лістападзе 2013-га ўсё ж пагадзілася.

    Цяпер для спрашчэння візавага рэжыму з ЕС не стае толькі некалькіх подпісаў. Аднак, на палітычным узроўні паміж Еўрасаюзам і Беларуссю паразумення пакуль няма. Адной з умоў Беларусі з’яўляюцца “бязвізавыя паездкі па дыпламатычных пашпартах, а таксама чальцоў афіцыйных дэлегацый”.

    Еўрапейскі Саюз жа глядзіць на спрашчэнне візавага рэжыму інакш. Для яго гэта сродак стымулявання кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі. Таму спрашчэнне візавага рэжыму, з пункту гледжання Бруселя, павінна пачацца з простых грамадзянаў, а не з дыпламатычнага корпуса.

    Адмена віз для Малдовы як прынада

    Малдова стала першай краінай Усходняга партнёрства з бязвізавым уездам у ЕС. Грамадзяне Малдовы пры наяўнасці біяметрычнага пашпарта могуць заставацца ў ЕС да трох месяцаў.

    Еўрасаюз вядзе вельмі прагматычную палітыку, бо адмена віз для малдаванаў – гэта стварэнне спрыяльнага прэцэдэнту, “прынады” для Грузіі ды Украіны.

    Да таго ж адмяніць візы для Малдовы значна прасцей, чым для Украіны, бо колькасць насельніцтва ў Малдове прыкладна ў 12 разоў меншае, чым ва Украіне. З 2005-га каля 450 тыс. малдаванаў набылі румынскае грамадзянства. То бок і без увядзення бязвізавага рэжыму значная колькасць малдаванаў мае свабодны ўезд у Еўрасаюз.

    Адмена віз для Малдовы – гэта таксама гуманітарны акт з боку Еўрасаюза, каб перадухіліць дэмаграфічную катастрофу, бо пасля ўступлення Румыніі ў Еўрасаюз колькасць малдаванаў, якія імкнуцца набыць румынскі пашпарт для турызму ці бізнесу, узрасла прыкладна ў 20 разоў.

    Бязвізавы ўезд для Малдовы мае таксама палітычныя мэты, бо стварае дадатковы стымул для жыхароў Прыднястроўя атрымаць малдаўскія пашпарты. Гэтак з красавіка 2014-га каля 27 тыс. жыхароў Прыднястроўя звярнуліся па малдаўскі пашпарт.

    Чаму Кіеў і Тбілісі не атрымалі належнае

    Грузія і Украіна – добрыя вучаніцы па ўсіх паказальніках плана па візавай лібералізацыі. Але ж у Рызе яны ў чарговы раз былі вымушаныя адкласці спадзевы на бязвізавы рэжым.

    Адкрыццё межаў не вельмі папулярная мера ў Еўрасаюзе ў час прыходу да ўлады крайніх правых. Да таго ж Еўрасаюз не вельмі задаволены вынікамі візавай лібералізацыі з краінамі Усходніх Балканаў. Так, пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму з Сербіяй у 2010-ым колькасць запытаў аб статусе бежанца з гэтай краіны ўзрасла з 27 тыс. да 47 тыс. і дасягнула свайго максімуму з 53 тыс. хадайніцтваў у 2013-ым. Тады шэраг краін ЕС выказаліся за вяртанне візавага рэжыму з Сербіяй.

    Гэта тлумачыць змены ў візавым кодэксе ЕС. Еўрасаюз цяпер мае права аднавіць візавы рэжым у асаблівых выпадках: пры росце нелегальнай міграцыі або павелічэнні неабгрунтаваных прашэнняў аб статусе бежанца.

    Лёс Кіева і Тбілісі вызначаць не толькі ўнутраныя рэформы, але палітычныя ды эканамічныя працэсы ў Еўрасаюзе. Старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск кажа, што “Кіеў, Тбілісі і Кішынёў  маюць права на мару, у тым ліку на еўрапейскую мару”. Але мары марамі, а межы адчыняцца толькі тады, калі гэта не пойдзе насуперак еўрапейскім інтарэсам.

    ПаказацьСхаваць каментары