падтрымаць нас

Грамадства

Як развіваць беларускую адукацыю?

Як развіваць беларускую адукацыю?
Галоўныя адмыслоўцы краіны расказваюць, на што хворая беларуская адукацыя і як яе выратаваць.

На нашай чарговай імпрэзе мы сабралі адных з найлепшых беларускіх прафесіяналаў у сферы адукацыі, каб з розных бакоў ацаніць сённяшнюю сітуацыю. Якія апошнія практыкі можна выкарыстаць у Беларусі і што гэтаму замінае, хто вызначае існы курс і якія падыходы ў сістэме адукацыі варта ўжо забыць. Раскладваем па палічках.

Даеш Minecraft у школьную праграму!

Дзякуючы інтэрнэту і анлайн-курсам сёння любы маладзён з Сібіры можа вывучыць гісторыю амерыканскай літаратуры (праўда, ці трэба гэта яму?). Гэта дапаўняецца індывідуалізацыяй – калі ў кожнага навучэнца ў адпаведнасці з яго асаблівасцямі ёсць індывідуальны адукацыйны план.

Актыўна пранікае ў адукацыю гейміфікацыя – выкарыстоўванне падыходаў, узятых з камп’ютарных гульняў. Гэтак адукацыйныя праграмы атрымліваюць сюжэт, сістэму дасягненняў, паэтапнае раскрыццё гісторыі ды элемент спаборніцтва. Вынікі ўражваюць: у Foldlt – гульні пра згортванне малекул бялку – удзельнікі вырашылі праблему з крышталём вірусу, які выклікаў СНІД у малпаў за два тыдні, хаця навукоўцы не маглі знайсці рашэння гэтай праблемы цягам 15 гадоў.

Пры гэтым у адукацыі пачынаюць выкарыстоўваць і наўпрост самыя гульні. У Фінляндыі праз Minecraft навучаюць гісторыі, дызайну і архітэктуры. Масачусецкі тэхналагічны ўніверсітэт распрацаваў адмысловую мову праграмавання для дзяцей – Scratch. У Беларусі таксама ёсць ініцыятывы, якія праз Minecraft і Scratch вучаць дзяцей праграмаванню.

Школьныя адукацыйныя праграмы надзвычай састарэлыя, ўрокі інфарматыкі абмяжоўваюцца толькі вывучэннем Microsoft Office і асноваў Pascal.

Гэтая практыкі варта інтэграваць і ў беларускія школы. Праграмаванне дае дзецям не толькі магчымасць лепш кіраваць тэхналогіямі, прасцей атрымліваць працу ў ІТ, але таксама фармуе сістэмнае мысленне ў вучняў.

Чаму змены не адбываюцца?

Беларуская сістэма адукацыі – гэта гібрыд савецкай сістэмы, дапоўнены культурным трансферам сучасных практык. Культурны трансфер – гэта перанос таго, што ёсць на Захадзе з адпаведнай інтэрпрэтацыяй і аб’ядноўваннем з савецкай спадчынай. У выніку атрымліваецца нераўнаважная сістэма, і не да канца зразумела, што з ёй найлепш зрабіць – змяняць фрагментамі ці цалкам адмовіцца.

Нашая сістэма эфектыўная толькі тады, калі разглядаць яе функцыянаванне з пункту гледжання дзяржавы. Прычым дзяржава – гэта канкрэтныя людзі, якія адказваюць за адукацыйную палітыку. Вельмі цікава правесці даследаванне, які бэкграўнд у гэтых людзей, якія ў іх каштоўнасці і чаму яны абіраюць тыя ці іншыя стратэгіі.

У выніку, спасылаючыся на “агульны дабрабыт”, дзяржава стварае нібыта эфектыўную сістэму, дзе выкладнікам і студэнтам шанцуе толькі тады, калі іх мэты супадаюць з дзяржаўнымі. У іншым выпадку пачынаюць працаваць індывідуальныя стратэгіі выжывання.

Яшчэ адзін недахоп нашай сістэмы адукацыі – на яе не могуць уплываць розныя актары. Таму яна і слабая, бо не ўлічвае інтарэсы шматлікіх груп. Пры гэтым яна яшчэ цэнтралізаваная – ва ўсіх ВНУ выкладаецца прыблізна адно і тое ж, толькі з розным поспехам. Не істотна, куды вы паступаеце, хоць, магчыма, недзе лепшыя выкладнікі, але праграма будзе аднолькавай, пра магчымасць абіраць праграмы заняткаў няма нават размовы.

Сапраўдная самастойнасць інстытутаў магла б дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы

У Мінску ёсць тры ініцыятывы ў сферы гуманітарнай адукацыі: Беларускі калегіум, Лятучы ўніверсітэт і Еўрапейскі каледж Liberal Arts. Сутнасць нашага каледжу – не фармаванне прафесіяналізацыі, а міждысцыплінарнасць, калі, працуючы ў сваёй сферы, вы таксама будзеце мець бэкграўд з іншых дысцыплін. Падчас нашага навучальнага працэсу мы заўсёды разглядаем канкрэтныя беларускія кейсы, а не нейкія вельмі абстрактныя гісторыі, як гэта любяць рабіць у дзяржаўных ВНУ.

Недзяржаўныя інстытуты сёння вымушаныя закрываць недахопы дзяржаўных. Пры гэтым рэсурсаў непараўнальна менш, і недзяржаўныя інстытуты нясуць большы цяжар, чымся павінны.

Чым можа дапамагчы нефармальная адукацыя

Нефармальная адукацыя ў шырокім сэнсе – адукацыя за межамі дзяржаўных інстытутаў. Галоўны яе прынцып – інклюзіўнасць (дзіўна, што ў ХХІ ст. гэта яшчэ не рэалізавана). Трэба імкнуцца, каб мерапрыемствы былі даступныя, развівалі крытычнае мысленне і аўтаномнасць, а таксама “soft skills”. У Еўропе нефармальную адукацыю часта выкарыстоўваюць для “школаў другога шанца” – яны больш арыентаваныя на практыку, прапаноўваюць вам альтэрнатывы на рынку працы. У нас пакуль цэнтралізаваная сістэма і альтэрнатываў не так шмат.

У Беларусі часта даюць марныя веды, калі ў выніку чалавек шмат ведае, але гэта ніяк не ўплывае на яго жыццё. Нефармальная адукацыя абапіраецца на адукацыю праз досвед. Пры гэтым не менш істотныя каштоўнасныя ўстаноўкі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Для нашай сістэмы нормаю з’яўляецца, калі ўся адказнасць ляжыць на адным чалавеку. У адукацыйным працэсе важнае размеркаванне адказнасці і ўлады. Гэта дазваляе пазбягаць маніпуляцыяў, гвалту і ціску. Таксама важна адкрыта казаць пра мэты адукацыі. Уцякайце з тых семінараў ці трэнінгаў, дзе вам не кажуць пра мэты і метадалогію, якою гэтыя мэты былі абраныя. Сёння адукатар павінен змяншаць сваю ролю ў працэсе, каб чалавек рабіўся больш аўтаномным і менш залежным ад настаўніка.

Мы ўсе часткова эксперты ў адукацыі, бо праводзім у гэтай сістэме шмат часу. Тут як з яблыкам – ты можаш не ведаць, як яго вырошчвалі, але ты можаш вызначыць: ён саспеў ці згніў.

Раней носьбітам ведаў у школе быў адзін чалавек – выкладнік. Сёння расце роля тых, хто дапамагае ўсталёўваць сувязі з рознымі крыніцамі ведаў. Веды ідуць з розных пунктаў і важна з гэтымі пунктамі ўсталяваць сувязь. Універсітэт мусіць рабіцца адукацыйным “хабам” – прасторай, дзе ёсць доступ да розных рэсурсаў, дзе ёсць людзі, якія дапамогуць з абраннем пэўнага шляху, гэтак званыя дызайнеры адукацыйных траекторыяў.

Мэты дзяржаўнай адукацыі – палітычны кантроль, лаяльныя і сацыялізаваныя грамадзяне, а таксама падрыхтоўка да рынку працы.

Але мэты адукацыі дзяцей вызначаюць таксама бацькі, і дзяржаве пара пачаць узаемадзейнічаць з імі, каб выпрацоўваць агульныя падыходы. 

Грамадству трэба актыўней фармуляваць свае запыты. Пакуль не будзе адэкватнай зваротнай сувязі ад тых, хто спажывае адукацыйныя паслугі, тыя, хто іх аказваюць, нічога змяняць не будуць. Але працэс запускаецца – студэнты пачынаюць самастойна аб’ядноўвацца і праводзіць для саміх сябе майстар-класы, лекцыі і іншае, кшталту Мінскага ўрбаністычнага форуму. Гэтак яны кампенсуюць тое, чаго не атрымліваюць у ВНУ.