Крымскі рэферэндум прайшоў ва ўмовах, якія зрабілі немагчымым свабоднае і справядлівае галасаванне. Паколькі ў шматлікіх крымскіх гарадах прысутнічалі ўзброеныя мужчыны, многія людзі адчувалі прымус пайсці на ўчасткі для галасавання. Актывісты паведамлялі, што людзям вярталі іх дакументы і пашпарты толькі пасля таго, як яны прагаласавалі. Некалькі крымскіх актывістаў лічацца зніклымі без весткі, астатнія пакінулі паўвыспу, баючыся за сваё жыццё.
Аднак, выглядае на тое, што крымскі сцэнар не прасоўваецца далей на ўсход Украіны: прарасейскія дэманстрацыі тут застаюцца малымі. Правакацыі ў Харкаве і Данецку, дзе адбыліся гвалтоўныя сутычкі і загінулі некалькі чалавек, мусяць разглядацца ў гэтым кантэксце, хоць небяспека, што канфлікт можа выйсці з-пад кантролю, з’яўляецца рэальнай. Таксама ў людзях Майдану жыве страх, што Украіна знойдзе шлях супрацівіцца развіццю, і застанецца карумпаванай і нерэфармаванай.
2014 адрозніваецца ад 2004: Расея не ўрывалася ва Ўкраіну пасля Памаранчавай рэвалюцыі. Магчыма, Масква разумела, што “памаранчавая” эліта не здолее выправіць украінскую ўладу і эканоміку. Гэтым разам адбыўся штуршок да поўнай рэфармацыі сістэмы, у супрацьвагу усяго толькі змене вышэйшых эшалонаў палітыкаў. У 2004 пратэсты на Майдане былі арганізаваныя палітычнай апазіцыяй, гэтым разам штуршок быў збольшага ад сярэдняга класу, альбо “думаючага класу”, як кажуць ва Ўкраіне, і перарос у самы вялікі спантанны самаарганізаваны рух, які Украіна бачыла за сваю гісторыю. Грамадзянская супольнасць і сярэдні клас рулілі сітуацыяй. Пакуль не пачаліся сутычкі, радыкалы і экстрэмісты адыгрывалі вельмі нязначную ролю.
Амбіцыі пратэстоўцаў па змене сістэмы прывялі да таго, што вуліцы сустрэлі новы ўрад недаверам з першага дню. Актывісты Еўрамайдану турбуюцца, што патрэбныя рэформы не будуць праведзеныя і заглохнуць. Людзі, якія выйшлі пратэставаць, хочуць бачыць рэальную схему дзеянняў ад урада, датычную самых важных, па іх меркаванні, пытанняў – верхавенства закону, эканамічнай бяспекі, аховы здароўя, адукацыі, выкаранення карупцыі. Іх не цікавяць сімвалічныя дыскусіі адносна знешнепалітычнай арыентацыі і ідэнтыфікацыі.
Аднак, зараз, ва ўмовах ваеннай пагрозы, крытыкаваць урад цяжка. Тым не менш, перад урадам паўсталі пэўныя выпрабаванні і на ўнутраным фронце. Людзі чакаюць рэформаў, і ўрад павінен неяк адказаць на іх чаканні, нягледзячы на пагрозу вайны. Без заўважнага прагрэсу рэформаў напруга ўнутры Украіны можа ўзрасці наноў. Такім чынам, выбары важныя – як парламенцкія, так і прэзідэнцкія. Сісітэма павінна адчыніцца для новых палітычных груп і самарэгенеравацца. Калі выбары будуць адкладзеныя, гэта будзе знак, што ні ўрад, ні парламент не зацікаўленыя ў рэформах.
Дамова аб асацыяцыі (ДА) і глыбокая і ўсеабдымная дамова аб вольным гандлі (ГУДВГ) з ЕС таксама важны. ГУДВГ з’яўляецца галоўным рухавіком рэформаў, і яе падпісанне не мусіць адкладацца – наадварот, трэба падтрымаць гэтую ініцыятыву дадатковым фінансаваннем. Прымаючы да ўвагі часовыя гандлёвыя меры і тое, што падпісанне палітычнай часткі адбудзецца ўжо неўзабаве, украінскі ўрад можа адчуваць няпэўнасць у сваім жаданні ісці да канца (па палітычных матывах), асабліва ў выпадку з ГУДВГ. Часткі ДА будуць зараз падпісаныя паводле палітычных прычынаў, аднак было б граматна акрэсліць канкрэтныя часовыя межы для падпісання ГУДВГ, напрыклад, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прызначаны на 25 траўня 2014. Калі ДА не будзе звязана з ГУДВГ, гэта паслабіць патрабаванні рэформаў ад ўраду. Гэта не будзе добра ані для Еўропы, ані для Еўрамайдану.