падтрымаць нас

Палітыка

Павер мне. Чаму для поспеху рэформаў трэба пачаць адно аднаму давяраць

Павер мне. Чаму для поспеху рэформаў трэба пачаць адно аднаму давяраць
Ужо не адно дзесяцігоддзе ўлады выпрабоўваюць на жыхарах Беларусі больш і менш папулярныя змены. Рэформаў было столькі, што давер да іх перастаў цікавіць усіх, таму і Беларусь рэфармуюць абы-як.

Стара-новае памкненне ўладаў выйсці на сярэдні заробак у $ 500 выклікае ў беларусаў і смех, і слёзы. У чарговыя абяцанні цяжка верыць нават скрайнім аптымістам. І праблема не толькі ў тым, што беларусы не атрымаюць больш-менш прыстойных заробкаў, але ў тым, што ўлады знішчаюць давер грамадства да палітыкаў.

Тым, хто прыйдзе калісьці на месца Аляксандра Лукашэнкі, гэтую веру трэба будзе адбудаваць.

Бо давер грамадства застаецца папараць-кветкай для любога рэфарматара. Прыхільнасць ці прынамсі маўклівая згода людзей на змены ў краіне дадаюць кіраўнікам упэўненасці ды імпэту.

Адсутнасць падтрымкі грамадства робіць рэформы меней эфектыўнымі. Не давяраючы канкрэтным захадам, людзі проста не хочуць браць у іх удзелу. Нягледзячы на ўсялякія праграмы беларускага кіраўніцтва дзеля падтрымкі вёскі, яе насельніцтва ўсё роўна змяншаецца. Загад кіраўніка краіны № 46 аб захадах прасямейнай палітыкі быў прыняты амаль 20 гадоў таму, але праблема дэпапуляцыі так і не вырашаная да сёння. Беларусаў нішто не пераконвае нараджаць больш дзяцей. І справа даверу тут зусім не апошняя.

Апытанні насельніцтва, датычныя канкрэтных захадаў улады, – нармальная рэч на Захадзе. Кожная рэформа ўплывае на рэйтынг кіраўніцтва ўвогуле, таму грэбаванне даверам проста пазбаўляе ўлады. У перадвыбарчы ж перыяд нават слова і жэст маюць уплыў на рэйтынг кандыдатаў. Напрыклад, выказванні Дональда Трампа разбіралі на цытаты, але, нягледзячы на мора казусаў, яго бачанне будучыні ЗША спадабалася дастатковай колькасці амерыканцаў.

Давер параджае сацыяльную свядомасць

Абыякавасць людзей да таго, што робяць улады, стварае дзве рэальнасці. Іх існаванні няспынна перасякаюцца, але не ідуць у пару. Адсутнасць даверу да рэформаў робіць іх меней уплывовымі – дэкрэт аб супрацьдзеянні дармаедству нібыта павінен быў умацоўваць сацыяльную справядлівасць, але выклікаў толькі абурэнне. У выніку грамадства не змяніла свайго стаўлення да тых, хто не плаціць падаткаў, а сацыяльная свядомасць далей ідзе сваёй дарогай.

З іншага боку падатак на транспартны сродак, які моцна ўдарыў па кашальках беларусаў, быў пакорна прыняты грамадствам і хутчэй спаткаўся з даверам да патрэбы паляпшэння дарог у цэлым. У выніку справаздачы холдынга “Белаўтадар” займелі неспатыканую дагэтуль цікавасць.

Без даверу вялікім палітыкам не станеш

Няўпэўненасць людзей у пазітыўным выніку рэформаў спараджае недавер да ўладаў у цэлым і не дазваляе палітыкам выйграць наступныя выбары, нават калі яны аднойчы праскочылі ва ўладу. Бо праблема не толькі ў тым, каб пераканаць людзей да зменаў, але і ў тым, каб захаваць пазітыўнае аблічча пасля ажыццяўлення рэформаў.

Калі ў 2008-ым годзе ў Іспаніі пачынаўся крызіс, мясцовыя сацыялісты атрымалі парламенцкую большасць другі раз і абяцалі перамагчы эканамічныя праблемы. Аднак ужо на наступных выбарах яны прайгралі, а чатыры гады пазней атрымалі найгоршы вынік у сваёй гісторыі. Змаганне за галасы грамадства і страх займець славу палітычнага няўдачніка змушаюць улады быць пільнымі і прадумваць рэформы максімальна дакладна.

Недэмакратычнасць выбараў у Беларусі проста не змушае ўлады лепей прадумваць новыя захады.

А гэта толькі ўмацоўвае недавер грамадства да старых і новых рэформаў – нават да тых, што ўяўляюцца правільнымі, як павышэнне пенсійнага ўзросту ці аплатаў за жыллёва-камунальныя паслугі.

Іншы прыклад – гэта развіццё бізнесу ў Беларусі. Бізнес-колы звычайна аптымістычна ўспрымаюць кропкавыя змены ў заканадаўстве датычна гаспадарчай дзейнасці, але з асцярогай ставяцца да лібералізму ўладаў адносна прадпрымальніцтва ў цэлым.

Цяжка верыць у пазітыўнае стаўленне ўладаў да бізнесу, калі вясной у Беларусі саджаюць не толькі бульбу і апазіцыянераў, а яшчэ і прадпрымальнікаў.

Дэмакратычныя і недэмакратычныя ўлады хочуць даверу грамадства да іх рэформаў. Неабходнасць даверу змушае ўлады рабіць рэформы проста лепшымі. Калі ж агульны накірунак зменаў задаволіць грамадства, то яно згодзіцца і на “нелюбімыя” захады кшталту павышэння пенсійнага ўзросту, высокія жыроўкі ці нават падатак на беспрацоўе. Усё ж дзеля дабра большасці.