«Я адчуваю сябе выдатна. Мы збіраемся правесці цудоўнае абмеркаванне, і, я думаю, нас чакае велізарны поспех. Гэта будзе надзвычайны паспех. Гэта гонар для мяне. І ў нас будуць цудоўныя адносіны, у мяне няма ніякіх сумневаў».
Шмат хто хацеў бы чуць такія прыемныя словы ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненні да ягоных еўрапейскіх калегаў: да Юнкера ці Туска, або хаця б гаспадара саміту Вялікай сямёркі Трудо ці ягонага любімага француза – Макрона. Аднак, прыведеная вышэй цытата не з саміту Вялікай сямёркі ў Канадзе, а, канешне ж, з сустрэчы з паўночна-карэйскім дыктатарам Чэн Ынам у Сінгапуры.
Расчараванне еўрапейцаў тонам і манерамі паводзінаў Трампа, яго ігнараванне еўрапейскіх аргументаў супраць гандлёвых абмежаванняў толькі нарасталі на фоне шматлікіх шчодрых кампліментаў у адрас Кіма. «Я даведаўся, што ён вельмі таленавіты чалавек. Я таксама даведаўся, што ён вельмі любіць сваю краіну».
Улічваючы адчайныя – але цалкам паспяховыя – намаганні Кіма захаваць сваю асабістую дыктатуру праз наўпроставыя перамовы з ЗША, словы пра ягоную “любоў да сваёй краіны” гучыць яшчэ больш недарэчна для раздражнёных еўрапейцаў. Амерыканскі гігант, які аднойчы дапамог еўрапейскім краінам адолець экстрэмізм, што прывёў да Другой сусветнай вайны, і які ў 1989 годзе перамог таталітарызм, цяпер, падобна, сам забыўся пра заходнія каштоўнасці і разбурае давер паміж заходнімі саюзнікамі.
Некалькі тыдняў, якія папярэднічалі сустрэчы ў Сінгапуры, былі поўныя напружанасці паміж двума берагамі Атлантыкі. Выхад ЗША з пагаднення з Іранам сталася для еўрапейскіх лідэраў калі не нечаканасцю, дык абразай. Як напісаў у «Вашынгтон пост» былы прэм’ер-міністр Швецыі Карл Більдт, «гэта была масіраваная атака на суверэнітэт еўрапейскіх краінаў». Скасаванне міжнароднай дамовы і пагроза ўвесці ўскосныя санкцыі супраць еўрапейскага бізнесу відавочна супярэчыла духу саюзніцкіх дачыненняў. Тое, што Трамп крыху залагодзіў стасункі з французскім прэзідэнтам Макронам, не перашкодзіла яму чыніць напады на еўрапейскія кампаніі як праз выхад з пагаднення з Іранам, так і праз увядзенне тарыфаў на сталь і алюміній. Захады ў адказ працуюць павольна і з абмежаваным эфектам.
Еўропа эканамічна залежыць ад ЗША, але яна больш ня можа спадзявацца на асаблівыя саюзніцкія дачыненні ці нават на здаровы сэнс.
Трамп дадаў новае вымярэнне да свету непрадказальных лідараў: ён паводзіць сабе па-драпежніцку ва дачыненнях унутры Захаду, як адназначна паказала сустрэча Вялікай сямёркі.
Праблема Еўрапейскага саюза палягае ў тым, што як бы ён не кіраваўся сваімі інтарэсамі, гэта ўсё ж утварэнне, якое грунтуецца на правілах і каштоўнасцях – нарматыўная сіла. Хоць магчыма ЗША заўсёды было больш зручна мець дачыненне з нацыянальнымі дзяржавамі, яны ўсё ж разумелі, што еўрапейская інтэграцыя – гэта выніковы прадукт працэсу замірэння на кантыненце, што адбываўся пад іхнай эгідай; інтэграцыя зніжае выдаткі на бяспеку і комплексна арганізуе эканоміку і палітыку на аснове агульных каштоўнасцяў. Момант, калі Амерыка адвярнулася ад Еўропы за часамі кіраўніцтва Абамы, было не так цяжка пераадолець, бо каштоўнасці і давер да міжнародных нормаў заставаліся нязменнымі. З моманту, калі Амерыка ператварылася ў гульца-самадура, якім рухае «майстэрства заключаць здзелкі», ЕС у поўнай разгубленасці.
Гэта асабліва праўда што да Германіі, прадукту амерыканскага лідарства пасля Другой сусветнай вайны і, яшчэ раз, у 1989 годзе. Германія кіруецца нарматыўным (Rechtsstaat) і каштоўнасным падыходамі, якія ў яе сучаснай гісторыі ўкараніліся на ўзроўні інстынктаў.
Менавіта таму канцлер Меркель была абвешчанай у мінулым годзе «лідарам вольнага свету», апошнім абаронцам нормаў.
Магчыма, Трамп недалюблівае яе за гэта нашмат больш, чым за «кепскую ўгоду», што маюць амерыканскія вытворцы аўтамабіляў у параўнанні з еўрапейскімі. Магчыма, менавіта здымак з саміту Вялікай сямёркі, апублікаваны ў Твітэры камандай Меркель – канцлер павучальна схіляецца над Трампам, Трамп у абарончай позе – стаў сапраўднай прычынай, чаму ЗША адклікалі сваю згоду з рэзалюцыяй саміту, дзе спецыяльна для Трампа ўжываліся размытыя фармулёўкі, але ўсё ж заставаліся фразы супраць пратэкцыянізму і заклікі прытрымлівацца ўсталяваных правілаў гандлю.
Не дзіва, што паслабленне пазіцыі Меркель праз яе кааліцыйных партнёраў, было ў задавальненне для прэзідэнта ЗША: «Нямецкі народ адварочваецца ад ураду ў той час, калі пытанне міграцыі разгойдвае і без таго хісткую берлінскую кааліцыю. У Германіі расце злачыннасць. Вялікую памылку зрабілі па ўсёй Еўропе, калі дазволілі прыехаць мільёнам людзей, якія так моцна і гвалтоўна змянілі сваю культуру!», – напісаў у Твітэры Трамп, відавочна нападаючы на канцлера Германіі.
Трамп абапіраецца на антымігранцкія нацыяналістычныя сілы ў Еўропе, каб паглыбіць падзел унутры грамадстваў, і непазбежна паміж дзяржавамі-чальцамі ЕС. Яго сяброўства з Найджэлам Фаражам – толькі першы з прыкладаў, якіх набярэцца яшчэ шмат.
Але заляцанні да некаторых усходніх дзяржава ў ЕС могуць прывесці да так доўга шуканага расколу.
Пасля выхаду ЗША з пагаднення з Іранам, прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заявіў, што Польшча хацела быць «неафіцыйным пасярэднікам» і растлумачваць дзяржавам-чальцам ЕС пазіцыі кіраўніцтва ЗША і наадварот. Яго заява засталася толькі заявай, але стала небяспечным сігналам, што намаганні Джона Болтана па раз’яднанні ЕС могуць даць вынік.
Успрыманне пагрозы ў Польшчы і краінах Балтыі надае высокую прыярытэтнасць вайсковым захадам ЗША у гэтым рэгіёне і адначасова стварае добры падмурак для стратэгічнага падзелу паміж Захадам і Усходам. Аднак, у якой ступені падзелены ЕС – з нестабільнай Германіяй, Вялікабрытаніяй у працэсе выйсця і дзяржавамі-раскольнікамі з Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы – можа быць цікавы для ЗША?
Памочнік дзяржсакратара Ўэс Мітчэл прадставіў канцэпцыю амерыканскай адміністрацыі, дзе Еўропа выступае ў якасці саюзніка ў стратэгічным суперніцтве з Расіяй і Кітаем. Гэтая (не новая) стратэгія мае ўсе неабходныя ўмовы для належнага хаўрусу: узаемадзеянне на аснове каштоўнасцяў і стратэгічных рашэнняў («Захад – гэта прастора ўпарадкаванай свабоды, якая ахоўваецца моцнымі дзяржавамі, звязанымі разам у лігі і саюзы»; «уцягнутасць – гэта заваяванне сэрцаў і розумаў грамадскасці, для каго памяць аб 1989 і пашырэнні НАТА становіцца ўсё больш аддаленай у часе.»)
У выступе памочніка дзяржсакратара ЕС не згадваўся за выключэннем абзацу пра Заходнія Балканы: «На Балканах, мы павялічваем дапамогу, каб процістаяць расійскаму ўплыву, і шчыльна супрацоўнічаем з ЕС, каб забяспечыць большую стабільнасць». Тым не менш, у сваім выступе ён абазначыў ключавыя кірункі супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, як на ўсходзе, так і на поўдні, і нават закрануў тэмы нязгоды, такія як Іран і «Паўночная плынь-2». Сігнал, які ішоў ў ягоным выступе – інтарэсы ЗША ў дачыненні да Еўропы прынцыпова не змяніліся.
Толькі амерыканскі прэзідэнт працягвае спробы зноў запрасіць Расію на саміты Вялікай сямёркі ды выказваецца пра Германію, што ў гандлі яна «горшая за Кітай».
Такім чынам, адказ на пытанне аб інтарэсах ЗША і падыходзе ў адносінах з Еўропай зразумелы: у Трампа і яго бліжэйшага атачэння да Еўропы ў лепшым выпадку меркантыльнае, а ў асноўным негатыўнае стаўленне, якое разыходзіцца са стратэгічным інтарэсам ЗША. Рацыянальная яна ці не, гэтая лінія паводзінаў укаранілася ў Белым доме, і Еўропа павінна навучыцца, як з ёю спраўляцца.
ЕС і Расія застылі ў адкрытым баі адносна нормаў міжнароднага паводзінаў, нядаўна напісала Кадры Ліік з Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях. Яна рэкамендуе еўрапейцам перавесці іх адзінства ў адносінах да Расеі ў палітычную стратэгію, якая б адлюстроўвала не толькі еўрапейскія каштоўнасці, але і расійскія рэаліі. Тая ж рэкамендацыя можа вельмі добра пасаваць для працы з ЗША на чале з Трампам.