Усё залежыць ад транзіту ўлады
Відавочна, што пытанне транзіту ўлады ў Беларусі ўжо стаіць на парадку дня. Яно ўжо абмяркоўваецца ў беларуска-расійскіх стасунках у тым або іншым выглядзе, аб ім кажа сам Лукашэнка і ўжо прымае нейкія рашэнні ў гэты бок, у прыватнасці нядаўні дэкрэт. Таму разглядаць расійска-беларускія дачыненні ў адрыве ад таго, як пройдзе транзіт, здаецца цяпер дзіўным.
Пры Лукашэнку ў адносінах з Расіяй усе эканамічныя праблемы палітызуюцца, а любая эканамічная інтэграцыя часта ўспрымаецца ў абедзвюх краінах як нейкі сінонім палітычнага аб’яднання. У прынцыпе пры вертыкальнай структуры кіравання краінамі без загаду зверху гарызантальнага аб’яднання не адбываецца апрыёры.
Эканамічная інтэграцыя заўжды выступае як дымавая завеса. Тыя ж дарожныя карты – мёртванароджаны працэс з пункту гледжання нейкага рэальнага збліжэння палітычных сістэм, таму што любая больш глыбокая інтэграцыя мае на ўвазе стварэнне нейкіх наднацыянальных нормаў, інстытутаў або механізмаў прыняцця рашэнняў. Цяпер такія механізмы ёсць толькі ў выглядзе сустрэч двух лідараў.
Стварэнне нейкіх іншых наднацыянальных органаў значыць, што там трэба будзе вырашаць, хто будзе галасаваць і ў якіх прапорцыях. Тут ёсць досвед краін ЕС, дзе на розных узроўнях ёсць прапарцыйныя прынцыпы прыняцця рашэнняў. У двухбаковых беларуска-расійскіх рашэннях такі прынцып будзе значыць паглынанне Беларусі Расіяй. А калі захоўваць парытэтны прынцып, то сэнсу стварэння нейкіх дадатковых органаў няма, з улікам таго, што палітычныя эліты не збіраюцца здаваць нейкія паўнамоцтвы на міласць партнёра.
Працэс збліжэння можа доўжыцца гадамі
Больш сур’ёзнымі з’яўляюцца змены, якія скоўваюць магчымасці беларускай шматвектарнасці, – тое ж з’яўленне ў Беларусі расійскіх войскаў, базы. Гэта будзе сярэднетэрміновым фактарам, які будзе ўплываць шмат на што. Пакуль што Лукашэнка на гэта не ідзе, але гэты варыянт выключаць нельга.
У астатнім, калі заставацца ў палітычнай плашчыні і не паглыбляцца ў іншыя пытанні, то вялізных магчымасцяў пры Лукашэнку ў гэтым плане няма. Пасля яго ўсё будзе вызначацца канкрэтнымі сіламі, што прыйдуць да ўлады. Але і тут няма вялікага акна, каб нешта радыкальна змянілася.
Справа ў тым, што з улікам сённяшняй ізаляцыі Беларусі на заходнім флангу, з улікам вялізнай эканамічнай залежнасці ад Расіі, наіўна лічыць, што транзіт улады пройдзе без удзелу “ўсходняга брата”. Калі кандыдата на пасаду кіраўніка Беларусі не трэба будзе наўпрост адабраць у Крамлі, то як мінімум яго трэба будзе прадставіць там і атрымаць нейкую маўклівую згоду.
Фактычна выключаны сцэнар, пры якім у Беларусі магчымы прыход да ўлады сілаў, якія накіраваныя на зніжэнне інстытуцыйнай залежнасці яе ад Расіі. Новыя сілы могуць прыйсці пад лозунгам эканамічнай дыверсіфікацыі – такую ж мэту ставілі перад сабой нават сённяшнія беларускія ўлады. Але такі разварот з умоўна прарасійскай сілы, якой з’яўляецца сённяшняя беларуская кіроўная эліта, да нейкай празаходняй пры адсутнасці нейкага электаральнага запыту на гэта – немагчымы.
Таму наступная беларуская ўлада празаходні разварот з экзістэнцыйных прычынаў будзе вымушаная як мінімум адкласці. Нейкіх украінападобных хістанняў або гісторыі Малдовы ў гэтым пытанні ў нас не прадбачыцца.
Запыту на паніжэнне глыбіні інтэграцыі як і на падвышэнне няма. Любая беларуская ўлада, нават тая, што прыйдзе ў паслякрызісны перыяд, будзе недальнабачная, калі яна да існых праблем яшчэ дадасць вастрыні ў пытанне двухбаковых зносін. Не даводзіцца чакаць і электаральнага развароту. Ён мог бы адбыцца хіба што ў выпадку вайны, але такога, дзякуй Богу, няма.
Еўразійская саюзная дзяржава
Галоўная праблема на сёння гэта тое, што і Беларусь, і Расія ніяк не супрацьпастаўлялі сябе заходняму праекту. Ён ліберальны, да яго ёсць шмат пытанняў, у яго ёсць недахопы, але ён існуе. А калі ты знаходзішся ў яго цені, то ты яму заўжды будзеш прайграваць. Па гэтай прычыне сёння гэта бой арыгінала з ценем.
Паглядзім на сустрэчу Пуціна і Байдэна, але выглядае так, нібыта ідзе нараджэнне новага праекта, які будзе альтэрнатывай. Гэта можа быць нават не саюзнай дзяржавай, а еўразійскай. І тады мы можам атрымаць паўнавартаснае размежаванне з Захадам.
Пакуль абедзве краіны з’яўляюцца саюзнай дзяржавай з заходнім прынцыпам падзелу працы, то гэта немагчыма. Але калі створаць уласную сістэму падзелу працы з ізаляцыяй ад знешняга свету, то будзе іншая сітуацыя.
Пра сістэму каардынат у беларускім грамадстве
Прарасійскія арыентацыі сярод беларусаў ёсць, але гэта толькі адзін полюс. Ёсць і другі – праеўрапейскія арыентацыі. За апошнія гады тут дынаміка кажа пра тое, што палярныя ацэнкі не нарастаюць. Нарастае цэнтр. Таму, калі з’яўляецца выбар не на карысць нейкага вектара, а ўмоўна “застацца ўсярэдзіне”, то людзі ў большасці сумарна выступаюць менавіта за яго.
Размова на розных мовах
Беларусы і рускія, здавалася б, размаўляюць у большасці на адной мове, але адно аднаго не разумеюць. Размова ідзе ў тым ліку і пра экспертную супольнасць, асабліва ў Расіі.
Усе кажуць, што нешта з Саюзнай дзяржавай не так – трэба яе палепшыць, узмацніць, паглыбіць. Варта памятаць, што дзяржава ж узнікла напрыканцы 90-ых гадоў як пераходны механізм, скіраваны на поўнае аб’яднанне, як гэта і было задумана бацькамі-заснавальнікамі.
У беларусаў пазіцыя іншая – і ў Лукашэнкі, і ў экспертаў, і ў грамадства. Для іх з інтэграцыяй усё добра. Цяпер усё збольшага спрыяльна, таму навошта паглыбляць гэтыя працэсы. Беларусь атрымлівае расійскія ільготы, расійскую халяву, але ў той жа час мае свабоду для ўласнай знешняй ды ўнутранай палітыкі.
Калі беларусы чуюць ад расіянаў, што трэба паглыбляць інтэграцыю, то паціскаюць плячыма, бо іх сапраўды ўсё задавальняе.
Што датычна перспектыў: прыход да ўлады любога іншага чалавека, апрача Лукашэнкі, адкрывае для Беларусі больш магчымасцяў, чым сёння, бо ў любога іншага палітыка не будзе такога адмоўнага бэкграўнда. І можна будзе пачынаць стасункі што з Захадам, што з Усходам з чыстага аркуша паперы. У Лукашэнкі надзвычай кепская крэдытная гісторыя і гэта замінае яму развіваць заходні кірунак. Расія гэта разумее і таму так трымаецца за яго, бо любы іншы палітык будзе паводзіць сябе інакш.
Расіяне не ведаюць сапраўднай Беларусі
Экспертны цэнтр “Мера” у супрацы з Цэнтрам новых ідэй правёў даследаванне ў Расіі і Беларусі пра тое, як грамадзяне, а не толькі кіраўнікі ці экспертныя супольнасці, успрымаюць адно аднога ды ўзаемаадносіны нашых краін. Праца вялася ў фокус-групах, з якіх 12 сесій адбыліся ў Расіі і 7 – у Беларусі. Рэгіянальная выбарка была захаваная.
Тры высновы пра стаўленне расіянаў да Беларусі:
- Тэма Беларусі не з’яўляецца важнай тэмай для расійскага публічнага поля. Гэта можа быць непрыемна для беларусаў, але гэта факт. Расійскі абывацель цяпер сур’ёзна занепакоены ўласнымі справамі, а любы знешні дыскурс адсоўваецца на другі і трэці план. Нават Беларусь, якую і знешнім дыскурсам не назавеш, тым не менш выклікае значна менш цікавасці, чым можна было б чакаць. Беларусы ў мінулым годзе фактычна сталі зусім іншым народам, але расіянам усё адно на гэта.
Расійская палітычная эліта, кіраўніцтва і народ досыць адзіныя ў жаданні як мага далей адсунуць вырашэнне важных пытанняў узаемадзеяння, і, калі з’яўляецца магчымасць, адразу гэтак робяць.
- Інфармацыя з Беларусі па дарозе ў розумы і душы расіянаў праходзіць праз фільтр пад назвай “Україна”.
Цяжкая і хваравітая гісторыя ўзаемаадносін Расіі і Украіны накладае адбітак на ўспрыняцце сітуацыі ў Беларусі. І гэтую “траўму” ніяк немагчыма выкрасліць. Цень Майдана навісае над любымі навінамі адсюль.
- Лукашэнкацэнтрызм. Сваім доўгім кіраваннем Аляксандр Рыгоравіч засланіў цэлую краіну і ў адрыве ад яго яна не ўспрымаецца наогул. Беларусь выступае як функцыя ад Лукашэнкі. Калі спытаць расіяніна, што такое Беларусь, то адказ будзе: “Гэта краіна, якой кіруе Лукашэнка”. Ён даў імя цэлай краіне і гэта ўспрымаюць і яго прыхільнікі, і праціўнікі. Што з гэтым рабіць – пакуль незразумела. І тыя, хто сімпатызуе пратэстам, і тыя, хто супраць, пачынаюць так або інакш размаўляць пра Лукашэнку, і за яго спінай няма вобразу краіны.
Расіяне ў сваёй масе не разумеюць, што адбылося ў Беларусі ў 2020-ым годзе. Але нават тыя, хто сімпатызуе пратэстам, не разумеюць, якой будзе новая Беларусь, як яна будзе ставіцца да Расіі і т.п.
Інвентарызацыя Саюзнай дзяржавы
Варта было б правесці інвентарызацыю ўсіх працэсаў у нашых узаемадачыненнях, і пачаць наогул можна з паняцця “інтэграцыя”. Таму што калі ў цёмным завулку да вас падыходзіць група змрочных мужчынаў і просіць падзяліцца змесцівам вашага гаманца, то гэта таксама інтэграцыя – адбываецца пэўны абмен актывамі.
Акупацыя – таксама форма інтэграцыі. Таму тут варта авечак ад бараноў аддзяліць і зразумець, што нам трэба не любая і не ўсялякая інтэграцыя. Гэта не павінна быць гульня з нулявой сумай, калі адныя ўзбагаціліся, а іншыя – не. Гэта мае быць узаемавыгадны працэс. Але расіяне гэтага не разумеюць і ў агляднай перспектыве ніхто тлумачыць ім гэтага не збіраецца, а варта.
Хто прымае рашэнні ў Расіі?
На жаль пазіцыя адносна Беларусі на дадзены момант фармуецца адным чалавекам у Крамлі, і вялізнай праблемай з’яўляецца адсутнасць магчымасці падрыхтоўкі варыянтаў, з якіх ён бы мог выбіраць. Усе баяцца браць на сябе адказнасць у гэтым пытанні. Нават Лаўроў спрабуе пры любой нагодзе не размаўляць пра Беларусь. Таму ўсе заўжды чакаюць сігналу ад Уладзіміра Уладзіміравіча.
У свой час была ўцечка інфармацыі аб адным з планаў – стварыць прарасійскую партыю, каб яна ішла на выбары і атрымлівала большасць у беларускім парламенце. Нібыта генерал Чарноў за гэтым стаяў. Вось гэта і ёсць узровень асэнсавання Беларусі і яе ўнутраных справаў з боку расійскіх кіроўных колаў, на жаль.
У чым небяспека сітуацыі? Ніякіх аб’ектыўных асноваў для прыняцця рашэнняў няма. Пуцін глядзіць і ацэньвае падзеі чыста сітуатыўна, жыве “ад сустрэчы да сустрэчы” з Лукашэнкам. Украінскі сіндром вельмі глыбока засеў у свядомасці, таму ўсе баяцца пераменаў.
Навошта Беларусь патрэбная Расіі
Трэба прызнаць, што склалася сітуацыя, калі два аўтарытарныя кіраўнікі разам знаходзяцца пад санкцыямі, і гэта не можа не паўплываць на іншыя краіны рэгіёна. Калі санкцыйны канфлікт будзе развівацца і надалей, то Масква не выпусціць Мінск. Гэта акажа ўплыў і на інтэграцыю.
Расійскі палітычны клас у пытанні канфлікту ва Украіне ці ў пытанні ўзаемаадносін з краінамі Балтыі прадэманстраваў адсутнасць жаданняў як такіх адносна Беларусі. Калі ў пытаннях Украіны былі розныя групы ўплыву з рознымі думкамі, то па Беларусі такога не было. Можна было б чакаць расійскіх алігархаў ці ідэалагічныя групы кшталту аматараў аднаўлення СССР. Тая ж “Адзіная Расія” як партыя, зацікаўленая ў пабудове партнёра сабе ў Беларусі, магла б праявіць нейкую ініцыятыву. Але выявілася, што Беларусь тут – сляпая пляма для ўсіх. І гэта не адсутнасць стратэгічнага планавання адносна яе – проста няма разумення, навошта Беларусь патрэбная Расіі?
У канфлікт Захаду з Расіяй уцягнутая і Беларусь, і гэта акажа ўплыў на Украіну. Кіеў гэтага вельмі хоча і гэтаму рады, таму што на бліжэйшыя 3-5-10 гадоў Украіна ў такім выпадку будзе адыгрываць у рэгіёне важную ролю. Таму ўкраінскаму боку выгадна, каб Беларусь пагружалася і далей у дыктатуру, а не рухалася ў бок шчыльных кантактаў з Захадам.
Лукашэнка не адмовіўся ўнутрана ад сваёй шматвектарнай палітыкі. Гэта магло б быць найлепшым варыянтам палітыкі для Беларусі, але ён згубіў манеўр для гульні. Пакуль ён застаецца ва ўладзе, ён зацікаўлены ў аслабленні Пуціна, каб той расціснуў хватку. Аляксандр Рыгоравіч толькі і чакае магчымасці выслізнуць з абдымкаў Масквы, як толькі расійскі рэжым дасць шчыліну.
Аўтарытарны мост замест саюза
Па сукупнасці ўзнікае небяспечная карціна зменаў у Еўразіі, якая стварае цяжкую перспектыву. Не бачна, каб Пуцін ці яго атачэнне мелі нейкі намер зменаў свайго курсу стасункаў са светам, а тут яшчэ і Лукашэнка прывязаны да іх. Трэба пераасэнсаваць тое, што будзе з Еўразіяй, і тое, што ўзнікла тут у выніку крызісу праекта Саюзнай дзяржавы – гэткі “аўтарытарны мост” з двух кіраўнікоў, якія знаходзяцца пад санкцыямі.
Рэінвентарызацыі не адбываецца, таму што кіроўная эліта не зацікаўленая ў гэтым. Для Лукашэнкі максімальна шырокае трактаванне гэтага паняцця дазваляе выгандлёўваць для сябе як мага больш дывідэндаў. Гэта канал для выцягвання саступак, а для Пуціна важна захаваць сімвалічнасць, прытрымлівацца рудыментаў 1990-ых, каб паказаць, што ён – інтэгратар, а не дэзынтэгратар на прасторы экс-СССР. Таму пакуль гэтыя лідары, якія настальгуюць па мінулым, знаходзяцца ва ўладзе, пераменаў будзе няшмат.
А пры будучых кіраўніках ужо магчымае большае дыстанцыяванне. Ці прывядзе яно да нейкіх зменаў у палітычных стасунках між дзяржавамі – пэўнасці няма. Такі варыянт ёсць, але ён малаверагодны і знікальны.
Калі нейкі імпульс адбудзецца, то ён будзе сыходзіць з Расіі з-за ўнутраных працэсаў (змена эліт) або геапалітычнай сітуацыі вакол нас (канфлікт Расія-Захад). Адсюль і будуць сыходзіць галоўныя імпульсы.
Продаж актываў у Маскву рэальны, і нават наяўнасць двух нафтаперапрацоўчых заводаў можа згубіць нейкі сэнс, калі яны не змогуць гандляваць з усім светам. Тады давядзецца прадаваць і іх. Пры гэтым у Расіі мноства такіх стратэгічных прадпрыемстваў і цяпер ва ўласнасці ў краінах Балтыі і нават у Грузіі, але паглынання гэтых краін Масквою ўсё адно не назіраецца.
Тэкст паўстаў па выніках мерапрыемства, зладжанага пры супрацы з Фондам імя Фрыдрыха Эберта. Меркаванні, якія прагучалі падчас дыскусіі, ніякім чынам не звязаныя з меркаваннем Фонду.
Фота: Foreign Policy