На анлайн-дыскусіі па эканоміцы прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Канстанцін Сонін падзяліўся думкамі аб тым, як Беларусі правесці рэформы і пазбегнуць памылак суседзяў; з чаго пачынаць шлях да пераменаў і колькі часу гэта зойме. Вось асноўныя тэмы і думкі, якія абмяркоўваліся на мерапрыемстве.
Калі адбудуцца эканамічныя рэформы
Няма сумневаў, што ў Беларусі ў нейкі момант адбудуцца маштабныя эканамічныя рэформы, але няма ўпэўненасці: калі менавіта. Калі Аляксандр Лукашэнка сыдзе ў найбліжэйшы час, то рэформы пройдуць у адносна стабільных умовах і іх паспее правесці пераходны ўрад. Калі ж ён застанецца яшчэ на некалькі гадоў, то працягнецца разбуральная тэндэнцыя. А калі Лукашэнка пратрывае пра ўладзе 10 гадоў, то варта чакаць рэформаў тыпу 1991-1992 гадоў. У Расіі такія рэформы ў свой час былі, хутчэй, афармленнем развалу, а не рэформамі як такімі.
Зыходная сітуацыя ў Беларусі простая: занадта шмат прадпрыемстваў кантралюецца дзяржавай і большасць з іх стратная. Страты ж кампенсуюцца датацыямі з Расіі і са сфераў, якія лепш працуюць.
Галоўнае ў такіх сітуацыях – не паддавацца на нацыяналістычныя тэндэнцыі. У пачатку 90-ых гадоў у той жа Украіне думалі, што гэта яны кармілі Савецкі Саюз, але рэальнасць была іншай. Таму датацыі з боку Расіі – не праблема як такая, бо яны дакладна будуць неабходныя і наступнаму ўраду, пакуль ён не прымусіць эканоміку працаваць незалежна.
Большая частка росту ў апошнія гады была ў ІТ-сектары, а ён цяпер знішчаецца, прычым нават наўпрост: кампаніі зачыняюцца, адмыслоўцы з’язджаюць. Зніштажаецца ўсё менавіта таму, што спецыялісты з гэтага сектара няшчасныя праз тое, што дзеецца ў краіне.
З іншага боку цяпер праводзіць рэформы будзе лягчэй, чым у 1991-ым годзе. Ужо існуюць законы, адаптаваныя да рынкавых рэалій, ёсць пласт прадпрымальнікаў, ёсць гісторыі поспеху іншых краін.
Відавочна, што ў сілавых органах цяпер занята шмат людзей. Іх нават занадта шмат, і на іх аплату сыходзіць багата грошай (забеспячэнне, экіпіроўка, тэхніка і т.п.). Для любога новага ўрада гэта будзе выклікам: як не стварыць базу для злачыннасці і пэўны вакуум, зменшыўшы колькасць сілавікоў і іх аплату.
Як прыватызаваць і не страціць пры гэтым?
Няма прычын трымаць гандлёвыя і пасярэдніцкія прадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасці – можна прыватызаваць гэта ўсё разам. Калі нешта зачыніцца з-за неэфектыўнасці, то толькі лепш.
У Расіі многія малыя і сярэднія прадпрыемствы былі перададзеныя працоўным калектывам. Гэта ў плане лагістыкі лёгка ажыццявіць, але гэта таксама стварае групы людзей, якія трацяць пры гэтым. Супрацоўнік крамы атрымлівае долю, а настаўнік у школе – не. Адпаведна неабходны механізм кампенсацыі.
Прыватызацыя прадпрыемстваў харчовай вытворчасці выгадная нават пры існаванні канкурэнцыі з боку імпарту. У Расіі ў 1992-ым годзе было цяжка, але большасць прадпрыемстваў хутка пераарыентавалася і яны запрацавалі нават лепш, чымся тады, калі была прававая пратэкцыя ад замежных канкурэнтаў.
Прыватызацыя буйных прадпрыемстваў мусіць быць адкрытай, законнай, з самым шырокім доступам для ўсіх. “Не трэба дапускаць замежнікаў да прыватызацыі”, – гэта няслушны падыход. Замежныя інвестары дрэнныя, калі дзяржава слабая, і толькі.
Каму трэба стратнае прадпрыемства?
Вядома, новыя ўласнікі атрымаюць свабоду і будуць мець права ўсё рабіць па-свойму. Часам, каб павысіць эфектыўнасць, трэба будзе зрабіць інвестыцыі і звольніць непатрэбных працаўнікоў. Але нават у такім выпадку эфект для эканомікі будзе вышэйшы. “Свабода звальняць” у рэальнасці з’яўляецца тады, калі ўрад клапоціцца аб звольненых. І гэта найважнейшы фокус для будучых рэформаў, бо цяпер дзяржава неэфектыўна клапоціцца аб людзях, проста падтрымліваючы стратныя прадпрыемствы.
Лібералізацыі не трэба баяцца, тым больш у крызіс, тым больш у Беларусі.
Перспектывы беларускай эканомікі і досвед іншых краін
Дзве праблемы беларускай эканомікі:
1. Доўгатэрміновая стагнацыя – вынік лукашэнкаўскай эканомікі, якая была паспяховай як рэакцыя на 1990-ыя, але цяпер не дапамагае, а толькі цягне назад. Падтрыманне штучнай занятасці – з гэтай жа оперы.
2. Другая праблема – эканамічны крызіс 2020-га года, выкліканы спробай Лукашэнкі застацца пры ўладзе.
І пакуль што ўрад робіць усё, каб зацягнуць крызіс, а не вырашыць праблемы. Катастрофы ў беларускай эканоміцы яшчэ няма, але і нічога добрага таксама.
У плане дэрэгулявання можна ўлічваць той жа грузінскі досвед (Каха Бендукідзэ). Пры гэтым няма праблемы з захаваннем адначасова добрых адносінаў з Расіяй і значна большай адкрытасцю ў стасунках з Еўрасаюзам. Галоўнай прыкметай паспяховасці эканамічных рэформаў будзе вяртанне ў Беларусь бізнесаў і людзей, якія ўцяклі ад Лукашэнкі. Гэта будзе адчувальнай мерай поспеху яшчэ да таго, як эканамічныя рэформы дадуць якую-небудзь эканамічную аддачу.
Калі “прэзідэнт” выхваляецца тым, што ён выганяе бізнес, не разумеючы, што ён выганяе менавіта той бізнес, які забяспечваў эканамічны рост апошніх гадоў і за кошт якіх ён падтрымліваў занятасць на вялікіх дзяржпрадпрыемствах, – гэта вельмі дрэнна. Пры гэтым Лукашэнка ездзіць у Маскву ды Сочы, яму ўвесь час трэба больш грошай на сілавікоў, на субсідыяванне стратных прадпрыемстваў.
Да ўзроўню Венесуэлы і яе катастрофы, дзе 10 % насельніцтва ўжо з’ехала з краіны, яшчэ далёка, гуманітарнай катастрофы няма, але такімі дзеяннямі, дзе ўсім загадваюць некампетэнтныя сілавікі, можна дамагчыся больш сур’ёзнага крызісу.
З якіх рэформаў варта пачаць?
Лібералізацыя ў галіне знешняга гандлю – гэта паляпшэнне адносін з Еўрасаюзам і зняцце бар’ераў пры гандлі з Расіяй. У сферы гандлю дык увогуле не мае быць праблем для лібералізацыі і прыватызацыі.
Буйныя прадпрыемствы цяжэй прыватызаваць, таму, калі гэта адбываецца, то з атрыманых грошай неабходна стварыць фонд выплаты тым, хто можа пацярпець. Калі гаворым аб прыватызацыі, то важны не даход у першы момант, а тое, што гэта прадпрыемства будзе прыбытковым і будзе прыносіць вялікія грошы ў выглядзе падаткаў.
Для многіх стратных прадпрыемстваў найлепшы вынік прыватызацыі – гэта, магчыма, закрыццё. Але калі прадпрыемства стратнае і прыватны ўладальнік не можа зрабіць яго прыбытковым, то цяпер яго ўся краіна за кошт прамых падаткаў, ускосных, за кошт даўгоў будзе трымаць пры жыцці. Сітуацыя з закрыццём выглядае дрэнна, але гэта лепш, чым цяпер.
Звышмаштабнай прыватызацыі не будзе, таму яе і не трэба баяцца. Калі выставіць усе беларускія прадпрыемствы на продаж, то не факт, што іх усе рынуцца скупляць. Можа, хто-небудзь купіць будынак пад склад ці паркоўку, а можа нікому гэта і не будзе патрэбным. Тады неабходна будзе закрываць тое, што не прыдалося.
Я б безумоўна лібералізаваў банкаўскі сектар, але не факт, што гэта будзе добра, бо ёсць станоўчы досвед кіравання дзяржавай некалькімі буйнымі банкамі.
Праблемы ў эканоміцы прывядуць да перамогі рэвалюцыі?
Залежнасць ёсць, але такой заканамернасці, што з-за крызісу адразу адбываюцца рэвалюцыі, – няма. Гэта ўсяго толькі адзін з фактараў.
Калі дыктатар учапіўся за ўладу, то значная частка таго, што робіць апазіцыя, – эканамічна разбуральная. Але ж прычына такіх дзеянняў у тым, што чалавек па-добраму не сыходзіць.
Алігархі, эміграцыя і дыяспара
Тэма алігархаў не вельмі актуальная для Беларусі: тут не так шмат вялікіх прадпрыемстваў, асабліва ў сферы здабычы рэсурсаў. Заведама прыбытковых бізнесаў, занятых у сферы здабычы рэсурсаў, фактычна няма.
Страх перад знешнімі інвестарамі – гэта страх перад слабасцю ўласнага ўрада.
Дэмаграфічныя праблемы? Людзі з’едуць на заробкі ў Еўропу? Значыць вырастуць заробкі ў тых, хто застаўся!
Безумоўна, праца па вяртанні часткі людзей з эміграцыі – важная. Дыяспара – гэта сіла беларусаў. Пачаць варта з таго, каб перастаць гаварыць, што бізнес – гэта вораг. Неабходна ствараць разуменне таго, што бізнес – гэта тое, за кошт чаго жывуць грамадзяне. А калі лідар дапякае таму, што стварае дадатковую вартасць, то ўсё будзе толькі горш.
Адзін з недаацэненых урокаў – уяўленне аб тым, што ты выйдзеш на вуліцу, будзеш змагацца, далей “нашыя” перамогуць і ўсё запрацуе. Але жыццё паказвае, што гэта не так. Калі ты змагаўся за лепшую будучыню, і грамадскі лідар урэшце стаў прэзідэнтам, то ўсё роўна трэба працягваць змагацца. На мітынгі трэба будзе хадзіць столькі ж, як і раней, каб у краіне ўсё змянілася да лепшага.
Размову з экспертам вёў Алесь Аляхновіч
Фота: Intellinews