Персанальнае палітызаванае рашэнне замест выбараў
Прапановы “не душыць вальнадумства” ці кампліменты студэнцкаму самакіраванню гучаць толькі да таго, як абураныя студэнты пачынаюць змагацца за свае правы. Тады ўключаецца механізм запалохвання і рэпрэсій, студэнтаў выганяюць з ВНУ, а “ліберальны” міністр кажа: “Мы мусім быць больш агрэсіўнымі”.
Беларускія ўніверсітэты моцна ўбудаваныя ў дзяржаўную вертыкаль улады. Прычына таму – значная палітычная роля, якой надзяляе вышэйшую адукацыю кіраўніцтва краіны: выхаванне студэнтаў у прадзяржаўным рэчышчы. З-за гэтай лішняй палітызацыі кіраўніцтва беларускіх універсітэтаў не толькі ідзе на парушэнне акадэмічных вольнасцяў, але і часам непрыдатнае для выканання сваіх непасрэдных менеджарскіх функцый.
Напрыклад, сустрэцца са студэнтамі і паразмаўляць, каб спыніць эскалацыю канфлікту. Да гэтага, уласна, і заклікалі “Студэнты супраць” у снежні 2015-га, аднак тагачасны рэктар БДУ Сяргей Абламейка толькі зачыніў дзверы галоўнага корпуса і пратэст выліўся ў вулічную акцыю.
Нават іншыя беларускія рэктары ў прыватных размовах абураліся: што ж ты за рэктар, калі не можаш паразмаўляць са студэнтамі і супакоіць іх?
Прычына ў тым, што беларускіх рэктараў прызначае прэзідэнт (у прыватных ВНУ гэтак дырыжуе Мінадукацыі). Гэта падкрэслівае палітычную ўвагу, аднак не надае якасці адбору. Зразумець прычыны таго ці іншага прызначэння амаль немагчыма, асабліва калі кіраваць універсітэтам прыходзіць чалавек з іншага рэгіёна, які не мае да яго ніякага дачынення. А кандыдата, які колькі год працаваў ва ўніверсітэце на кіроўных пасадах, не зацвярджаюць у Адміністрацыі прэзідэнта без тлумачэнняў.
Уся гэтая валтузня адбываецца за закрытымі дзвярыма, без ніякай транспарэнтнасці для грамадскасці і супрацоўнікаў зацікаўленай ВНУ (якія вымушаны задавольвацца чуткамі).
Як кажуць дасведчаныя крыніцы, фінальнае рашэнне прэзідэнт можа прымаць наогул сам-насам, і тады пра сапраўдныя матывы і логіку не ведаюць нават найвышэйшыя чыноўнікі са сферы адукацыі.
Альтэрнатыва гэтаму – еўрапейская працэдура выбараў рэктара, якую Беларусь мусіць укараняць згодна з Дарожнай мапай Балонскага працэсу. У іх удзельнічае як акадэмічны персанал, гэтак і студэнты, а абраны рэктар нясе адказнасць перад імі за сваю палітыку.
Два гады таму дзяржава спрабавала ўкараніць эрзац такіх выбараў, з не вельмі дэмакратычным механізмам ды правам вета ў Мінадукацыі. Аднак, відаць, і гэткі механізм палічылі занадта ліберальным ды адклалі ў далёкую шуфляду.
Рынак адукацыі без рынкавых падыходаў
Як і ў любой вертыкальна падпарадкаваная сістэме менеджмент беларускай вышэйшай адукацыі не гнуткі. Бракуе рынкавага мыслення, пануе ручное кіраванне, а кіраўнічыя інструменты часам нагадваюць пра крэатыў 1990-х.
Напрыклад, у чыноўнікаў узнікла ідэя развіваць прафесійную адукацыю за кошт вышэйшай, бо яны звярнулі ўвагу на велічэзныя дысбалансы рынку працы. Праблема сапраўды ёсць, сістэма ПТВ ды каледжаў патрабуе перамен, пра якія казалі адмыслоўцы на праекце “Рэфорум”. Аднак замест рэфармавання прапануецца наўпрост прымусова скараціць набор у ВНУ ды дадаць месцаў для навучання ў каледжах (хоць там складана запоўніць нават існыя месцы).
Такі валюнтарызм можа прывесці хіба да пагаршэння сітуацыі з уцечкай мазгоў, а не матываваць моладзь атрымліваць прафесійную адукацыю.
Прыцягненне студэнтаў – вялікая задача для ўніверсітэтаў ва ўмовах беларускіх дэмаграфічных праблем. Аднак маркетынг працуе як за дзедам шведам: праводзяцца Дні адчыненых дзвярэй, часам нехта ездзіць у школы з прафарыентацыяй, у асобных выпадках выкарыстоўваецца вонкавая рэклама (асабліва што тычыцца дадатковай адукацыі і перападрыхтоўкі). Рэсурс сацсетак амаль не выкарыстоўваецца, хоць мэтавая аўдыторыя даўно бавіць час менавіта там.
Яшчэ больш дзіўная сітуацыя з рэкрутынгам замежных студэнтаў. Паколькі яны вязуць у Беларусь валюту, то на рэктараў ціснуць, каб яны ўсімі сродкамі заахвочвалі іншаземцаў да навучання ў Беларусі. Аднак партнёрскія стасункі з замежнымі ВНУ даюць абмежаваны эфект, а грошай на прафесійных рэкруцёраў бракуе. Таму беларускія ўніверсітэты выпрацавалі дзіўнае ноу-хау інтэрнацыяналізацыі.
Як паведамляюць крыніцы, прынамсі ў некаторых ВНУ Беларусі дзейнічае правіла “Прывядзі сябра і атрымай зніжку 10 %”.
Гэткім рэкруцёрам не трэба плаціць заробак, як і шукаць іх – працу зробяць самі замежныя студэнты. За дужкамі застаецца пытанне, на якія падставах удалым рэкруцёрам даюць зніжкі, якія мусяць размяркоўвацца адпаведна акадэмічным дасягненням. Так адукацыйныя стандарты падмяняюцца гаспадарчай дзейнасцю, пабудаванай па прынцыпе піраміды Маўродзі.
Адсутнасць аўтаноміі ўніверсітэтаў
Кутні камень Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, да якой Беларусь далучылася ў 2015 годзе, – аўтаномія ўніверсітэтаў. Яе сутнасць у тым, што ВНУ – гэта самадастатковая карпарацыя, якая займаецца вытворчасцю ведаў і не зносіць умяшальніцтва ўладаў. Нават дасюль жыве традыцыя сярэднявечных універсітэтаў, згодна з якой гарадская паліцыя не магла ўваходзіць на ўніверсітэцкую тэрыторыю як і ў кляштар.
Але галоўныя ў аўтаноміі не гэткія сімвалічныя крокі, а ідэі акадэмічнага самакіравання і фінансавай аўтаноміі. Гэта значыць, што ВНУ не толькі сама сабе абірае Сенат ды рэктара, але і мае выключны доступ да сваіх фінансаў (незалежна ад прысутнасці бюджэтнага фінансавання). У Беларусі ж Мінадукацыі пераразмяркоўвае прыбыткі ўніверсітэтаў.
Таму колькі не прыцягвай замежных студэнтаў ды проста “платнікаў” – няма ніякай гарантыі, што гэта палепшыць заробкі выкладчыкаў ці матэрыяльнае становішча аўдыторый ды інтэрнатаў.
У такіх умовах універсітэты не маюць належнай матывацыі працаваць над якасцю ды прывабнасцю адукацыі. Рэй вядзе асабістая ініцыятыва і амбітнасць, жаданне пэўных выкладчыкаў годна выглядаць перад студэнтамі і адчуваць за сваю працу гонар, а не сорам. Аднак без падмацавання празрыстымі стымуламі такія памкненні застаюцца несістэмнымі. Пэўныя крокі былі: так, апошняе дзесяцігоддзе ў беларускіх ВНУ масава ўкаранялі сістэму менеджмента якасці ISO 9001.
Аднак найбольш заўважны эфект гэтай актыўнасці – хіба што адпаведныя паперкі, якія паразвешвалі па кабінетах, як ганаровыя граматы ў рамачках.