• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Тры ідэі для ўзмацнення рэжыму і Беларусі

    Як улады могуць дапамагчы і сабе, і беларусам. 

    Рэжыму Лукашэнкі часта прапаноўваюць суіцыд: менш рэпрэсаваць, стаць ліберальнай эканомікай ды наагул дэмакратыяй. Гэтыя ідэі, натуральна, слаба натхняюць улады, паколькі не ўлічваюць іх жадання валадарыць.

    Але сістэма не заўсёды робіць тое, што хоча, а тое, што можа і павінна, зважаючы на абставіны. Гэта могуць быць і паслабленні рэпрэсіяў, але, магчыма, найлепшы прыклад – кіраванне Паўла Калаўра ў Нацбанку. І Пётр Пракаповіч, і Надзея Ермакова былі ментальна бліжэй да Аляксандра Лукашэнкі, чым Калаўр. Але ў цяжкую хвіліну сістэма абрала апошняга, бо той быў здольны прафесійна дапамагчы краіне.

    Выпадак старшыні Нацбанка дэманструе, як інтарэсы рэжыму і грамадства могуць супадаць. Уладам і жыхарам краіны трэба было ратавацца ад краху эканомікі. І насамрэч такіх сфераў вельмі шмат.  

    Вось тры рэчы, якія маглі б зрабіць улады на карысць усім.

    Інвеставаць у навуку

    За рэдкімі поспехамі ў ІТ-сферы хаваецца сумная праўда: Беларусь – гэта не краіна інавацый. Паводле памераў унутраных інвестыцыяў у навуку мы выглядаем найгорш за ўсіх суседзяў, якія самі далёка не сусветныя наватары.

     

    Vydatki
    Infogram

    Паміж развіццём навукі і эканамічным ростам існуе прамая сувязь, таму Беларусь павінна будзе болей інвеставаць у інавацыйнасць. Пры гэтым не варта сябе падманваць – без дзяржаўных выдаткаў поспеху не будзе. Прыватны сектар дынамічны і смелы, але ён проста не ў стане (беларускі прыватны сектар дык дакладна) укладваць грошы ў доўгатэрміновыя фундаментальныя рэчы.

    Урэшце інтэрнэт, GPS ці тачскрын узніклі дзякуючы перадусім дзяржаўным інвестыцыям, а не прыватным.

    Тут існуюць прынамсі дзве істотныя засцярогі. Па-першае, сістэма фінансавання навукі мусіць быць змененая, каб максімальна служыць інавацыям і супрацы з прадпрыемствамі, і каб “распілы” сталі немагчымымі. Па-другое, павінна пачаць развівацца ўся адукацыя. Калі настаўнікаў прымушаюць здаваць кал дзяцей, то інавацыйная краіна не атрымаецца.

    Перакваліфікоўваць людзей

    Ледзь не кожны чалавек, які сутыкаўся з наймам працаўнікоў, скажа, што ў беларускага рынку працы ёсць, мякка кажучы, недахопы. З аднаго боку, у нашай краіне досыць вялікае беспрацоўе сярод людзей з нізкімі кваліфікацыямі. З другога боку, многія кампаніі маюць цяжкасці, каб знайсці адпаведныя кадры нават на высокааплочвальныя пасады.  Абодва бакі вядуць да збяднення людзей і змяншэння колькасці занятых людзей у эканоміцы (хоць у апошнім выпадку значная роля і дэмаграфічных зменаў).

     

    Economy
    Infogram

    Рана ці позна гэта прывядзе да сацыяльнага выбуху (можа, нават тады, калі ўлады гэтага не будуць чакаць; тут дастаткова ўзгадаць пратэсты недармаедаў).

    Таму ўлады мусяць нарэшце пачаць перападрыхтоўваць людзей згодна з патрабаваннямі рынку працы.

    У амерыканскіх турмах (якія і не беларускія, але і не скандынаўскія) вязні становяцца праграмістамі. Можа, варта паўтарыць гэты досвед у “ІТ-краіне” прынамсі для звольненых працаўнікоў?

    Развіваць чыноўнікаў

    Гады кіравання Пятра Пракаповіча і Надзеі Ермаковай – гэта не толькі вынік іх ментальнага падабенства да Аляксандра Лукашэнкі. Проста кіраўніцтва краіны лепіць бюракратыю з таго, што ёсць.  

    Калі вы пабачыце калісьці групу дыпламатаў з усіх краінаў Сярэдняй Азіі, то вельмі праўдападобна, што лёгка распазнаеце, хто з іх паходзяць з Казахстана. Прадстаўнікі менавіта гэтай краіны будуць выглядаць больш прафесійна, размаўляць найлепш па-англійску, і наагул можна будзе падумаць, што гэта людзі з Захаду, а не нашыя хаўруснікі па Еўразійскім эканамічным саюзе.

     

    Governance
    Infogram

    Гэтак выяўляюцца вынікі казахскай стыпендыяльнай праграмы “Болашак” Нурсултана Назарбаева, па якой на Захадзе (перадусім у ЗША і Вялікай Брытаніі) адвучыліся больш за 12 тысяч чалавек. Усе яны маюць абавязак пазней адпрацаваць 5 гадоў у казахстанскіх дзяржаўных органах.

    Праграма “Болашак” і іншыя падобныя рэчы могуць лёгка дуплікавацца ў Беларусі і гэта не нясе ніякай пагрозы кіраванню Лукашэнкі. (Назарбаеў – гэта азіяцкі дыктатар, што куды страшней за “апошнюю дыктатуру Еўропы”. Разам з тым кіраўнік Казахстана ніякай праблемы ў фінансаванні замежнай адукацыі не бачыць). Да таго ж міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей скончыў адну з найлепшых дыпламатычных вучэльняў свету і беларускі рэжым ад гэтага толькі выйграў.

    Здрада ці перамога

    Канешне, гэты спіс суб’ектыўны і няпоўны. Але яго роля хутчэй у тым, каб паказаць, што рэжым можа ўмацоўвацца не толькі коштам грамадства, але дзеля грамадства.

    Рэжым толькі выйграе, калі эканоміка стане лепшай, рынак працы менш праблемным, а дзяржава лепш кіруемай.

    Хоць, безумоўна, для рэжыму будзе пэўны пабочны эфект – краіна стане больш сучаснай, таму яе палітычная сістэма будзе выглядаць усё больш адсталай. Але ўсё ж і яна таксама паволі змяняецца.

    ПаказацьСхаваць каментары