падтрымаць нас

Палітыка

Што трэба ведаць пра Далю Грыбаўскайце

Што трэба ведаць пра Далю Грыбаўскайце
11 траўня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце праўдападобна пераможа на выбарах і зноў узначаліць краіну.

Паводле свежых дадзеных даследчага цэнтру Baltijos tyrimaі, рэйтынг Далі Грыбаўскайце крыху знізіўся, хоць гэта наўрад ці перашкодзіць сённяшняму прэзідэнту перамагчы на выбарах. Паводле апытанкі, яе гатовыя падтрымаць 46,4 % усіх рэспандэнтаў і 57,3 % з тых, хто збіраецца прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

„Ідэя” сабрала некалькі фактаў пра жыццё жалезнай лэдзі Літвы, якая плануе пераабрацца на прэзідэнцкую пасаду ўжо ў гэтую нядзелю.

Камунуністычнае мінулае

Перад першаю выбарчаю кампаніяй Даля Грыбаўскайце пазіцыянавала сябе як беспартыйны кандытат, хоць да 1990 г. яна належала да Камуністычнай Партыі Літвы. Пасля выдатнага заканчэння палітэканоміі ў Ленінградскім універсітэце, яна выкладала ў Віленскай партыйнай вышэйшай школе.

У 1988 годзе ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС у Маскве Грыбаўскайце абараніла дысертацыю і атрымала ступень доктара навук па спецыяльнасці “палітычная эканоміка сацыялізму”. У 1990 годзе, калі Літва абвесціла сваю незалежнасць ад СССР, Даля не выйшла з камсамолу, а засталася ў КПСС.

Сем гадоў яе навучання ў Ленінградзе застаюцца ў таямніцы. Так, як і гісторыя яе бацькі, каторы паводле Грыбаўскайце працаваў у пажарнай ахове. Але афіцыйныя дакументы даводзяць крыху іншае. Бацька Палікарпас Грыбаўскас быў чырвоным партызанам, а потым працаваў у НКУС. Аднак, кім ён працаваў, дагэтуль невядома, таму што ягоная справа з НКУС складаецца з урыўкавых старонак і фактаў.

Хуткая кар’ера ў капіталізме

Ужо ў 1991 годзе Даля Грыбаўскайце працуе навуковым сакратаром у Інстытуце эканомікі пры Міністэрстве эканомікі Літвы. І гэта ў тыя часы, калі ў былых партыйных камуністаў не было магчымасці знайсці больш-менш годную працу. Аднак Даля сталася выключэннем і нават узначальвала Дэпартамент еўрапейскіх справаў Міністэрства міжнародных эканамічных адносін.

Пазней яе накіроўваюць у ЗША на стажыроўку ў Джорджтаўнскі універсітэт на 6 месяцаў у межах праграмы для кіраўнікоў. Гэтая стажыроўка дапамагла Далі пазбавіцца камуністычнага вобразу і вярнуцца ў краіну ўжо ў выглядзе паспяховага амерыканскага менеджара.

У 1996-1999 гг. Грыбаўскайце была надзвычайным міністрам у Амбасадзе Літвы ЗША, але па невядомых прычынах стала персонай нон-гранта ў Злучаных Штатах. Гэты факт не паўплываў на яе кар’ерны рост. Пасля вяртання яна займае пасаду віцэ-міністра фінансаў, а потым віцэ-міністра замежных спраў.

Пасля ўвахода Літвы ў 2004 годзе ў склад Еўрапейскага Звязу, яна дэлегаваная ў Еўракамісію на пасаду камісара па бюджэце і фінансавым планаванні. А праз год атрымала званне «Камісар года» за намаганні ў рэфармаванні бюджэту Еўразвязу.

Аднак працуючы ў Еўракамісіі Даля Грыбаўскайце не забывалася і пра Літву. Яна востра крытыкавала эканамічную палітыку тагачаснага літоўскага ўраду. Магчыма такая крытычная пазіцыя дапамагла ёй атрымаць ў 2008 годзе тытул “жанчыны году Літвы”.

Прэзідэнт ці еўракамісар?

2009 год быў для яе вырашальным у палітычнай кар’еры. Рашэнне аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах напэўна не было для сённяшняга прэзідэнта Літвы лёгкім. Гледзячы на ейную кар’еру ў Еўракамісіі, шмат хто верыў, што яна можа разлічваць на пасаду старшыні Еўракамісіі.

Аднак тады яна вырашыла спрабаваць, і ў першым туры атрымала перамогу ў выбарах. 69,05 % стаўся максімальным вынікам на выбарах у постсавецкай Літве.

У далекім 2009 годзе Даля Грыбаўскайце ўспрымалася літоўцамі з надзеяй на светлую будучыню. Яна ўзначаліла дзяржаву на піку фінансавага крызісу 2008-2009 гг., які вельмі ўдарыў па літоўцах. Шмат хто лічыў, што Даля дзякуючы працы ў Брусэлі і сяброўству з міжнароднымі арганізацыямі хутка знойдзе выйсце са складанай эканамічнай сітуацыі ў краіне.

У сваім выступе перад нацыяй ў 2011 годзе Грыбаўскайце абвесціла, што краіна справілася з крызісам нават лепей, чым некаторыя заходнія дзяржавы. Сапраўды, можна адзначыць пэўную стабілізацыю эканамічнай сітуацыі ў краіне, хоць на 2011 год прыходзіцца найбольшая хваля эміграцыі з Літвы працоўнай моладзі і павелічэнне запазычанасці дзяржавы ў стасунку да ВУП.

Падчас свайго прэзідэнцтва Даля Грыбаўскайце больш звяртала ўвагу не на ўнутраныя справы дзяржавы, а на знешнепалітычныя дачыненні. Яна сапраўды ставіла на развіццё Усходняга партнёрства, і асабліва на падпісанне Асацыяцыі Украіны з ЕЗ. Яно давала магчымасць адкрыцця новага 45-мільённага рынку для Еўропы і асабістую перамогу для літоўскага прэзідэнта.

Калі Грыбаўскайце разлічвала ўзначаліць Еўракамісію восенню 2014 года, то правальны саміт Усходняга партнёрства ў Вільні цалкам перакрэсліў такую магчымасць. Наступным fauxpa яе знешняй палітыкі былі дачыненні з Польшчаю, якія ў перыяд 2009-2012 значна пагоршыліся з прычыны прымусовай літуанізацыі польскай меншасці.

Нягледзячы на памылкі, Даля Грыбаўскайце мае вялікую падтрымку. 2015 год будзе для Літвы цяжкім выпрабаваннем, паколькі краіна плануе ўвесці ў абарот еўра. Сённяшні прэзідэнт не бачыць эканамічных перашкодаў для гэтага, а літоўцы давяраюць еўрапейскаму мінуламу Далі Грыбаўскайце.

Гэты давер і дае шанцы Далі Грыбаўскайце працягнуць сваю прэзідэнцкую кар’еру.