• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Што зрабіць, каб беларусы меней кралі

    За апошнія 10 гадоў колькасць крадзяжоў паменшылася амаль у 2,5 раза, але гэтае злачынства застаецца найбольш распаўсюджаным сярод беларусаў.

    У 2015-ым годзе было зарэгістравана 40 тыс. крадзяжоў, але толькі кожны чацвёрты злачынца быў затрыманы. Калі прыгледзецца да прысуджаных пакаранняў, то бачна, што беларусы амаль не крадуць у буйных памерах, а вось дробных прысабечванняў не бракуе.

    З 2,5 тыс. злодзеяў, пазбаўленых свабоды, толькі каля 200 былі пакараныя тэрмінам большым за тры гады.

    Поспехі мінскай міліцыі ў папярэджанні крадзяжоў маюць вынікі. Толькі з 2010-га па 2014-ты колькасць такіх злачынстваў удалося зменшыць больш чым у 2,5 раза. Аднак амаль кожны трэці крадзеж адбываецца ў абласным цэнтры. Як і ва ўсім свеце вялікія населеныя пункты застаюцца галоўным аперацыйным полем для злодзеяў. З гэтай прычыны ўвагу міліцыі трэба звяртаць на прэвенцыю крадзяжоў перадусім у вялікіх гарадах.

     

    Сярод краін СНД Беларусь робіць найбольшыя поспехі ў перадухіленні крадзяжоў. З усіх постсавецкіх краінаў толькі ў Расіі і Кыргызстане з года ў год крадуць меней. У суседняй Польшчы штогод рэгіструюць каля 200 тыс. крадзяжоў, ва Украіне на пару дзясяткаў тысяч болей, а ў Літве гэты від злачынстваў складае 78 % ад агульнай колькасці.

    Змены магчымыя толькі агульнымі намаганнямі

    Намаганні беларускай міліцыі выглядаюць нядрэнна ў параўнанні з іншымі краінамі, але ёсць яшчэ шмат рэчаў, якія трэба зрабіць.

    • Ствараць працоўныя месцы

    Страта працы ці цяжкасці ў яе пошуку нярэдка падштурхоўваюць людзей на скрайнія ўчынкі. Паводле генеральнай пракуратуры, раней судзімыя, беспрацоўныя і асобы, якія злоўжываюць алкаголем, маюць дачыненне да 50 % крадзяжоў. Практычная адсутнасць дапамогі па беспрацоўі, якая павінна дапамагаць чалавеку ў выніку страты працы, робіць гэтую катэгорыю грамадства яшчэ болей падатнай на крадзяжы.

    З гэтай прычыны падтрымка прыватнага бізнесу, стварэнне месцаў працы, павышэнне дапамогі хаця б да ўзроўню пражыткавага мінімуму падтрымаюць людзей у крызісных сітуацыях і адвядуць ад крайніх крокаў.

    • Павышаць раскрывальнасць

    Нішто так не разнявольвае злодзеяў як пачуццё беспакаранасці. Штогод у Беларусі раскрываецца 40 % крадзяжоў, а каля 20 тыс. злачынстваў застаюцца нераскрытымі. Гэта лепей, чым у суседзяў (у Польшчы, Расеі ці Украіне раскрываецца 25-35 % крадзяжоў), але ўсё ж палова злодзеяў застаецца непакаранай.

    Камеры відэаназірання і пошук злачынцаў па адбітках пальцаў могуць быць эфектыўнымі сродкамі.

    Дзякуючы распаўсюджанню сістэм бяспекі Нарвегія знізіла колькасць крадзяжоў з 240 да 156 тыс. за 10 гадоў.

    • Не даваць сябе абкрадаць

    Шмат беларусаў застаюцца абыякавымі да сваёй уласнай бяспекі. Паводле Генеральнай пракуратуры, 45 % кватэрных крадзяжоў адбываецца шляхам вольнага доступу. Напрыклад, беларусы працягваюць актыўна давяраць слабенькім замкам, тоненькім дзвярам і вокнам сваіх лецішчаў у выніку кожны пяты крадзеж адбываецца на дачных кааператывах. Пры гэтым ахвяры часта даведваюцца пра гэта праз некалькі тыдняў пасля самога факта.

    Устаноўка сігналізацыі і чуйнасць людзей застаюцца самымі эфектыўнымі спосабамі папярэджання такіх крадзяжоў.

    Беларуская традыцыя хавання сямейных зберажэнняў у шкарпэтках ці пад матрацам з’яўляецца яшчэ адной падставай для злодзеяў. У адрозненні ад грошай бытавую тэхніку цяжэй скрасці і прадаць. Таму змяншэнне колькасці наяўных грошай у дамах зменшыць злачынны імпэт у злодзеяў.

    Цяжка паверыць, што крадзяжы могуць знікнуць раз і назаўсёды. Аднак супольныя намаганні ўладаў, міліцыі і грамадзянаў могуць звужаць зоны дзеяння злодзеяў. Калі гэтых зонаў стане меней, то жыхары будуць адчуваць сябе бяспечней, а міліцыі будзе прасцей знаходзіць вінаватых.

    ПаказацьСхаваць каментары