падтрымаць нас

Грамадства

У Беларусі змяняюць цэнтралізаванае тэставанне. Ці выйграе ад гэтага адукацыя?

У Беларусі змяняюць цэнтралізаванае тэставанне. Ці выйграе ад гэтага  адукацыя?
Крытыка школьнага тэставання прывяла да змены кіраўніцтва ў адказным за гэта інстытуце, але новая сістэма можа быць яшчэ горшай і не вырашыць сутнасных праблемаў.

Рэформа цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) істотная не толькі для выпускнікоў школаў ды іх бацькоў яна мае глабальныя наступствы. Фармат адбору абітурыентаў на найбліжэйшыя чатыры гады вызначыць студэнцкі твар універсітэтаў Беларусі, а пазней і твар рынку працы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

Пакуль праглядаецца рызыка змяніць дрэнную сістэму на горшую, аднак галоўная праблема нават не ў гэтым.

Змены ў кіраўніцтве пасля дзяржаўнай крытыкі

За правядзенне ў Беларусі ЦТ адказвае Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ). Апошнія 15 год ім нязменна кіраваў Мікалай Фяськоў, стваральнік сістэмы ЦТ у яе сённяшнім выглядзе. Цяпер гэтую пасаду заняў Юрый Міксюк рэктар Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, а раней кіраўнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Міністэрстве адукацыі.

Са зменай асобы, адказнай за ЦТ, звязваюць і чаканні пераменаў. Для гэтага ёсць і больш сур’ёзныя падставы. Сумневы наконт эфектыўнасці ЦТ неаднаразова выказваў Аляксандр Лукашэнка, крытыкаваў праграму ЦТ і віцэ-прэм’ер Васіль Жарко.

А былы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў анансаваў планы перайсці ад ЦТ да чатырох нацыянальных шматэтапных іспытаў, сумяшчаючы выніковыя школьныя іспыты з уступнымі ў ВНУ. Незалежнасць мусяць кантраляваць запрошаныя настаўнікі з іншых школаў. Па складзе гэта мусяць быць тыя ж тэсты, але са “спецыяльнай часткай у выглядзе вуснага ці пісьмовага іспыта, і гэтую частку будзе праводзіць кожны ўніверсітэт у адпаведнасці са сваёй спецыфікай”.

 

Не ікона спыняе карупцыю

Выглядае, што змены ў форме кантролю ведаў школьных выпускнікоў непазбежныя.

Апошнія 15 год сістэму ЦТ не лаяў толькі лянівы, але як толькі перамены нарэшце пачаліся, то ў старога ладу знайшлося досыць шмат абаронцаў. Так, бадай, самы вядомы беларускі рэпетытар Яўген Лівянт назваў ЦТ “адзіным выпрабаваннем для школьнікаў, вынікі якога з’яўляюцца сапраўднымі і выклікаюць давер”, а былога кіраўніка РІКВ – “адзіным дзяржаўным дзеячам нашай сістэмы адукацыі”, якому падзякаваў і перад кім нават выбачыўся, “калі сваёй крытыкай у нечым перашкодзіў Вам”.

Зрэшты, не варта ствараць з ЦТ ікону, а з Фяськова – святога пакутніка. Але варта аналізаваць іх досвед.

Безумоўным моцным бокам ЦТ стала перамога над карупцыяй ды блатам на ўступных іспытах. Конкурс сертыфікатаў ЦТ не пакідае месца, каб “даць на лапу” альбо па-фамусаўску “паклапаціцца пра роднага чалавечка”. Таксама ЦТ спрыяе роўнасці, бо адныя і тыя ж тэсты здаюць усе абітурыенты па ўсёй краіне.

Чорная скрыня з супярэчлівымі задачамі

Вартасці значныя, аднак спіс прэтэнзій яшчэ даўжэйшы. Сістэма ЦТ цалкам непразрыстая: падчас уступнай кампаніі фактычна немагчыма праверыць, якія адказы абітурыента сістэма пазначыла як правільныя, а якія – не, і за які адказ колькі балаў налічылі. Адсотак памылак сістэмы пры распазнанні пазначэнняў асадкай у бланку ЦТ таксама невядомы. Зрэшты, існуюць вялікія сумневы, што па гуманітарных прадметах тэсты наогул могуць быць адэкватнай формай кантролю ведаў.

У тэсце па гісторыі Беларусі я асабіста адказваў на пытанне: “У якім годзе ў Гродне быў пабудаваны першы шматпавярховы дом?”.

З-за непразрыстасці сістэмы я дагэтуль не ведаю, правільна тады адказаў ці не. Аднак наколькі гэтыя веды набліжаюць абітурыента да разумення логікі беларускай гісторыі – пытанне рытарычнае.

Нягледзячы на цэнтралізацыю сістэмы і абмежаваную колькасць варыянтаў тэстаў для ўсёй краіны, той жа Яўген Лівянт штогод знаходзіў у тэстах некарэктна сфармуляваныя задачы. Прэтэнзіі да супярэчлівых альбо памылковых пытанняў былі і ў іншых педагогаў.

Аўральна скрыжаваць вужаку з вожыкам

Бяда ў тым, што з новай сістэмай можа быць яшчэ болей праблем. Яна рызыкуе спалучыць найгоршае з існых практык: фармалізм тэстаў плюс суб’ектыўнасць іспытаў.

Калі грунтавацца на публічных заявах Жураўкова, то першая частка нацыянальнага іспыта так ці інакш застанецца тэстам, што пакідае ў сіле ўсе прэтэнзіі. А вусны альбо пісьмовы іспыт ад кожнага ўніверсітэта індывідуальна дазволіць падправіць вынікі тэстаў для “сваіх”, забіваючы ўсю карысць ад непрадузятасці тэставання.

“Незалежнасць” іспытаў за 9 і 11 класы, забяспечаная тым, што іх будуць прымаць настаўнікі з іншых школ, – курам на смех. Нібыта калегі не здольныя дамовіцца і дапамагчы адно аднаму, тым болей, што сёння ты правяраеш маіх вучняў, а калі-небудзь заўтра, – я тваіх.

Паспешлівасць зменаў таксама выклікае засцярогу: іх абяцаюць то на 2019-2020, то на 2020-2021 навучальныя гады, а то і наўпрост наступным летам (як гэта ўжо адбылося з аўральным перапісваннем падручнікаў). Між тым школьнікам трэба рыхтавацца, і пажадана гэта рабіць не ў апошні момант.

Мусяць несці веды, а нясуць кал на аналіз

Як не змяняй форму кантролю, а веды ад гэтага лепшымі не стануць. Сярэдні бал ЦТ па Беларусі даўно афіцыйна не агучваюць, аднак віцэ-прэм’ер Жарко летам называў лічбу 4,7 бала (адпаведна 47 на шкале ЦТ).

То бок веды беларускіх абітурыентаў – крыху лепшыя за нездавальняючыя.

Незалежную аб’ектыўную адзнаку маглі б даць тэсты міжнароднай праграмы PISA, якія ацэньваюць адукацыйныя дасягненні вучняў і якасць сярэдняй адукацыі ў краіне. Беларусь запланавала далучыцца да сістэмы ў 2018 годзе, і як мінімум адно рэпетыцыйнае тэставанне ўжо прайшло, аднак яго вынікі невядомыя.

Як паведамляюць крыніцы, нефармальна тэсты PISA праводзілі ў беларускіх школах ужо некалькі разоў, але за вынікі надта сорамна, каб рабіць іх публічнымі.

Вытокі праблемы варта шукаць у нізкай якасці школьнай адукацыі, дрэннай кваліфікацыі выпускнікоў. Чыннікі тут – і якасць падручнікаў, і няпрофільная нагрузка настаўнікаў (ад папяровай цяганіны да збору кала вучняў). І зрэшты, выпускнікі педуніверсітэтаў часта з’яўляюцца бяздарнымі, бо калісьці паступілі ў гэтыя непрэстыжныя ВНУ з нізкімі баламі па сертыфікатах ЦТ.