Калі чарговы раз амерыканскі гігант купляе беларускі стартап, то ўзнікае ўражанне, што Беларусь сапраўды ператвараецца ў ІТ-краіну. Але насамрэч гэта не так. Хоць ІТ-сектар і будзе да 2020-га года прырастаць па 7 % на год (або 9,5 % пры прыняцці новага дэкрэта), з такімі тэмпамі чакаць структурных зменаў прыйдзецца яшчэ доўга.
Да 2020 Украіна стане галоўным ІТ-хабам рэгіёна
Да таго ж 2020-га ў суседняй Украіне ІТ-сектар падвоіцца і дасягне 200 тысяч працоўных месцаў. Таму Украіна і стане галоўным ІТ-хабам рэгіёна, бо там проста больш рук б’юць па клавіятуры.
Мы прааналізавалі свежую справаздачу EY (былы Ernst&Young) і выявілі дыспрапорцыі, якія нас хвалююць (так, будзе зноў пра рэгіёны).
На мапе бачны толькі Мінск
Пачнем з таго, што абсалютная большасць ІТ-шнікаў працуюць у Мінску. Калі на Магілёў, трэці па памеры горад краіны, прыпадае толькі 0,9 % усіх супрацоўнікаў ІТ-сферы – гэта правал рэгіянальнай палітыкі.
Прыкладам здаровага размеркавання кадраў можа быць Украіна: у Кіеве працуе каля 26 тысяч ІТ-спецыялістаў, у Харкаве – 22 тысячы, Львове – 15 тысяч, а Адэсе – 8 тысяч. Гэта адбылося шмат у чым дзякуючы вялікай колькасці рэгіянальных універсітэтаў.
Устойлівы бізнес можа ўзнікнуць толькі там, дзе ёсць неабходны чалавечы капітал. Мы ўжо пісалі, што рэгіёнам патрэбныя ўніверсітэты, але з ІТ-адукацыяй сітуацыя яшчэ больш складаная. Сталічныя ўніверсітэты выпускаюць амаль 80 % працаўнікоў ПВТ. Не дзіва, што ІТ-сектар настолькі цяжка фармуецца ў рэгіёнах.
Але трэба разумець, што ў найбліжэйшыя гады агульная колькасць выпускнікоў будзе змяншацца. Для таго, каб ІТ-рынак пераадолеў дэфіцыт кадраў і мог працягваць расці, трэба актыўней перакваліфікоўваць спецыялістаў. Буйныя ІТ-кампаніі выдатна гэта ўсведамляюць і пачынаюць адчыняць свае трэнінгавыя цэнтры. У 2016-ым у іх адвучылася больш як 4390 чалавек, з якіх потым уладкавалася каля 1390.
У рэгіёнах такія цэнтры таксама ўзнікаюць, хоць і павольна. Тут вылучылася Гродна, дзе ў 2016-ым годзе ПВТ адкрыў свой першы рэгіянальны філіял, а ў гэтым годзе і адукацыйны цэнтр.
На шляху да Беларусі 2.0
У сакавіку 2017-га сярэдні заробак у ІТ-індустрыі ў пяць разоў перавышаў заробак па краіне. Вось яно, шчасце! Але пры гэтым у ІТ працуе менш за 1 % ад усіх занятых у эканоміцы. (А ў самім ПВТ працуе крыху больш людзей за “Белтэлекам” з яго 25 тысяч супрацоўнікаў).
Сёння ў ІТ працуе менш за 1 % ад усіх занятых у эканоміцы
Калі ж мы сапраўды хочам, каб Беларусь ператварылася ў ІТ-краіну, то для гэтага неабходныя не толькі дадатковыя ільготы для ПВТ, але і сур’ёзная праца з адукацыйнымі ўстановамі. Такая экспансія ў рэгіёны можа даць праз некалькі гадоў неабходную свежую кроў для нашага ІТ-сектара.