падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Уся праўда пра перспектывы развіцця рэгіёнаў

Уся праўда пра перспектывы развіцця рэгіёнаў
Дырэктар фонду “Інтэракцыя” Іван Шчадранок шчыра распавядае пра прыгоды ўладаў, недзяржаўных арганізацый і Еўрапейскага Саюза на шляху да ўстойлівага развіцця.

Якая галоўная праблема рэгіёнаў?

Мінск, як і большасць іншых сталіц, высмоктвае з іншых частак краіны асноўныя рэсурсы, у тым ліку і самыя галоўныя для развіцця рэгіёнаў людскія. У выніку там крытычна не хапае прагрэсіўных людзей як і ўмоваў, каб яны заставаліся, маглі раскрываць свае таленты і здольнасці.

Для прыцягнення чалавечых рэсурсаў мала пабудаваць лядовы палац у райцэнтры. У нас мясцовыя ўлады працягваюць мысліць у парадыгме планавання на адзін год, калі галоўнае гэта выканаць устаноўкі, якія прыходзяць з аблвыканкамаў.

Каб комплексна прадумаць, як развіваць рэгіён, гэтым ніхто не займаецца.

На нацыянальным узроўні прымаюцца рашэнні, якія маглі б спрыяць развіццю бізнесу, дынамічнаму эканамічнаму росту. Але на раённым узроўні востра не хапае спецыялістаў, вопыту, адпрацаваных практык, каб гэтыя інавацыйныя рэчы развіваць.

Нашыя кіраўнікі выканкамаў цалкам адлюстроўваюць зрэз нашага грамадства.

Трэба разумець, пры ўсёй жорсткасці вертыкалі, нашыя мясцовыя ўлады маюць дастаткова паўнамоцтваў. У прынцыпе, старшыня выканкаму і яго каманда могуць прымаць любыя рашэнні, якія датычыць развіцця раёна. Але рызыкі ад рэалізацыі гэтых рашэнняў абмяжоўваюць іх ініцыятыву.

Каго ратаваць?

Я лічу, нам трэба зразумець: няма сэнсу цягнуць слабыя рэгіёны. У нас проста няма рэсурсаў, каб выратаваць кожную вёску, як гэта робяць у той жа Нарвегіі. Стварыць у кожным раёне кропку росту проста немагчыма.

Мне падаецца, што гэта ўтопія вера ў тое, што мы ўсіх выцягнем.

У кожнай вобласці будзе некалькі рэгіянальных цэнтраў, якія будуць з’яўляцца пунктамі прыцягнення бізнесу і чалавечага капіталу. Яны і будуць асноўнымі драйверамі. Для гэтых рэгіёнаў мае сэнс распрацоўваць адмысловыя стратэгіі развіцця, спецыялізацыі і механізмы прыцягвання рэсурсаў.

Іван Шчадранок
Іван Шчадранок

Варта абапірацца на рэгіянальныя цэнтры, дзе больш-менш хапае людскога капіталу. Толькі тады з’яўляецца шанец. І гэта тэндэнцыя бачная ўжо сёння: калі ўмоўна аб’яднаць Полацк і Наваполацк, то гэты цэнтр ужо сёння можна параўноўваць з Віцебскам, у тым ліку і паводле ўнёску ў ВУП вобласці.

Што не так з еўрапейскімі праектамі?

І нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця, і стратэгіі ўстойлівага развіцця абласцей распрацоўваліся пры падтрымцы ЕС і ПРААН, знешніх экспертаў. Цяпер яны пайшлі яшчэ ніжэй і рыхтуюць планы развіцця для раёнаў і гарадоў. І калі на распрацоўку нацыянальнай стратэгіі яшчэ хапіла інтэлектуальнага рэсурсу айчынных адмыслоўцаў, то на ніжэйшых узроўнях узніклі праблемы.

У нас банальна не хапае кампетэнцыяў, каб на нармальным еўрапейскім узроўні распрацаваць такія дакументы.

У выніку аблвыканкамы афіцыйна не прымаюць распрацаваных стратэгій рэгіянальнага развіцця ў якасці асноўнага стратэгічнага дакумента. Гэтыя дакументы распрацоўвалі некалькі гадоў, але яны так і засталіся на паперы. Атрымліваецца, еўрапейскія метады і падыходы ўткнуліся ў беларускі кантэкст.

Калі параўнаць стратэгію развіцця Латгальскага рэгіёна ў Латвіі са стратэгіяй развіцця Віцебскай вобласці, то ты зразумееш, што апошні гэта школьны рэферат.

Каб стварыць нармальную стратэгію, трэба спачатку навучыць людзей мысліць па-іншаму, паказаць ім інавацыйныя падыходы, якія трэба адаптаваць пад беларускае жыццё. І для гэтага патрэбны паступальны працэс, зусім не год-два, і не пяць. Можна арыентавацца на прыклад новых чальцоў ЕС у іх гэта заняло дзясяткі гадоў.

Вылучыць грошы, выканаць індыкатары і не глядзець на якасць фінальнага дакумента такі падыход не спрацуе.

Што чакае беларускія рэгіёны праз 10 гадоў?

  • Раёны пачнуць узбуйняцца, маленькія раёны будуць аб’ядноўваць.
  • Разрыў у якасці жыцця паміж раёнамі будзе павялічвацца. Жыццё застанецца толькі ў перспектыўных гарадах.
  • Выратуюцца тыя, хто пачне працаваць над сваймі моцнымі бакамі і на доўгатэрміновую перспектыву.