падтрымаць нас

Палітыка

Уладзіслаў Суркоў – суаўтар пуцінскіх шматхадовак

Уладзіслаў Суркоў – суаўтар пуцінскіх шматхадовак
Профіль адказнага за Украіну ў Крамлі.

Два тыдні таму Пётр Парашэнка абвінаваціў Уладзіслава Суркова ў кіраванні снайперскімі групамі на Майдане, якія расстралялі дзясяткі чалавек. У якасці доказаў Парашэнка спасылаўся на сведчанні байцоў “Альфа” і тэлефонныя размовы Януковіча з сілавымі структурамі. На заяву адрэагаваў сам Пуцін, назваўшы яе “поўнай лухтой”.

Уладзіслава Суркова даўно называюць куратарам праекта “Наваросія”, які займаецца пытаннямі па Украіне. Выпадкова ці не, але пасаду памочніка прэзідэнта Расіі Суркоў атрымаў роўна за два месяца да адмовы Януковіча падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС.

На пасадзе памочніка прэзідэнта Суркоў адказвае за вынікі геапалітычных інтэрвенцый Расіі, сярод якіх – Украіна з ЛНР і ДНР, Грузія з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Грузіяй Суркоў пачаў займацца яшчэ пры Мядзведзеву, Украіну ж яму перадалі толькі перад пачаткам “Майдана”, нібыта ведаючы наступствы.

Яшчэ ў дзень новага прызначэння расійскі “Forbes” напісаў, што асноўнай мэтай Суркова будзе не дапусціць збліжэння Украіны з ЕС і інтэграваць яе ў Еўразійскі саюз. Яшчэ адна функцыя – прапаганда прывабнасці “рускага свету” для ўкраінцаў. З апошнім праблем у Суркова нібыта не мела быць. Прафесійны піяршчык і паліттэхнолаг, выхадзец з “Юкаса”, які стаў аўтарам і стваральнікам “Адзінай Расіі”, не проста так атрымаў званне “шэрага кардынала Крамля” і “галоўнага лялькавода палітычнай сістэмы”.

Пратэжэ Хадаркоўскага

Свой шлях Уладзіслаў Суркоў пачаў з ахоўніка ў маладога Хадаркоўскага. Яны абодва былі маладымі і амбіцыйнымі. Толькі Хадаркоўскі ніколі гэтага не хаваў у адрозненні ад ціхага і сціплага Суркова, які быў творчым хлопцам, аматарам мастацтва і паэзіі. Праяўляў ён сябе бадай толькі падчас свецкіх гутарак з творчай інтэлігенцыяй таго часу. Але Хадаркоўскі адразу заўважыў патэнцыял свайго ахоўніка і праз пару месяцаў прызначыў яго кіраўніком піяр-аддзела.

KP_36048_004_07

Першая сталыя кантакты з Крамлём Суркоў займеў падчас працы адказным сакратаром назіральнага савета Грамадскага расійскага тэлебачання. На тэлебачанні ён адчуў смак маніпулявання грамадскай свядомасцю праз будаванне ідэалагічна правільных сюжэтаў і пасылаў. На гэтай пасадзе яго заўважыў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Валошын і запрасіў на працу ў Крэмль. У выніку Суркоў стаў доўгажыхаром Крамля, трапіўшы ў яго кабінеты яшчэ ў 1999-ым годзе.

Лялькавод палітычнай сістэмы

Найбольшую вядомасць Суркоў атрымаў як намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі спачатку Пуціна, пасля Мядзведзева. Суркоў забяспечваў прэзідэнтаў аналізам унутранай палітыкі краіны і яе федэратыўных ды міжнацыянальных адносін. Болей за тое, ён адказваў за ўзаемадзеянне прэзідэнта з парламентам, палітычнымі партыямі, грамадскімі і рэлігійнымі аб’яднаннямі. Усе яны праходзілі праз яго. Чалавек, якога амаль не было бачна, трымаў у руках усю палітычную сістэму.

Адметнай рысай Суркова сталася здольнасць ствараць патрэбныя для Пуціна кааліцыі нават з непрыяцеляў. Так пры ўдзеле Суркова Крэмль санкцыянаваў працэс аб’яднання ворагаў: партыі Пуціна “Адзінства” і партыі камуністаў Лужкова-Прымакова.

У кабінет Суркова выклікаліся дэпутаты перад важнымі для краіны галасаваннямі, дзе атрымлівалі адпаведныя “рэкамендацыі”. У 2000-ых дэпутат Ярмолін звярнуўся ў Канстытуцыйны суд і пракуратуру за тое, што Суркоў дазволіў сабе ў камплекце з “рэкамендацыямі” выдаць і пагрозы. Як вынік, Ярмолін быў выключаны з партыі, і з таго часу такіх гучных заяваў ніхто сабе не дазваляе.

Яшчэ адзін паказальны праект Суркова – “Нашы”. Першапачаткова мэтай моладзевага руху была “барацьба з фашызмам ва ўсіх яго праявах”. Пазней іх мэты трансфармаваліся ў захаванне суверэнітэту і цэласнасці Расіі. Адной з функцый стала супрацьстаянне патэнцыйнай “аранжавай рэвалюцыі” у Расіі. “Нашы” ладзілі летнікі, дзе вучылі моладзь самаабароне, нібы рыхтуючы іх да службы ў войску. Гэты праект атрымаў назву “Наша Армія”. Быў і праект “Нашы выбары”, які быў накіраваны на падрыхтоўку вулічных акцый у падтрымку ўладаў, але ён хутка праваліўся.

2Суркоў наведвае офіс “Нашых”

Ён разумее, што знішчае дэмакратыю

У Суркова атрымалася стварыць магутную цэнтрысцкую партыю і перафарматаваць Дзярждуму ў машыну для адабрэння рашэнняў выканаўчых уладаў. Ці хацеў ён разбурыць дэмакратыю? “Ён не ідыёт і разумее, што яны знішчылі свабоду слова. Ён ведае ЗША і разумее, якія перавагі дае дэмакратыя. Ён проста думае, што для Расіі больш правільны шлях – кіраваная дэмакратыя”, – кажа яго былы калега, начальнік па кампаніі “Юкас” Леанід Неўзлін.

Дарэчы, кіраваная ці “суверэнная дэмакратыя” – тэрміны, аўтарства якія прыпісваюць Суркову. Па словах Неўзліна, у Суркова “чагосьці не хапае ў базе, каб зразумець, што ёсць рэчы, якія рабіць нельга”. Напэўна, ён разумее, што робіць, бо і ён мае душэўныя пакуты, якія прасочваюцца ў творчасці. “Шэры кардынал Крамля” піша вершы пад псеўданімам. Адным з паказальных можна назваць верш, у якім журналісты пабачылі адсылку да Пуціна.

Мои братья – кто в дури, кто в коме,
мой бизнес – охота на мух.
Всегда в засаде, вежлив, но упорен,
мычу не в стаде и молчу не в хоре.
Ведут все двери, речи и причины
в мой красный терем в центре паутины.

Застаецца пытаннем наколькі сам Пуцін давярае Суркову. Той факт, што ў 2013-ым Пуцін з крытыкай зняў свайго ідэолага з пасады намесніка прэм’ера, можа сведчыць, што кіраўнік Расіі хацеў паказаць Суркову, хто ёсць хто. Але тое, што Суркоў цяпер куратар самых праблемных пытанняў Расіі, паказвае, што Пуцін цэніць яго. Удзел Суркова ў практычным кіраванні канфліктам ва Украіне і наяўнасць у яго руках усіх звестак і аналітычнай інфармацыі ставіць Пуціна ў залежны стан.

Хоць Суркоў нядаўна заявіў, што “ні ЛНР, ні ДНР Расіі непатрэбныя”, (за што Гіркін-Стралкоў звінаваціў яго ў здрадзе), ён наўрад ці пакіне Украіну ў спакоі, як і не дасць ёй стаць паўнавартаснай дзяржавай. Пакуль што Суркоў гэтую задачу выконвае. Але куды яго прывядуць сумесныя з Пуціным шматхадовачкі?