падтрымаць нас

Грамадства

Чаму шкодная настальгія па савецкай адукацыі

Чаму шкодная настальгія па савецкай адукацыі
Расказваем, на чым заснаваная сённяшняя мадэль беларускай адукацыі.


Пра тое, якой была адукацыя ў СССР, што яна мае агульнага з сучаснай беларускай адукацыяй і што вызначае вектар яе развіцця, можна было даведацца на нашай панэльнай дыскусіі, якая адбылася 24 красавіка ў межах спецыяльнага праекта “Зомбі-ідэі”.

Развеяць гэтыя міфы спрабавалі Уладзімір Мацкевіч (метадолаг, адзін з заснавальнікаў Лятучага ўніверсітэта), Уладзімір Дунаеў (адзін з заснавальнікаў і першы прарэктар ЕГУ) і Таццяна Сініца (дацэнт кафедры псіхалогіі БДУ).

Міф № 1. У СССР склалася асобная сістэма адукацыі – “савецкая”

Кажучы сцісла, “савецкай адукацыі” як асобнага паняцця не існуе – гэта міф. Была адукацыя ў СССР, якую, дарэчы, спрабавалі рэфармаваць восем разоў, аднак ні разу не давялі справу да канца. Не існуе і ніводнай скразной тэмы, якая б характарызавала “савецкую адукацыю”. Напрыклад, такая рыса, як бясплатнасць адукацыі, не заўсёды была характэрная для СССР (хоць пра гэта і рэдка ўспамінаюць, але ў прамежку з 1940-га да 1956-га года навучанне было платным і ў старшай школе, і ў ВНУ).

Часам “савецкая адукацыя” асацыюецца з абмежаваннем універсітэцкай аўтаноміі і акадэмічнай свабоды. Але і гэта не зусім дакладна. Прыклад універсітэцкай аўтаноміі ў Савецкай Беларусі – выбары рэктараў універсітэтаў. Дарэчы, беларусы лёгка адмовіліся ад гэтага права крыху пазней пасля распаду СССР, у 1996 годзе. Калі ж знік сам артыкул “Акадэмічная свабода і ўніверсітэцкая аўтаномія” з Закона аб адукацыі ў 2009 годзе, гэтаму не надалі асаблівага значэння.

Міф № 2. Адукацыя ў СССР была добрая

Калі крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці адукацыі ў СССР разглядаць поспех краіны, то ўсё выглядае не так адназначна.

У 1920-ыя гады была створаная ўнікальная сістэма адукацыі, якая мела вырашыць праблемы індустрыялізацыі і мусіла вывесці краіну на ўзровень індустрыяльна развітых краін. Гэта дасягалася за кошт высокай стандартызацыі адукацыі, калі чалавек, які пачаў адукацыю на Далёкім Усходзе, мог працягнуць яе ў Маскве. Такім чынам, універсальнасць адукацыі ў СССР адпавядала патрэбам індустрыяльнага грамадства.

У 1950-я гады на Захадзе загаварылі пра тое, што грамадства змяняецца, і ў хуткім часе там адбылося рэфармаванне сістэмы адукацыі, а ў СССР адукацыя заставалася на ўзроўні індустрыяльнага грамадства, без намёку на яго дыверсіфікацыю. Менавіта з пачатку 1960-х гадоў мінулага стагоддзя адукацыя ў СССР пачала адставаць ад сусветных патрабаванняў, а разам з ёю ў тыле аказалася і сама краіна.

У 1980-х гадах, калі загаварылі пра маштабнае рэфармаванне адукацыі ў СССР, стала відавочна, што ўсе перавагі “савецкай” адукацыі засталіся ў мінулым, а само ўяўленне, што “савецкая адукацыя найлепшая ў свеце” засталося выключна ідэалагічным штампам і элементам прапаганды.

Міф № 3. Толькі пры савецкай сістэме адукацыі маглі з’явіцца “зоркі” савецкай навукі

Пра “зорнасць” адукацыі ў СССР найлепш кажа статыстыка: ад перыяду царскай Расіі да постсавецкіх часоў краіна дала свету 25 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, у той час як ЗША – 314 (пры гэтым каля 80 % з іх нарадзіліся менавіта ў Амерыцы, а не імігравалі).

Палова ўсіх Нобелеўскіх лаўрэатаў у свеце – выпускнікі 14 ВНУ.

Да таго ж нельга забываць, што многія савецкія дасягненні 1950-х і 1960-х гадоў сталі вынікам адукацыі дасавецкіх часоў, ды і ў рамках адукацыі ў СССР існавала элітная адукацыя, не характэрная для СССР у цэлым.

Міф № 4. У СССР добра фінансавалася сістэма адукацыі

Адукацыйную палітыку можна разглядаць як баланс трох зменных: даступнасці, якасці і яе цаны (бюджэтных выдаткаў на яе). Унікальнасць беларускай адукацыі заключаецца ў міфалагізацыі савецкай спадчыны. Беларусь пазіцыянуе сябе спадкаемніцай “савецкай адукацыі”, пры тым, што гэта спадчына не мае ніякага дачынення да зместу савецкай адукацыі, хіба што да эканамічнай палітыкі ў галіне адукацыі.

У СССР выдаткі на адукацыю з 1950-х гадоў і да 1981 года скараціліся ў два разы адносна ВУП, а ў разліку на аднаго студэнта – у шэсць разоў.

Эканомія на адукацыі – палітыка СССР, якая засталася і ў Беларусі, але прымае зараз іншыя формы. Калі ў савецкіх ВНУ вучылася не больш за 15 % выпускнікоў школ, сёння ў Беларусі гэтая лічба дасягае амаль 90 %.

Каб захаваць якасць адукацыі, неабходна ўкладваць грашовыя рэсурсы. У Беларусі гэта пытанне вырашаюць за кошт павелічэння колькасці “платнікаў” сярод навучэнцаў ВНУ. У краіне месцаў у ВНУ больш, чым выпускнікоў школ: у 2010 годзе на 30 %, цяпер крыху менш.

Запыт на масавую адукацыю – гэта, канешне, запыт на сацыяльную роўнасць і пэўны ўзровень адукацыі з боку эканомікі, які нельга атрымаць па-за вышэйшай адукацыі. Аднак у Беларусі вышэйшая адукацыя стала таксама і спосабам прыцягнення грошай у казну.

У выніку студэнтаў становіцца больш, але якасць адукацыі пагаршаецца.

Міф № 5. Далучэнне да Балонскага працэсу палепшыць адукацыйную палітыку ў Беларусі

Беларусь – выключны выпадак. Краіну прынялі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі “пад сумленнае слова”, чакаючы, што яна выканае ўмовы Дарожнай карты.

На дадзены момант Дарожная карта не імплементаваная нават на чвэрць.

Нельга сказаць, што ў краіне зусім не рабіліся спробы паўплываць на сітуацыю, аднак яны мелі сумныя наступствы для ініцыятараў. Па меркаванні Уладзіміра Дунаева, тры міністры адукацыі Беларусі – Маскевіч, Жураўкоў і Тозік – паплаціліся кар’ерай у выніку свайго жадання правесці рэформы. На больш нізкім узроўні аматары рэформаў таксама мелі шмат клопатаў: у 2017 годзе Рэспубліканскі савет рэктараў ВНУ выступіў з крытыкай Міністэрства адукацыі, аднак акрамя звальнення сямі рэктараў, іншых змен не адбылося.

І ўсё ж хай і не так, як чакалася, але далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу прынясе свае змены, але не так хутка. Балонскі працэс мае на мэце гуманітарна-тэхналагічнымі сродкамі сфармаваць еўрапейскую ідэнтычнасць. Праз механізм стандартызацыі адукацыі і мабільнасць студэнтаў у межах Еўропы ствараецца новая гістарычная супольнасць людзей – еўрапейцы.