За апошнія дзесяць гадоў Еўрапейскі саюз пачаў вырабляць і спажываць у 50 разоў больш сонечнай энергіі, а ў 2018 годзе, як чакаецца, павялічыць вытворчасць яшчэ на траціну.
У бліжэйшыя 20 гадоў сонца можа стаць асноўнай крыніцай энергіі.
Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўсяго 30 сонечных дзён на год, краіна вырашыла ўзяць прыклад са сваіх еўрапейскіх калег. Цяпер сонечная энергетыка ў Беларусі ў трэндзе. За апошнія некалькі гадоў краіна павялічыла вытворчасць сонечнай энергіі ў 70 разоў, з 0,4 млн кВт⋅г у 2013 годзе да 28 млн кВт⋅г у 2016 годзе, не ўлічваючы сонечныя электрастанцыі, якія належаць прыватным кампаніям. Гэтай энергіі дастаткова для забеспячэння невялікага беларускага гарадка на працягу года.
Еўрапейскі саюз падтрымлівае пераход Беларусі да выкарыстання сонечнай энергіі. У рамках ініцыятывы EU4Energy, рэалізуецца некалькі праектаў, якія фінансуюцца ЕС. Яны дапамагаюць школам, дзіцячым садам і бальніцам пераходзіць на выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі.
Ініцыятыва EU4Energy накіравана на паляпшэнне энергазабеспячэння, павышэнне энергаэфектыўнасці і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства, уключаючы Беларусь. Такім чынам энергія становіцца таннейшай і больш даступнай для грамадзян, дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў.
Праект “Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі” працуе ў Гродзенскай вобласці ў рамках ініцыятывы EU4Energy на працягу апошніх трох гадоў. У рамках праекта на пляцоўцы першага ў Беларусі ветрапарку, які вырабляе электраэнергію і цяпло для раённай бальніцы, усталёўваюцца сонечныя панэлі. Навагрудская бальніца стане першай медыцынскай установай у вобласці, якая выкарыстоўвае сонечную энергію.
Энергія, вырабленая сонечнымі панэлямі плошчай 121 квадратны метр, будзе выкарыстоўвацца для нагрэву вады для радзільнага аддзялення на 25 месцаў і жаночай кансультацыі. Агульны кошт праекта складае 240 000 еўра, з якіх ЕС фінансуе 90%, Навагрудскі раённы савет – 10%.
У адрозненне ад школ і дзіцячых садкоў, бальніцы маюць патрэбу ў большай колькасці гарачай вады, якая павінна падавацца бесперапынна. Новая ўстаноўка забяспечыць палаты, якія будуць ацяпляцца пры дапамозе аднаўляльных крыніц энергіі, стабільнай падачай гарачай вады. Штомесяц бальніца зможа эканоміць на аплаце камунальных паслуг 8 000 еўра. Калі сонечнай энергіі будзе недастаткова, цяпло будуць выпрацоўваць дзве цеплавыя помпы.
Сонечная электрастанцыя пры бальніцы самая вялікая і найбольш магутная ў раёне. Устаноўка сонечных батарэй ў шэсць разоў больш эканамічная, чым проста ўстаноўка новых вокнаў.
Тамара Малуха, загадчыца радзільным аддзяленнем Навагрудскай раённай бальніцы, адзначыла: “Я рада, што гэты праект рэалізуецца ў нас. Аддзяленне будзе мець стабільнае бесперабойнае забеспячэнне гарачай вадой, нагрэтай з дапамогай сонечнай энергіі, пацыенты і дактары будуць знаходзіцца ў камфортных умовах, а бальніца зэканоміць на рахунках за электраэнергію”.
Ганна Ківач, будучая мама, пацыентка аддзялення: “Гэта выдатна, што бальніца клапоціцца аб нашым будучыні пакаленні і пераймае еўрапейскі досвед. Гэта матывуе мяне і маю сям’ю зберагаць энергію і ў сябе дома таксама”.
Пасля завяршэння праекта ў бальніцы плануюць усталяваць сонечныя батарэі для аўтаномнай выпрацоўкі электрычнасці, а таксама ўсталяваць энергазберагальныя шклопакеты. Дзякуючы гэтаму ўдасца зэканоміць грошы на рахунках за электрычнасць. Адміністрацыя бальніцы спадзяецца, што гэты праект стане прыкладам для іншых бальніц і паліклінік у краіне.
Гэта і іншыя мерапрыемствы, запланаваныя да рэалізацыі ў рамках праекта ЕС, маюць на мэце садзейнічаць мясцовым органам дзяржаўнага кіравання і мясцовым супольнасцям у развіцці назапашанага вопыту ў галіне ўкаранення аднаўляльных крыніц энергіі, што дапаможа знізіць нагрузку на экалагічную сітуацыю ў раёне. Праект таксама будзе аказваць дапамогу ў распрацоўцы Стратэгіі развіцця аднаўляльных крыніц энергіі на перыяд да 2020 года і Дарожнай карты для Навагрудскага раёна. Гэтыя дакументы дазволяць мясцовым органам дзяржаўнага кіравання планаваць новыя мерапрыемствы і падаваць заяўкі на фінансаванне з розных крыніц.
Праекты ў рамках ініцыятывы EU4Energy дапамагаюць пачаць выкарыстоўваць экалагічна чыстыя крыніцы энергіі таксама ўстановам адукацыі. Напрыклад, дзякуючы праекту “Энергаэфектыўнасць у школах” сонечныя батарэі, новыя вокны і ўцепленыя сцены і дахі з’явіліся ў чатырох беларускіх установах адукацыі.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы ЕС у межах праекта “Браслаў – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі” на даху дзіцячага садка ў Браславе былі ўсталяваныя сонечныя панэлі.
Пераход на экалагічна чыстыя крыніцы энергіі – тэма Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергетыкі ў гэтым годзе. Па ўсёй Еўропе пройдзе цэлы шэраг мерапрыемстваў. У тым ліку, пройдуць Дні энергіі, накіраваныя на папулярызацыю энергаэфектыўнасці і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Дні энергіі будуць арганізаваны па ўсёй Еўропе, уключаючы Беларусь. Вы можаце даведацца больш пра Еўрапейскі тыдзень устойлівай энергетыкі па спасылцы: http://eusew.eu