Праект “Новыя ідэі для Беларусі” пераваліў за экватар і на сёмую лекцыю мы запрасілі аднаго з лідараў SMM-рынку Беларусі – Аляксея Купрэева. Агенцтва Аляксея кіруе ў сацсетках суполкамі, агульная аўдыторыя якіх складае каля 2,5 млн. чалавек, таму калі вы сутыкаецеся ў сеціве з нейкай беларускай віруснай кампаніяй – хутчэй за ўсё гэта праца агенцтва Ufox.
Падчас выступу Аляксей засяродзіўся на канкрэтных парадах па прасоўванні бізнесу ў сацыяльных сетках, развеяўшы некалькі міфаў (у тым ліку і пра “школьную аўдыторыю” сацсеткі “УКантакце”).
3 000 000 супраць 300 000
“УКантакце” зарэгістравана каля 5 млн. беларускіх акаўнтаў, з іх унікальных карыстальнікаў – каля 3 млн. Для параўнання, у Facebook беларусы зарэгістравалі каля 900 тыс. акаўнтаў, але актыўных юзераў, якія жывуць у Беларусі, – усяго 300 тыс. Гэта каласальная розніца ў памерах аўдыторыі.
І для “УКантакце”, і для Facebook , і нават для “Аднакласнікаў” ядром (больш 30 % карыстальнікаў) з’яўляюцца людзі ва ўзроставай катэгорыі 25-34 гады. Уласна “школьнікаў” (да 18 гадоў) у “ВК” толькі 15 %. Пры гэтым аўдыторыя “УКантакце” кожны год сталее і кожны год туды прыходзіць больш карыстальнікаў, узрост якіх 45+.
Мабільная рэвалюцыя працягваецца
Яшчэ ў пачатку года ў сацсеткі з мабільнікаў заходзіла толькі каля 20 % карыстальнікаў. Цяпер гэта ўжо 43 % і лічба павялічваецца з кожным днём. Адпаведна ўсе старонкі будуць адаптавацца пад мабайл. Калі вы даяце рэкламу з вялікім прыгожым малюнкам, трэба правяраць, як выява будзе выглядаць на смартфоне – яна можа быць там маленькай і крывой.
91 % так ці інакш карыстаюцца мабільнікамі пры пакупках – шукаюць, глядзяць водгукі, абмяркоўваюць рэчы з сябрамі альбо ўласна купляюць.
Пры гэтым рабіць асобнае дастасаванне для смартфона не эфектыўна. Гэта модна, але гэта не працуе. Каб такім дастасаваннем карысталіся, патрэбная вялікая лаяльнасць да брэнду. Бо няма сэнсу сачыць за акцыямі адной кавярні, калі праз суполку ва “УКантакце” можна сачыць за акцыямі ва ўсім горадзе. Гэтак жа неэфектыўна гэта і для бізнесу – з дастасавання цяжэй атрымаць зваротную сувязь: што падабаецца карыстальнікам найбольш, чым яны хочуць падзяліцца і гэтак далей.
Ці магчымы В2В “УКантакце”?
Адзін з распаўсюджаных міфаў – сацыяльныя сеткі не пасуюць для працы з бізнесам. Агенцтва Ufox адмыслова стварыла суполку ва “УКантакце” для прыцягвання бізнес-кліентаў. Калі на халодных званках канверсія прыкладна складае 2 %, то у “УКантакце” – 30 %. Аднак цыкл адной здзелкі таксама значна даўжэйшы – ва ВК ён займае паўгода.
Гэта тлумачыцца тым, што традыцыйная варонка продажаў – дакладнае размеркаванне кліентаў па стадыях ад першага кантакту да закрыцця здзелкі – больш не існуе. Сёння мы маем справу з ланцужком сутыкненняў, калі неабходна выкарыстоўваць адпаведныя сістэмы рэмаркецінгу, каб адсочваць за ўсёй актыўнасцю карыстальніка: калі ён далучыўся да суполкі, калі пачаў спажываць ваш кантэнт і калі гатовы прымаць рашэнне.
Што цікавага зрабіць бізнесу?
1. Займіцеся брэнд-журналістыкай. Калі вы аўтамабільны дылер, то рабіць тэст-драйв новай машыны не варта, гэта ўжо нікому не цікава. Едзьце ў вёску, бярыце першага знойдзенага трактарыста і дайце яму праехацца. А пасля запішыце водгук на iPhone.
2. Пачніце публікаваць карпаратыўны кантэнт. Часцей паказвайце офіс, працаўнікоў, рабіце пасты пра тое, як вы працуеце. Гэта не толькі павышае імідж, але і стварае давер да самой кампаніі. Сённяшняму пакаленню, якое даведваецца пра ўсё з сацыяльных сетах, гэта істотна.
3. Наладжвайце інтэграваную камунікацыю. Важна выцягваць карыстальнікаў з анлайна ў афлайн і наадварот. Добры прыклад – Velcom. У Velocity кампанія раздавала ўдзельнікам трэкавыя нумары і бранзалеты – усё адсочвалася і выкладвалася ў сацыяльныя сеткі. Гэтак і ў іх апошняй акцыі “Velcom бягом”: ты прабягаеш марафон, посціш свае вынікі ў сацыялках і за кожны кіламетр дабрачынны фонд атрымлівае грошы.
Ужо найбліжэйшым часам нас чакаюць дзве лекцыі, якія нельга прапускаць. Чаму ў Беларусь так марудна ідуць інвестыцыі, прапаноўваем абмеркаваць 7-га жніўня, а як насімыя дэвайсы зменяць нашае жыццё – 13 жніўня.