Па выніках экспертных размоваў мы папрасілі прадстаўнікоў з кожнай галіны глыбей разглядзець змены, што адбыліся. У гэтым артыкуле журналіст Глеб Ляпейка разважае пра лёс беларускіх незалежных СМІ ва ўмовах рэпрэсій, эміграцыі і дзяржаўнага кантролю.
Спачатку пра пазітыў
2023 год стаў шмат у чым трансфармацыйным для беларускай інфармацыйнай сферы. Пасля масавых рэпрэсій, эміграцыі, закручвання гаек, блакіроўкі сайтаў і прызнання СМІ “экстрэмісцкімі” гэты год атрымаўся асаблівым.
Па-першае, незалежныя медыя пачалі думаць тэрмінамі на некалькі гадоў наперад замест базавых спробаў выжыць у сітуацыі. Яны канчаткова адаптаваліся да жыцця ў іншых краінах і плануюць свае фінансы далей, чым на 3-6-9 месяцаў наперад.
Па-другое, спробы тэхнічна абмежаваць доступ да незалежных крыніц інфармацыі сталі непаспяховымі — СМІ валодаюць якаснымі люстэркамі, а на блакіроўкі сацсетак беларускі рэжым не вырашыўся. Хаця размова тут толькі пра пасіўнае чытанне, бо як-небудзь узаемадзейнічаць з журналістамі людзям цяпер максімальна небяспечна.
Па-трэцяе, незалежныя журналісты даволі аб’яднаныя ў бачанні агульнай стратэгіі выжывання і працы ў гэтай сітуацыі, і, нягледзячы на рэгулярныя спрэчкі «у кулуарах», падтрымліваюць адзін аднаго.
Аднак негатыву ўсё ж больш
Негатыўныя бакі сітуацыі ў інфармацыйнай сферы ўсё ж такі перавешваюць пазітыўныя. Пачнем хаця бы з таго, што дэ-факта ўлады Беларусі займаюцца «канчатковым рашэннем журналісцкага пытання» — сілавікі затрымліваюць рэгіянальных журналістаў, а невялікія выданні нават у стылі групы ў VK цяпер забіраюць пад дзяржСМІ. Асабліва ярка гэта бачна на прыкладзе Мінскай вобласці, дзе “Мінская праўда” пераўтвараецца ў манапаліста.
Іншай праблемай, якая толькі працягвала нарастаць у 2023 годзе, стала адчуванне, што незалежныя СМІ губляюць сувязь з людзьмі ў краіне. І хаця бачныя спробы выправіць сітуацыю праз стварэнне больш забаўляльнага, ненавіновага кантэнту ды больш актыўную працу з TikTok, пазітыўных вынікаў пакуль няма.
Таксама сапраўды новай праблемай, якая развілася толькі ў 2023-м, стала з’яўленне “квазі-нейтральных” СМІ (Точка.бай, Смартпресс) , якія падаюць сябе ў якасці непалітызаваных выданняў. Яны могуць забіраць на сябе аўдыторыю, якая стамілася ад “дрэнных” навінаў (напрыклад, пра рэпрэсіі). Хто за імі стаіць, у большасці выпадкаў невядома, але яны, на жаль, не дапамагаюць спажыванню якаснай інфармацыі ў беларусаў і беларусак. Нярэдка ў такіх выданнях сустракаюцца навіны ў тым ліку і пра Лукашэнка, перадрукаваныя з дзяржСМІ, з адной толькі розніцай, што не маюць моцных эмацыйных эпітэтаў, якія ўласцівы прапагандыстам.
Акрамя таго, сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што давер і спажыванне дзяржСМІ застаюцца на адносна высокіх узроўнях. Нельга казаць пра дамінацыю ці ўпэўненую перамогу, але гэта можа стаць пачаткам трэнду — больш упэўнена пра гэта можна будзе казаць у 2024 годзе.
Асобным пунктам варта адзначыць трэнд, які я не магу аднесці ні да плюсаў, ні да мінусаў: людзі ўсё актыўней сыходзяць у чытанне лакальных крыніц інфармацыі. І нават нягледзячы на рэпрэсіі да рэгіянальных СМІ, такія праекты працягваюць існаваць і карыстацца попытам. У дзяржаўных медыя лакальныя праекты ўсё яшчэ застаюцца слабым бокам, бо агульнадзяржаўная навінавая павестка рана ці позна пачынае дамінаваць, і тады людзі сыходзяць з такіх крыніц.
Высновы
Індэкс Рэзіліентнасці адлюстраваў, што глабальна сітуацыя ў інфармацыйная сферы змянілася мала: Незалежнай журналістыкі ўнутры краіны амаль не існуе і ўмоваў для яе існавання тым больш, дзяржСМІ манапалізуюць усю сферу, а дзяржава надае ім усё большую фінансавую падтрымку.
Я цалкам пагаджаюся з высновамі Індэкса. Сапраўды, адзінае, што ў ім атрымала добрыя адзнакі, — гэта кошт інтэрнэта і яго хуткасць. З гэтым праблемы ў Беларусі няма. А ў дадатак да тэхнічных магчымасцяў па абыходу блакіровак і хавання дадзеных пра сваю дзейнасць у інтэрнэце кантроль дзяржавы можна даволі лёгка абыходзіць, але трэба мець хаця бы некаторыя тэхнічныя навыкі.
Усе астатнія параметры Індэкса, датычныя інфармацыйнай сферы, знаходзяцца ў жахлівым становішчы. Ні пра якую незалежнасць інфармацыйнай палітыкі, інклюзіўнасць тэм і выданняў, ды стандарты журналісткай этыкі размова больш не ідзе. А пазітыўныя трэнды ў сферы медыя на 2024 год можна пералічыць па пальцах адной рукі.
Фота: Віялета Саўчыц