падтрымаць нас

Артыкулы

Што злучае «беларускі раскол» і «бульбаср*чы»?

Што злучае «беларускі раскол» і «бульбаср*чы»?

Чаму эксперты задаюцца пытаннямі пра грамадзянскую вайну? Чаму беларусы спрачаюцца «за дранікі»? І як гэта звязана з дэмакратыяй? На конт гэтых пытанняў разважае Генадзь Коршунаў.

Этот материал выходит в рамках рассылки «Что думают беларусы». Подписывайтесь.

Апошім часам практычна пасля кожнай хвалі даследаванняў Chatham House я назіраю, як некаторыя нашыя эксперты з настойлівасцю ўсё ўздымаюць і ўздымаюць праблему «магутнага» расколу ў беларускім грамадстве. Расколу, які, па іх меркаваннях, ставіць беларусаў на мяжу грамадзянскай вайны. Прынамсі, некаторыя лічаць, што грамадзянская вайна ў нас ідзе даўно. Праўда, у «халодным» фармаце.

Я ўжо пісаў, але паўтаруся – няма падставаў шукаць будзь якую базу для «трагічнага» падзелу беларускага грамадства. Бо такой базы проста няма. Тлумачу проста па пунктах:

  1. Колькасць упэўненых прыхільнікаў рэжыму складае 10-15%. Астатнія 10-15% – гэта сітуатыўныя спадарожнікі ўладаў.
  2. Прыхільнікі рэжыму / ўлады – безыдэйныя і дэматываваныя. Яны няздольныя нідачога самастойнага, час гэта паказаў. 
  3. Нават па загаду яны няздатныя да актыўных дзеянняў. Ні да мітынгаў, на якія іх нават за грошы толкам сабраць ні маглі, ні да супрацьстаяння, да якога заклікаў хейтспіч прапаганды.
  4. Так званыя «нейтралы» наўпрост паза межамі гэтага супрацьстаяння.
  5. Супраціўнікаў улады сама мала ў два разы болей – ад 30 да 60%, гледзячы па ступені схільнасці да пратэстных дзеяў.
  6. «Пратэстоўцы» здольныя самаарганізавацца і вырашаць пытанні практычна любога ўзроўню – ад двара да краіны.
  7. Пратэстная частка грамадства ня будзе ваяваць з ябацькамі проста зыходзячы са сваіх каштоўнасных установак.

Дык вось, зараз я свядома выношу за дужкі розных лаяльных рэжыму сілавікоў і пытаюся – хто і з кім у межах беларускага грамадства будзе ваяваць? Чым? Дзе? Няма адказаў на гэтыя пытанні. І не будзе.

І вось у сувязі з гэтым я шчыра не разумею, у чым сэнс пошуку дэмаркацыйных і супрацьпастаўляльных пазіцый сярод сваіх… Так, усё роўна «сваіх», з якога боку мы б не былі адносна тых ці іншых «ліній» расколу.

Навошта мы шукаем і вырабляем нейкія штучныя, артэфактныя крытэрыі ўнутранай адрознасці: глыбоцкая ці рагачоўская згушчонка, дранікі з мукой ці без яе, Мір ці Нясвіж і гэтак далей… Чаму, выбачаюся, «бульбасрач» стаў неабходнай часткай беларускага наратыву? Дзеля чаго вось гэтыя заўсёдныя спрэчкі па любому пытанню: 

  • ці можа спраўны беларус размаўляць рускай мове, а не на беларускай?
  • ці можа спраўны беларус пісаць наркамаўкай, а не тарашкевіцай?
  • ці можа спраўны беларус пісаць кірыліцай, а не лацініцай?

Ці вось яшчэ пытанні:

  • як мусіць спраўны беларус ставіцца да гасцей з Іраку ці Сірыі на беларуска-польскай мяжы?
  • што мусіць рабіць спраўны беларус – з’язжаць за мяжу ці заставацца ў Беларусі?
  • дык ці тапіць спраўнаму беларусу за калектыўны сорам / адказнасць за дзеянні «сваёй» улады ці не тапіць?

Мяркую, спіс можна лёгка працягнуць.

Але навошта? Навошта ламаць тую еднасць, якую намацалі і якой захапляліся падчас рэвалюцыі? Навошта ляпіць платы і агароджы, калі трэба бурыць муры? Навошта драбіцца, калі добрых людзей – большасць? 

У мяне ёсць гіпотэза. Мы пераважна навучыліся думаць. Вучымся браць адказнасць на сябе. Але пакуль не ўмеем размаўляць. Не хапае звычкі паважаць іншага – іншую думку, іншае меркаванне, іншую пазіцыю. 

Пакуль не магу зразумець, чаму так адбываецца. Пакуль магу толькі пытанні сабе задаваць. Кшталту вось такіх: ці варты павагі той, хто не паважае іншага? Ці можа той, хто не паважае іншых, сапраўды паважаць сябе? Як чалавек, які не паважае іншых, можа паважаць свой народ? Як мы збіраемся будаваць дэмакратычную краіну, калі не паважаем іншыя меркаванні? 

Адказаў пакуль няма. Але я бачу, што добрая частка беларусаў робяць значныя высілкі, каб знайсці адказы калі не на менавіта гэтыя, то на вельмі падобныя пытанні.

І гэта дорыць надзею, што будзе ў нас павага – і ў адзін да аднога, і ў саміх да сябе, і ў сусвету да нас.

Трэба толькі шукаць адказы і рабіць справы, а не сварыцца ды шукаць вінаватых.

Фота: Павел Крычко