падтрымаць нас

Артыкулы

Лукашэнка сышоў, Расія настроена варожа — што дапаможа эканоміцы Беларусі справіцца? 

Лукашэнка сышоў, Расія настроена варожа — што дапаможа эканоміцы Беларусі справіцца? 

Пры сённяшняй уладзе беларуская эканоміка наўрад ці будзе расці, а шанцы для рэформаў з’явяцца толькі пасля сыходу Лукашэнкі.

Аднак гэтае акно магчымасцяў таксама не будзе вялікім, таму сёння трэба грунтоўна падрыхтавацца да таго, каб паспець у будучыні правесці ўсе рэформы, якія зробяць беларускую эканоміку паспяховай. Гэты матэрыял працягвае цыкл «Чарнавік беларускіх рэформаў». У межах праекта эксперты і практыкі Цэнтра новых ідэй каротка расказваюць, як маглі б выглядаць ключавыя рэформы ў нашай краіне.

Паводле апошняга прагнозу МВФ, у найбліжэйшыя шэсць гадоў толькі тры краіны ва ўсім свеце будуць развівацца павольней за Беларусь. З улікам унутрыпалітычнага крызісу, эканамічных санкцый, страты ўкраінскага рынку, абвостраных дэмаграфічных праблем і павялічанай залежнасці ад расейскай эканомікі, якая дэградуе, перспектывы эканамічнага росту ў нашай краіне застаюцца аднымі з найгоршых у свеце.

Але стагнацыя пачалася значна раней — у 2010-ых рост беларускай эканомікі запаволіўся амаль да нуля. Яшчэ ў апошнім перад пандэміяй прагнозе ў кастрычніку 2019-га года МВФ чакаў, што сярэднегадавы рост эканомікі Беларусі ў 2020−2024 гг. складзе 0,0%. Гэта быў найгоршы прагноз сярод усіх еўрапейскіх краін.

Лукашэнка сышоў, Расія настроена варожа — што дапаможа эканоміцы Беларусі справіцца? 

Без радыкальных эканамічных рэформаў Беларусь чакае стагнацыя і далейшае адставанне ад больш развітых краін рэгіёна. Аднак пакуль улада знаходзіцца ў руках рэжыму, чакаць пераменаў не даводзіцца. Толькі дэмакратычныя выбары дадуць магчымасць рэфармаваць палітычную сістэму і вярнуць давер грамадзян да дзяржаўных інстытутаў. А гэта ўжо створыць умовы для эканамічнай трансфармацыі.

Да чаго рыхтавацца

Невядома, у якіх умовах будзе беларуская эканоміка ў перыяд змены ўлады і якім будзе геапалітычны расклад у рэгіёне, у прыватнасці сітуацыя ў Расеі. Тым не менш, варта ўжо рыхтаваць шляхі выхаду з крызісу. Каб разважанні не былі зусім абстрактнымі, я прапаную рыхтавацца да горшага, гэта значыць да вельмі дрэннага стану эканомікі на момант сыходу Лукашэнкі і варожага стаўлення Расеі да дэмакратычных і эканамічных рэформ у Беларусі.

Таму калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў, будзе трэба дзейнічаць хутка. Неабходна будзе паспець правесці крытычную масу рэформ да таго, як у краіне ўзмацніцца антырэфарматарскае лобі — папулісты, прадстаўнікі папярэдняга недэмакратычнага рэжыму, прарасейскія сілы. Напачатку ў рэфарматараў будзе шырокі крэдыт даверу, заручыўшыся якім, яны нарэшце змогуць правесці доўгачаканыя эканамічныя змены.

Яны павінны стаць вынікам інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу, які немагчымы без свабодных выбараў. Яны павінны адлюстроўваць каштоўнасці і памкненні грамадства. Апытанні сведчаць, што беларусы разглядаюць прыватны сектар і прадпрымальніцтва як крыніцы эканамічнага росту, а ролю дзяржавы перш за ўсё як дастаўцы грамадскіх паслуг, такіх як ахова здароўя і адукацыя.

Новым уладам будзе важна данесці да грамадства бачанне рэформаў, іх час і паслядоўнасць, карысці і кошты, шанцы і праблемы. Невыкананне гэтага было адной з галоўных памылак шмат каго з рэфарматараў.

Выклік для эканамічнай трансфармацыі заключаецца ў тым, каб пазбегнуць сацыяльных праблем. Узнікне патрэба фінансава падтрымаць людзей, непасрэдна закранутых зменамі. Напрыклад, рэструктурызацыя стратных дзяржаўных прадпрыемстваў прывядзе да скарачэння занятасці. Людзі, якія ў выніку гэтых працэсаў страцяць працу, мусяць пэўны час атрымліваць годны даход з боку дзяржавы і мусяць мець магчымасці для самарэалізацыі ў выглядзе стварэння ўласнага бізнесу ці пошуку іншай працы. Важна, каб людзі разумелі, што ўлады праводзяць рэформы не дзеля ўласнага ўзбагачэння, а дзеля таго, каб беларусам жылося лепш.

Эканамічныя рэформы маюць больш шанцаў на поспех, калі адначасова рэфармаваць і іншыя сферы, сярод іншых сістэму адукацыі і судовую сістэму. Апошняя галіна істотная для абароны асноў рынкавай эканомікі: правоў чалавека, правоў уласнасці і выканання кантрактаў.

Увогуле, беларускі досвед эканамічнай трансфармацыі павінен быць больш гладкім у параўнанні з пачаткам 1990-ых. Беларусь — больш адсталая ў рэформах, але можа вучыцца на памылках іншых краінаў і пераймаць лепшыя практыкі. Адна з найважнейшых задач — рэформа дзяржаўнага сектара. А яго доля ў эканоміцы Беларусі ўдвая меншая, чым тры дзесяцігоддзі таму, што робіць рэформу дзяржаўнага сектара лягчэйшай. Нарэшце, у прыватным сектары, на долю якога прыпадае амаль 50% занятасці ў краіне, дамінуюць адносна здаровыя фірмы, якія маглі б спрыяць рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Як аднавіць эканоміку

Па-першае, змена рэжыму на дэмакратычны лад адкрые шлях да хуткага эканамічнага росту. Як толькі Беларусь пачне працэс дэмакратызацыі, санкцыі супраць яе будуць хутка замарожаныя, а потым і цалкам адмененыя, бо знікне прычына парушэння правоў чалавека ў Беларусі і міжнароднага парадку. У краіне ізноў пачне развівацца беларускі прыватны бізнес, вернуцца ранейшыя і прыйдуць новыя замежныя інвестары.

Па-другое, патрэбна правесці інстытуцыйныя рэформы. Іх апісанне апублікаваў у 2021-ым годзе Chatham House. Гэты дакумент прайшоў абмеркаванне сярод больш як 25 беларускіх і замежных эканамістаў. Ён абапіраўся на бачанне інстытуцыйных асноваў беларускай эканомікі, якое было апублікавана яшчэ ў кастрычніку 2020-га года ў адкрытым лісце. Яго падпісалі больш за 60 беларускіх і замежных эканамістаў, вядомых спецыялістаў, якія гатовыя дапамагаць сваімі ведамі дэмакратычна абранай уладзе ў Беларусі. Рэформы ў асобных сферах або галінах эканомікі Беларусі прапісаныя больш падрабязна на сайце Банка ідэяў (напрыклад, рэструктурызацыя і прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў, рынак працы, сямейная палітыка, сацыяльная палітыка, зялёная эканоміка, падатковая палітыка, пенсійная рэформа).

У прыватнасці патрэбна:

  • абмежаваць ролю дзяржавы ў эканоміцы — яна павінна ў першую чаргу стаць гарантам развіцця інстытутаў і сацыяльнай інфраструктуры;
  • стварыць роўныя і спрыяльныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці, памеру і віду дзейнасці;
  • павысіць эфектыўнасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі (праз змену стымулаў, раздзяленне функцыяў дзяржавы як уласніка і рэгулятара), правесці іх аўдыт і прыватызацыю большай іх часткі;
  • павысіць эфектыўнасць сістэмы сацыяльнай абароны — замест падтрымкі стратных калгасаў і прамысловых прадпрыемстваў лепш скіраваць рэсурсы на адрасную дапамогу;
  • павысіць эфектыўнасць і празрыстасць рынку працы, абараніць правы працоўных (праз развіццё незалежных прафсаюзаў і адыход ад кантрактнай сістэмы);
  • ачысціць банкаўскі сектар ад дрэнных крэдытаў, перадусім для дзяржпрадпрыемстваў, і развіваць фінансавы рынак;
  • інвеставаць у лічбавую інфраструктуру (e-government) для павышэння празрыстасці сістэмы дзяржкіравання і эканамічных адносін паміж грамадзянамі і дзяржавай;
  • павысіць канкурэнтаздольнасць і інавацыйнасць эканомікі праз развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне экасістэмы развіцця стартапаў і садзейнічанне развіццю венчурных інвестыцый;
  • гарантаваць энергетычную бяспеку Беларусі праз дыверсіфікацыю крыніц пастаўкі энерганосьбітаў, стварэння рынка электрычнай энэргіі і газу, інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць;
  • стымуляваць развіццё зялёнай эканомікі па прыярытэтных напрамках: узнаўляльныя крыніцы энергіі, цыркулярная эканоміка, рэсурсаэфектыўная вытворчасць, экалагічны транспарт, арганічнае земляробства і захаванне біяразнастайнасці.

Па-трэцяе, міжнародная супольнасць будзе гатовая аказаць падтрымку дзеля аднаўлення эканомікі. У 2021-ым Еўракамісія ў кансультацыі з эканамічнай камандай Святланы Ціханоўскай прыняла Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі на суму € 3 млрд (прыкладна 5% ВУП Беларусі) на першыя гады правядзення эканамічных рэформ. План ЕС уключае фінансаванне для прыватнага бізнесу, буйныя інфраструктурныя праекты, развіццё трансгранічных праектаў і іншых ініцыятыў у межах «Усходняга партнёрства», падтрымку ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і шмат іншага.

Ідуць перамовы аб тым, каб свой «план Маршала» для Беларусі абвесцілі і ЗША. Да праектаў ЕС і ЗША далучыцца таксама МВФ, гатовы падтрымаць стабілізацыйную праграму, ухваленую новым беларускім урадам. Сусветны банк прафінансуе развіццё прыватнага сектара, інвестыцыі ў інфраструктуру, мадэрнізацыю сістэмаў аховы здароўя і адукацыі. Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прафінансуюць праекты ў энергетыцы, пераход на зялёную эканоміку і паспрыяюць прыходу стратэгічных інвестараў на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы.

Міжнародная падтрымка спатрэбіцца і пры рэструктурызацыі дзярждоўгу, у тым ліку рэфінансавання (перш за ўсё перад Расеяй) краінамі Захаду пад ніжэйшыя працэнты і на больш працяглыя тэрміны, з адтэрміноўкай пагашэння цела крэдыту ў першыя некалькі гадоў. Дапамога прыдасца і для гарантавання энергетычнай бяспекі эканомікі ў выпадку, калі Расея вырашыць распачаць энергетычны шантаж Беларусі.

Па-чацвёртае, трэба агучыць праграму рэпатрыяцыі беларускага бізнесу і беларусаў з-за мяжы. Праграма павінна заахвоціць беларускую дыяспару інвеставаць у новую Беларусь, вярнуцца ў Беларусь або прасоўваць беларускія нацыянальныя інтарэсы ў краінах пражывання. Прыкладам працы ў гэтым накірунку з’яўляецца створаная ў 2021-ым Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, у якую ўваходзяць неафіліяваныя з рэжымам бізнесы з Польшчы, Літвы, Чэхіі, Германіі і ЗША.

За апошнія гады беларуская дыяспара павялічылася і згуртавалася. Гэта наша дадатковая крыніца чалавечага, фінансавага і палітычнага капіталу. Трэба ўцягваць дыяспару ў развіццё эканомікі і рэфармаванне краіны. Найлепшым спосабам для гэтага будзе імклівы рост эканомікі, забяспечаны вяршэнствам права, паляпшэннем бізнес-клімату, большай адкрытасцю краіны для замежнікаў і інтэграцыяй беларускай эканомікі ў глабальную. Беларусы дыяспары і замежнікі з беларускамі каранямі павінны мець спрошчаную працэдуру атрымання Карты беларуса, якая дазволіць ім лёгка далучыцца да беларускіх справаў.

Варта ўлічваць паспяховы досвед краін, у якіх дыяспара ўнесла значны ўклад падчас нацыябудаўнічых працэсаў і эканамічнай трансфармацыі, напрыклад у Ірландыі ў другой палове ХХ стагоддзя ці ў Ізраілі пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1948-ым годзе.

Па-пятае, пабудова эканомікі, заснаванай на вяршэнстве права, мусіць уключаць пакаранне для тых, хто найбольш спрычыніўся да рэпрэсіяў; мусіць прадугледжваць і забарону на займанне імі дзяржаўных пасад цягам пэўнага перыяду, асуджэнне таталітарных ідэалогій, а таксама кампенсацыю пацярпелым ад рэпрэсій. Пры гэтым працаўнікі дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў, якія не рабілі злачынстваў, не будуць абмежаваныя ў правах. Пераадоленне расколу ў грамадстве павінна адбывацца на аснове аднаўлення законнасці і нацыянальнага прымірэння.

У выніку Беларусь павінна стаць адкрытай устойлівай эканомікай з дамінавальнай роляй прыватнага сектара, аснову якога будзе складаць малы і сярэдні бізнес; з празрыстым урадам, які будзе інвеставаць у людзей праз адукацыю, ахову здароўя і іншыя публічныя паслугі, а таксама будзе выраўноўваць шанцы менш забяспечаных грамадзянаў праз сацыяльную палітыку.

Крыніца: Зеркала

Фота: naftan.by