падтрымаць нас

Артыкулы

Што беларусы думаюць пра інтэграцыю з Расіяй

Што беларусы думаюць пра інтэграцыю з Расіяй

Доўгатэрміновы трэнд стаўлення беларусаў да саюзу з Расіяй паказвае, што беларусы наўрад ці ўсцешаныя падпісанню саюзных праграмаў. 

Што больш за ўсё раздражняе ў размовах “за інтэграцыю”, дык гэта заўсёдная апеляцыя да пракавечных імкненняў народаў да еднасці. І ў экспертных суполках, і ў масавай свядомасці дасюль існуе ўяўленне, што сучасная Беларусь – гэта “савецкая Вандэя”, а беларусы – самы савецкі народ. А раз так, то і Беларусь амаль аўтаматычна (пра)расійская; і беларусы ёсць рускімі са знакам якасці; і іншага наканавання, як быць разам з Расійскай Федэрацыяй, у Рэспублікі Беларусь проста няма.

Усё гэта стэрэатыпы. І савецкасць беларусаў, і іх прарасійскасць, і повязь беларускай савецкасці з прарасійскасцю. І як любыя стэрэатыпы, якія аднойчы складаюцца з заканамерных і выпадковых чыннікаў, а пасля амаль не змяняюцца, сёння яны памылковыя на 100 %. 

Варта пачаць з таго, што беларусы не былі тым народам, хто больш за іншых жадаў, каб Саюз ССР застаўся існым. Па колькасці прыхільнікаў захавання СССР беларусы былі толькі на сёмым месцы з дзевяці (у шасці саюзных рэспубліках было “ўсё складана”). Між тым амаль 4/5 жыхароў Беларусі аддалі свой голас “за Саюз”. Нагадаем, гэта быў 1991 год, то бок 30 гадоў таму.

Час бег, жыццё ішло, і праз 8 год, як сведчаць дадзеныя НІСЭПД, колькасць прыхільнікаў (узнаўлення) Саюза ССР знізілася больш чым удвая. Гэта значыць, падчас падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ідэю ўзнаўлення СССР падтрымлівалі толькі 38 % беларусаў, што ніяк не здасца за большасць (дададзім, што яшчэ праз 9 год іх засталося меней за 22 %;  пасля гэтая лічба то павялічвалася, то змяншалася, але ўжо ніколі не была важкай). Такім чынам, хаця Саюзная дзяржава і “вырастае з СССР”, для беларусаў гэты праект быў не паўнавартасным яго спадкаемцам, а, хутчэй, нібы фантомным болем ці нейкім варыянтам настальгіі па ўмоўным “добрым часе”.

Менавіта так, і гэта бачна з лічбаў. Бяром дадзеныя Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, які ў маніторынгавым рэжыме амаль 20 гадоў задаваў беларусам пытанне: “Як, на Ваш погляд, мусяць развівацца стасункі паміж Беларуссю і Расіяй?” І тут мы бачым цікавая рэчы.

Што беларусы думаюць пра інтэграцыю з Расіяй

Па-першае, прыхільнікаў найшчыльнейшага яднання аж да ўваходу ў склад Расейскай Федэрацыі ніколі не было шмат, а з пачатку 2000-х гадоў і дасюль іх колькасць вагаецца дзесьці каля 5+/-2 %.

Па-другое, колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй у форме Саюзнай дзяржавы з утварэннем наднацыянальных кіроўных інстытутаў ніколі не складала большасць. На піках – у самым пачатку 2000-х і ў 2008-ым годзе – гэтая колькасць не перавышала 50 %. А калі глядзець у дынаміцы, дык з пачатку 2000-х яна паступова зніжалася і на пачатак 2020-га года ўвогуле складала меней за чвэрць насельніцтва краіны.

Па-трэцяе, з пачатку цяперашняга тысячагоддзя паступова і няўхільна расце колькасць тых, хто трымаецца такой думкі: “Беларусь мусіць выбудоўваць з Расіяй такія ж стасункі, як і з іншымі дзяржавамі, – на базе міжнародных дамоваў”. Як сведчаць дадзеныя Інстытута сацыялогіі, год назад такіх накіраваных на незалежнасць грамадзян было больш за 60 %. Тут дадаткова звернем увагу на заломы, што акрэсліліся ў абодвух трэках – інтэграцыйным і незалежніцкім – у 2019-ым годзе. Як мы памятаем, гэты год прайшоў пад знакам “дарожных мапаў”, якія ацэньваліся грамадствам як пагроза суверэнітэту і незалежнасці. На малюнку выразна бачна, як менавіта тады яшчэ больш яскрава акрэсліўся рух на адмову ад падтрымкі саюзнадзяржаўнага праекта і ўмацаванне думкі аб ураўнаважванні адносінаў з Расеяй на той самы капыл, як і з іншымі краінамі. Так, запыт на незалежнасць актуалізаваўся падчас адчування пагрозы суверэнітэту.

Цяпер вельмі распаўсюджаныя меркаванні, што падзеі 2020-21 гадоў – а менавіта падтрымка Аляксандра Лукашэнкі Крамлём – зрабілі свой уплыў на ўяўленні беларусаў аб Саюзнай дзяржаве. Ізноў жа падпісанні саюзных праграм таксама адгукнуцца ў масавай свядомасці. Як? Будзем назіраць. 

Фота: AFP