• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Шклоўскі агурок: беларускае мястэчка, у якога амаль атрымалася

    Цэнтр новых ідэй паразмаўляў з жыхарамі Шклова, каб высветліць, як горад пачуваецца цяпер, як змяняюцца і змагаюцца з праблемамі яго жыхары і што чакае раённы цэнтр у будучыні.

    Можна сказаць, што Шклову пашанцавала: увага кіраўніка дзяржавы да малой радзімы гарантавала фінансавыя ўліванні і пэўны кантроль за выкананнем даручаных задач, у выніку якіх горад атрымаў імпульс у развіцці. Але сёння гэтыя фактары ўжо не так моцна дапамагаюць, а назапашаныя праблемы ўсё часцей застаюцца нявырашанымі.

    Падзяка Рыгорычу

    Увага Аляксандра Рыгоравіча да родных мясцінаў прывяла да маштабных пераўтварэнняў у горадзе. Паспрыялі парадку і з’яўленню новых інфраструктурных аб’ектаў рэспубліканскія “Дажынкі” (2000-ы год) ды Дзень беларускай пісьменнасці (2007-ы). Менавіта тады ў горадзе паставілі і помнік Сямёну Зорычу – расійскаму генералу сербскага паходжання з часоў Кацярыны ІІ. Гэты вайсковец з’яўляўся ўладальнікам Шклова  ў канцы XVIII-га стагоддзя.

    “Можна сказаць, што гэта ў нас гістарычная традыцыя, бо пры Зорычу таксама была такая ж самая фігня: сяляне голыя, затое тэатр! А потым і гэтага не засталося. Таму ёсць вялікія пытанні да ўстойлівасці выбудаванай схемы вытворчасці і інфраструктуры. У нас паслядоўна падае доля ўласных даходаў у бюджэце і цяпер яна складае менш 50 %, а гэтага нельга дапускаць”, – кажа мясцовы жыхар.

    На радасць гараджанаў у Шклове штогод будуюць 1-2 шматпавярховых дамы. Аграрыі ўдзячныя за тое, што адных толькі ўгнаенняў на іх гаспадарчыя патрэбы вылучалася з дзяржаўных прадпрыемстваў столькі, колькі звычайна ідзе на ўсю вобласць. Але ж інвестыцыі разбэсцілі мясцовых чыноўнікаў і цяпер яны толькі і чакаюць, каб інвестары прыходзілі самастойна, а грошы працягвалі ліцца дажджом.

     Лядовы палац і “Карона” зверху

    За апошнія два дзесяцігоддзі дзякуючы рэгулярнаму фінансаванню і ўвазе з боку “цэнтра” горад папрыгажэў. Беспрацоўе тут невялікае. Сітуацыя стала лепшай, калі запрацавалі папяровая фабрыка “Спартак” і завод газетнай паперы.

    Па традыцыі Шклоў займеў і лядовы палац, будаўніцтва якога расцягнулася ад 2010-га да 2016-га года. У горадзе з’явіўся ўласны стадыён, лыжна-ролерная траса, рынак з вялікай крамай ды новая лазня. Былі адрамантаваныя цэнтральная раённая лякарня, Палац культуры ды стаматалагічная лякарня. Ну, і вяршыняю ўсяго сталася з’яўленне ўласнай “Кароны”.

    Карупцыя і паспяховасць эканомікі

    З мясцовых прадпрыемстваў можна вылучыць “Данон Шклоў” і масларобчы завод, які доўгія гады быў у лідарах па валавой прадукцыі. Былі памкненні аб’яднаць яго з “Бабушкиной крынкой”, але прадпрыемству ўдалося адстаяць сваю незалежнасць і таму цяпер яно можа сабе дазволіць праводзіць уласную фінансавую і лагістычную палітыку.

    Але ж у мясцовага аддзялення “Амкадора” былі зафіксаваныя страты ў памеры каля $ 400 тыс. А як выглядае карціна цяпер, дык і не даведацца: фінансавыя вынікі даўно не публікуюць у адкрытым доступе.

    “Па выніках 2021-га ў раёне павялічылася колькасць злачынстваў, у тым ліку і эканамічных. Пры тым у справаздачы выканкама за 2021-ы год быў зафіксаваны рост цяжкіх карупцыйных злачынстваў ажно ў пяць разоў! Вінаватыя папярэднікі старшыні, але хто ж іх цяпер пакарае…”

    Не чыстыя справы і на мясцовым мясакамбінаце. У свой час яго дырэктара нават арыштоўвалі, але, трохі патрымаўшы, вызвалілі. Таму можна смела казаць, што з прадпрыемстваў самы карупцыйны – Магілёўскі мясакамбінат, а з дзяржустаноў, што не дзіва, – райвыканкам.

    “Тая ж абробленая карова – самая эфектыўная кадравая карова, бо яна здолела прывесці да адстаўкі Зайца і Даманеўскага, пры гэтым пад раздачу трапіў і Віцюноў – старшыня выканкама”.

    Пасля абурэння Лукашэнкі станам, у якім трымаюць кароў у аграхолдынгу «Купалаўскае» ў Магілёўскай вобласці ў сакавіку 2019-га, у адстаўку адправілі шэраг буйных чыноўнікаў. Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі, за ім крочылі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы ды міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

    Канешне, мясцовых кіраўнікоў мала садзяць, бо тады атрымліваецца, што сам лідар дзяржавы і вінаваты.

    Акцыя пратэсту ў Шклове, жнівень 2020 года

    Лыжкі дзёгцю – у Дняпро!

    Адной з праблемаў шклоўцаў з’яўляецца змяншэнне рэйсаў транспарту да навакольных вёсак і населеных пунктаў. У свой час начальства аддало гэты занятак прыватнікам, але ім нявыгадна часта ездзіць.

    Шмат нараканняў гучыць і адносна экалогіі. Тут перш за ўсё варта сачыць за заводам газетнай паперы. Мясцовыя актывісты фіксавалі скіданне шкодных рэчываў з яго наўпрост у Дняпро. Працягвае гэтую сумную традыцыю і мясцовы ільнозавод, які месціцца на ўзбярэжжы. У выніку апрацоўкі льну застаецца некандыцыйная сыравіна, якую спальваюць на беразе ракі і выкідаюць рэшткі ў ваду.

    Масларобчы завод таксама не паляпшае свае ачышчальныя прылады і забруджвае ваколіцы. Аб праблеме вядома даўно, але яе так і не вырашылі дагэтуль.

    “У нас у цэлым ачышчальныя прылады ў горадзе кепска працуюць. А яшчэ смецце проста па лясах у ваколіцах развозяць, не спальваюць, не ўтылізуюць на адмысловых і якасна збудаваных палігонах. Канешне, адчуваецца і тое, што шмат прамысловасці сканцэнтравана менавіта ў горадзе, а не на ўскраінах ці ваколіцах”.

    Сярод іншых рэчаў, на якія наракаюць гараджане, – адсутнасць цэнтралізаванай сістэмы ліўневай каналізацыі на цэнтральных вуліцах, у выніку чаго пасля кожнай залевы горад нагадвае Венецыю. А яшчэ апошнія гады ў горадзе фіксуецца рост злачыннасці.

    Свайго піку колькасць гараджан дасягнула ў 2009-ым годзе, калі ў горадзе пражывала 16,5 тыс. чалавек. Па стане на дакавідны 2019-ы год іх было ўжо на тысячу меней, і месцічы кажуць, што працэс змяншэння колькасці жыхароў паскараецца.

    “Смяротнасць перавышае нараджальнасць, шмат хто перабіраецца ў Магілёў ці сталіцу. Хаця ў нас жа да абласнога цэнтра – 20 хвілін на аўто ці 40 на маршрутцы. Жыві сабе тут і працуй там, у чым праблема? Але калі асаблівых перспектыў няма, то ўсе пачынаюць паціху сабе з’язджаць. Што датычна паездак на заробкі за мяжу, то раней багата хто ездзіў у Расію, але прэферэнцыі тубыльцаў змяніліся і цяпер усе едуць у Еўропу. Асабліва моцна адчуваецца недахоп лекараў: пасля адпрацоўкі ўсе з’язджаюць – хто ў Магілёў, хто ў Мінск, а хто яшчэ далей”.

    Ратуша як дасягненне грамадскасці

    Шклоўскія актывісты яшчэ за часамі “перабудовы” ладзілі суботнікі на парэштках былой ратушы ды пісалі звароты ў Савет міністраў з просьбай адрамантаваць аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Дамагліся пераменаў яны ўжо толькі ў незалежнай Беларусі, і ў 1999-2000-ых гадах была адрэстаўраваная старая ратуша і пабудаваныя наноў колішнія гандлёвыя рады. Цяпер у новым будынку месціцца гімназія, а ў самой ратушы – школьны музей.

    У горадзе адрамантавалі ды вярнулі вернікам Спаса-Праабражэнскую царкву ды касцёл святых Пятра і Паўла. Спраўна развіваюцца і разнастайныя пратэстанцкія канфесіі.

    Агурок – цар парнікоў

    Акрамя адрэстаўраванага будынка гарадской ратушы ды купецкіх шаляў на гербе, у Шклова ёсць яшчэ адзін трывалы сімвал – агурок. Адмысловы помнік яму паставілі ў 2007-ым годзе і рэгулярна ўшаноўваюць на раённым свяце “Шклоўскі агурок”. Але ўсё гэта не проста ўдалы маркетынгавы ход, бо менавіта дзякуючы продажу ўраджаю з уласных падворкаў у 1980-1990-ыя гады шматлікія тутэйшыя сем’і маглі выжыць, а некаторыя нават займець годны капітал.

    “То ж бывалі затрымкі заробкаў на прадпрыемствах, а дзякуючы агурковай дзейнасці шмат сем’яў падымалася. Мне ўдалося дваім дзецям адукацыю дзякуючы гэтаму даць і ажаніць/выдаць іх замуж. Можна з пэўнасцю сказаць, што сённяшні помнік выпакутаваны, бо гэта была складаная праца, асабліва для жанчын. Трэба было рана падымацца ды позна класціся, шмат працаваць на зямлі ды багата куды ездзіць. Шмат хто нават паміраў у парніках ад напружанасці ці гінуў у ДТЗ на дарогах, заснуўшы за стырном ад стомы”.

    У Шклове ды раёне штогод праводзіцца багата разнастайных фэстаў, кшталту раённых фестываляў мастацкай самадзейнасці і народнай творчасці “Мая Шклоўшчына” ды “Спадкаемцы Перамогі”, раённага фестывалю народнай творчасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пажылых людзей “Святло дабрыні”. Ну, і не забываймася на лукашэнкаўскую імпрэзу “Александрыя збірае сяброў”.

    Шклоў, безумоўна, мае істотны культурна-турыстычны патэнцыял, але асаблівай арыгінальнасцю мясцовая тапаніміка не адрозніваюцца. Тутэйшыя актывісты наракаюць, што пасля ўзбуйнення горада за кошт вёсак Зарэчча і Рыжкавічы з-за дублявання найменняў вуліцам давалі абстрактныя назвы, кшталту Рабінавая ці Камышовая, а мясцовы кантэкст і гісторыя рэдка ўлічваліся. Частка мясцовых актывістаў хацела б бачыць у горадзе вуліцу ў гонар беларускага празаіка, драматурга, перакладчыка ды крытыка Міхася Зарэцкага, чыя маладосць прайшла ў селішчы.

    Назад у мінулае дзеля будучыні

    Спусташальныя войны і пажары другой паловы XVII-XVIII ст. нанеслі велізарныя шкоды гаспадарцы Шклова і прычынілі незлічоныя бедствы яго жыхарам. У выніку Паўночнай вайны (1700-1721-ыя гады) Шклоўскае графства страціла каля 90 % свайго насельніцтва і, каб умацаваць эканоміку, гандаль і прававое становішча горада, кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III 10-га красавіка 1762-га пацвердзіў гораду Магдэбургскае права, даў уласны герб і пячатку. Магчымасць мясцовых жыхароў самастойна вырашаць свае пытанні і неўмяшання дзяржавы ў эканоміку горада далі свой плён, і ўжо хутка Шклоў зноўку расквітнеў. Магчыма, настаў час паўтарыць такі падыход і сёння.

    “Толькі рэальнае самакіраванне дапаможа нам вырашыць нашыя праблемы. Калі мы выбіраем старшыню гарвыканкама, то ён справаздачны нам, а не сваім начальнікам, ён будзе вымушаны думаць пра нашыя агульныя інтарэсы. Пры сённяшніх кіраўніках доля ўласных даходаў змяншаецца з года ў год, а гаспадарка паціху прыходзіць у заняпад. Колькі грошай у яе не ўлівай, без зацікаўленых у вытворчасці ўласнікаў і свабоды ў іх дзейнасці нічога талковага не будзе”.

    Фота: Planeta Belarus

    ПаказацьСхаваць каментары