падтрымаць нас

Палітыка

Сяргей Лаўроў – непрыстойны дыпламат

Сяргей Лаўроў – непрыстойны дыпламат
Профіль найбольш заходняга расейскага міністра, які змагаецца з Захадам. 

Сяргей Лаўроў здаўна карыстаецца рэпутацыяй прафесіянала сваёй справы. The Daily Telegraph у 2012 годзе назвалі яго “самым грозным міністрам замежных справаў у свеце, які цвёрда і ўпарта адстойвае пазіцыю Расеі”. У 2013 годзе часопіс Foreign Policy аддаў шэфу расейскай дыпламатыі 13-ую пазіцыю ў рэйтынгу глабальных мысляроў. З тлумачэннем ‑ “за вяртанне Расеі статусу звышдзяржавы”.

Абарона пазіцыі Крамля ў канфлікце супраць Украіны пацвердзіла, што Лаўроў сапраўды ўпарты. Параліч заходняй дыпламатыі пасля анексіі Крыму залічваюць таксама і да ягоных заслугаў. Такі спрыт расейскага МЗС не выглядае нечаканым, бо Расея, як спадчынніца СССР, заўсёды сур’ёзна ставілася да свайго дыпламатычнага корпусу.

Напрыклад, ЗША прытрымліваецца падыходу палітычна матываваных прызначэнняў. З 26 місіяў у краінах НАТА толькі 10 узначальваюць прафесійныя дыпламаты, а кіраванне астатнімі даручылі палітычным гульцам за падтрыманне выбарчай кампаніі Оўбамы. Усе ж амбасадары Расеі ў краінах НАТА – прафесіяналы. У сярэднім на амбасадара прыпадае 34 гады дыпламатычнага досведу. Цалкам лагічна, што важаком такога корпусу ўжо 10 гадоў з’яўляецца такі геній дыпламатыі, як Лаўроў.

Дарэчы, дыпламатычны стаж Лаўрова складае 42 гады, а сваю працу ён пачынаў у амбасадзе СССР у Шры-Ланцы адразу пасля вучобы ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных дачыненняў. Лаўроў валодае трыма мовамі: ангельскаю, французскаю і сінгальскаю.

Абаронца Мілошэвіча і палення

Не толькі разумны, але высокі і падцягнуты, Сяргей Лаўроў хутка прасоўваўся па службовай лесвіцы. Найбольш добра ён праявіў сябе на пасадзе афіцыйнага прадстаўніка РФ пры ААН, працу ў якой пачаў у 1994 годзе.

Тут ён атрымаў рэпутацыю рашучага дыпламата. За ім засталося мноства рэзкіх заяваў, якія ён зрабіў падчас паседжанняў Савету Бяспекі. Напрыклад, у 2000–ым Лаўроў дэманстратыўна пакінуў паседжанне Савету бяспекі, калі прадстаўніка Югаславіі не дапусцілі да дыскусіі аб праблемах Балканаў. Ён таксама звяртаў увагу на перадузятае стаўленне Гаагскага трыбуналу да сербаў і патрабаваў яго закрыцця.

Але найбольш Лаўроў запомніўся выпадкам, які не адносіцца да звычайнай дыпламатычнай дзейнасці. У 2003-ім Кофі Анан, які займаў тады пасаду генеральнага сакратара ААН, забараніў паленне ў штаб-кватэры арганізацыі згодна з дамоўленасцю з уладамі Нью-Ёрка, дзе гэтая забарона дзейнічала даўно. Аднак кіраўнік расейскай дыпламатычнай місіі ў ААН, будучы заўзятым курцом, не падпарадкаваўся і заявіў, што “гэты дом належыць усім чальцам ААН, і яго генеральны сакратар ‑ усяго толькі кіраўнік”. З таго часу Лаўроў пачаў насіць з сабой папяльнічку і працягваў паліць у месцах, раней адведзеных для гэтага ў штаб-кватэры. Дарэчы, апроч цыгарэтаў, Лаўроў любіць віскі.

Міністр, якому не трэба чытаць лекцыі

У 2004-ым у кар’еры Лаўрова пачаўся новы этап. Уладзімір Пуцін прызначыў яго міністрам замежных справаў Расеі і Лаўроў на гэтай пасадзе перажыў ужо тры адстаўкі ўраду. Практычна адразу пасля таго, як Лаўроў узначаліў МЗС, Расея ўпершыню за шмат гадоў скарысталася правам вета ў Савеце Бяспекі ААН. Да гэтага Расея ў апошні раз выкарыстоўвала гэтую магчымасць амаль дзесяць гадоў назад ‑ у снежні 1994 году.

За гады знаходжання на пасадзе кіраўніка МЗС Лаўрову давялося сутыкнуцца з самымі рознымі міжнароднымі праблемамі. Але шматлікія заходнія медыі асацыююць яго з высілкамі расейскай дыпламатыі ў Сірыі. Гэта план Лаўрова аб знішчэнні хімічнай зброі сірыйскіх уладаў перадухіліў вайсковую аперацыю з боку Вашынгтона.

Апроч таго кіраўнік расейскай дыпламатыі ўдзельнічаў у перамовах аб урэгуляваннях на Блізкім Усходзе, ядравых праграмах Ірану і Паўночнай Карэі. Пасля таго, як Карэя выйшла з шасцібаковых перамоваў аб ядравай праблеме, яна атрымала шэраг санкцыяў з боку Еўропы. І толькі Лаўроў працягваў весці дыялог з краінаю і на дадзены момант не адмаўляе таго факту, што шасцібаковыя перамовы будуць адноўленыя.

Акрамя гэтага дыпламат актыўна выступаў супраць незалежнасці Косава і разгортвання элементаў амерыканскай супрацьракетнай абароны. Яму давялося займацца вырашэннем спрэчак з прыбалтыйскімі дзяржавамі, урэгуляваннем канфліктных сітуацыяў вакол Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, незалежнасць якіх прызнала Расея і ў выніку чаго Грузія разарвала дыпламатычныя адносіны з Масквою.

Характэрнаю з’яўляецца тэлефонная размова, якая адбылася з нагоды расейскай агрэсіі ў Грузіі паміж Лаўровым і міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвідам Мілібэндам. Згодна з брытанскаю прэсаю, калі Мілібэнд выказваў незадавальненне Вялікай Брытаніі дзеяннямі Расеі ў Грузіі, недыпламатычны шэф расейскай дыпламатыі адказаў “Who the f*ck are you to lecture me?” (“Хто ты, бл**ь, такі, каб мяне вучыць?”).

Што датычыцца апошніх падзеяў ва Украіне, Лаўроў займае афіцыйную пазіцыю: “Крым – частка Расеі і весці перамовы ў гэтым пытанні мы ні з кім не будзем”. І намякае на магчымыя наступствы для тых, хто вырашыць вярнуць Крым у склад Украіны.