падтрымаць нас

Артыкулы

Санкцыі: этапы, тыпы, засцярогі і наступствы

Санкцыі: этапы, тыпы, засцярогі і наступствы

Што варта ведаць пра санкцыі ў дачыненні Беларусі. 

Міжнародныя санкцыі становяцца адным з істотных элементаў ціску на рэжым Лукашэнкі, таму вымагаюць больш падрабязнага тлумачэння. У гэтым артыкуле мы вырашылі апавесці пра этапы і тыпы санкцый, звярнуцца да мінулага досведу ўвядзення санкцый, паказаць эканамічныя, грамадскія, геапалітычныя і іншыя фактары, якія трэба ўлічваць у кантэксце санкцый.

Этапы санкцый

Фактычна ўвядзенне санкцый пачынаецца з непрызнання замежнымі краінамі выбараў і кіраўніцтва. З гэтага вынікаюць так званыя персанальныя ці кропкавыя санкцыі, гэта значыць замарожванне актываў і забарона ўезду. Так, 2-га кастрычніка персанальныя санкцыі былі прынятыя Еўрапейскім Саветам у дачыненні 40 беларускіх чыноўнікаў з-за фальсіфікацыяў на выбарах і рэпрэсій, скіраваных на мірных пратэстоўцаў, чальцоў апазіцыі і журналістаў. А ўжо 6-га лістапада Еўрапейскі Савет вырашыў увесці персанальныя санкцыі супраць яшчэ 15 прадстаўнікоў беларускай улады, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі.

Наступны этап – кропкавыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні так званых гаманцоў рэжыму і дзяржаўных прадпрыемстваў. Пра падрыхтоўку такіх санкцый 19-га лістапада выказаўся вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль.

Апошні санкцыйны механізм, да якога могуць звярнуцца замежныя краіны ды інстытуты, – сектаральныя або ўсеагульныя санкцыі, якія закранаюць цэлыя эканамічныя сферы краіны. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гандлёвыя і фінансавыя. Найменш адчувальныя сектаральныя санкцыі могуць быць у дачыненні сферы беларускіх лесаматэрыялаў і мэблі, у той час як найбольш адчувальнай да санкцыяў з’яўляецца нафтавая і нафтапрадуктавая галіна. 

Да фінансавых санкцый адносяцца: абмежаванне на аперацыі з каштоўнымі паперамі, забарона на фінансаванне рэзідэнтаў у выглядзе крэдытаў, забарона на ўдзел у інвестыцыях і абмежаванне банкаўскіх капіталаў. Самым радыкальным тыпам фінансавых санкцый з’яўляецца забарона на ўжыванне міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT.  

Засцярогі

Ёсць некалькі засцярогаў, звязаных з санкцыямі. Па-першае, пытанне стаўлення людзей да санкцый і негатоўнасць ахвяраваць сваёй фінансавай бяспекай павінны ўлічвацца пры пастановах аб увядзенні санкцый. Не выключаецца і тое, што эканамічныя наступствы ад санкцый могуць паўплываць на палітычную актыўнасць беларусаў і іх масавую эміграцыю. Таксама ў гісторыі ўвядзення санкцыяў існуюць шматлікія прыклады іх абыходу.

На знешнепалітычным узроўні санкцыі вядуць да абмежавання геапалітычных кірункаў краіны. У беларускім выпадку, акрамя патэнцыйнага павелічэння ўплыву Расіі, важна ўлічваць і інтарэсы Кітая, які можа быць зацікаўлены ў магчымасцях пашырэння ўласнага геапалітычнага ўздзеяння. 

Наступствы

Трэба ўлічваць не толькі кароткатэрміновыя, але і доўгатэрміновыя наступствы ад санкцыяў. Ліквідацыя такіх наступстваў уяўляе доўгі працэс, які можа зацягнуцца на некалькі гадоў. Таксама доўгім з’яўляецца і працэс зняцця санкцый, які ўяўляе сабой шматкрокавы складаны бюракратычны механізм.

Да доўгатэрміновых наступстваў адносяцца і пастановы, якія тычацца статусу дзяржаўных прадпрыемстваў. У сітуацыі, калі дзейнасць прадпрыемства абмежаваная санкцыямі, верагодны яго продаж канкурэнтам. Недастаткова зразумелым застаецца тое, які статус будзе ў такіх пастаноў у будучыні.

Супярэчлівасць тэмы санкцый відавочна праяўляецца і праз недастатковае разуменне беларусамі ўзроўню палітычнай волі кіраўніцтва краін, якія гэтыя санкцыі плануюць. Такі стан можа тлумачыцца і тым досведам, які маюць, напрыклад, краіны ЕС, якія ў 2011-ым годзе ўводзілі санкцыі ў дачыненні Беларусі. У мінулым былі выпадкі, калі фірмам і іх уладальнікам удавалася абскардзіць свой санкцыйны статус. Праблематычным застаецца і пытанне даказанасці сувязяў канкрэтных бізнесоўцаў і іх бізнесаў з беларускімі ўладамі.

Важнае пра санкцыі

У кантэксце Беларусі важным падаецца разуменне з боку грамадства таго, які ўплыў розныя тыпы санкцыяў маюць на эканоміку. 

Таксама санкцыі мусяць мець на мэце дасягненне такіх лакальных задач, як невыкарыстанне рэпрэсій у дачыненні працаўнікоў. Існаванне санкцыяў па-за кантэкстам не падаецца эфектыўным.

Істотным з’яўляецца таксама разуменне з боку прадстаўнікоў бізнесу таго, чаму яны не могуць заставацца пасіўнымі назіральнікамі крызісу. Шматлікія кампаніі на сённяшні дзень узялі на сябе абавязак адпавядаць шэрагу этычных прынцыпаў. Сярод такіх можна адзначыць і абавязак забяспечваць правы працаўнікоў, у тым ліку права на свабоду меркаванняў і выказванняў. Прыкладам замежнага прадпрыемства, якое адкрыта заявіла аб заклапочанасці ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі са спасылкай на свае этычныя прынцыпы, з’яўляецца нарвежская хімічная кампанія “Yara”. Але, паводле апошняй заявы кампаніі, “Yara” працягвае купляць калійныя ўгнаенні ў “Беларуськалія”.

Для расійскага бізнесу, які мае найбольш значную прысутнасць у Беларусі, важна ўсведамляць, якія рызыкі існуюць яго інтарэсам, у тым ліку і праз санкцыі ў дачыненні Беларусі. Таксама магчымая страта значных сродкаў з дзяржаўнага бюджэту прымусіць беларускія ўлады звярнуцца да Расіі з чарговай просьбай аб сродках. Прыклады такіх стратаў вядомыя ўжо сёння: Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця заявіў, што цяпер ён не разглядае новыя праекты ў дзяржсектары, а Еўрапейскі інвестыцыйны банк прыпыніў фінансаванне новых праектаў.

У сувязі з палітычным крызісам малаверагодным падаецца паток новых інвестыцый. Да натуральнага ўплыву сітуацыі на інвестыцыі можа дадацца і агульная забарона на новыя інвестыцыі. У выпадку прыняцця такога тыпу фінансавых санкцый еўрапейскія, амерыканскія ці іншыя бізнесы не будуць мець легальнай магчымасці інвеставаць у беларускую эканоміку.

Фота: Павел Крычко