падтрымаць нас

Палітыка

Андрэй Садавы – украінскі палітык, за якім варта сачыць

Андрэй Садавы – украінскі палітык, за якім варта сачыць
Профіль найлепшага мэра ўсходняй Еўропы і лідара самай еўрапейскай партыі Украіны.

27 кастрычніка пачала працу новая Вярхоўная Рада Украіны. Хоць новая Рада захавала некаторыя хваробы ранейшай у выглядзе 24-гадовых мадэляк у норкавых футрах і з залатымі ай-фонамі, шмат што змянілася. Адной з найбольш прыемных зменаў, на думку некаторых, стала буйное прадстаўніцтва партыі “Самапомач”, якая нечакана атрымала на выбарах 11 % і правяла ў парламент 33 дэпутаты.

Поспех партыі звязаны з найцікавейшаю фігураю ўкраінскай палітыкі – Андрэем Садавым, які насуперак агульнай логіцы, сам станавіцца дэпутатам адмовіўся. Яшчэ некалькі месяцаў таму Садавы быў палітыкам другога, калі не трэцяга, эшалону, але пасля непрадказальных выбараў у Вярхоўную Раду, мэр Львова і лідар партыі “Самопомач” стаў фігураю ўсеўкраінскага маштабу. Падтрыманне ягонай партыі, якая не атрымлівае грошы ад алігархаў, за год вырасла болей чым у 10 разоў.

Такім чынам, на палітычнае поле выйшаў мэр гораду, які ўкраінцы называюць “украінскаю Еўропаю”, але “ху із містар Садавы” дагэтуль застаецца шмат для каго невядомым.

“Крэпкі хазяйственнік”

Адметнаю рысаю Садавога з’яўляецца прадуманасць і няспешнасць кожнага кроку. Ён скончыў політэхнічны інстытут і доўгі час быў звязаны з радыёапаратураю. Год за годам ён паступова прасоўваўся па службовай лесвіцы. Калі Садавы задумаўся пра далейшую кар’еру ў палітыцы, ягоныя знаёмыя паліттэхнолагі, чаго ён і не хавае, параілі для пачатку засяродзіцца на ўласных медыях. Ён стварыў адну з самых папулярных у рэгіёне радыёстанцыяў “Люкс” і вядомую цяпер ва ўсёй Украіне тэлекампанію кругласутачных навінаў “Навіны 24”.

Палітычны шлях жа Садавы пачынаў, як любяць казаць журналісты, з “каналізацыі”. Ён заснаваў грамадзянскую сетку, якая займалася праблемамі жыхароў гораду, пачынаючы ад каналізацыі і працякання дахаў, сканчаючы якасцю дарог. Садавы зарэкамендаваў сябе як “крэпкі хазяйственнік”, які не баіцца брудных праблемаў. У 2005-ым ініцыятыва ператварылася ў грамадскае аб’яднанне, якое рабіла для гораду больш, чым ягоны мэр. І ўжо праз год Садавы займае ягонае месца.

Прыхільнік Магдэбургскага права

Кіраўнік гораду адразу ж прыступіў да рэформаў. Першай з іх стала дэцэнтралізацыя, ён увёў новыя структурныя адзінкі дэпартаменты, прызначаў маладых людзей кіраўнікамі сектараў і аддзелаў. Як вынік, сярэдні ўзрост супрацоўніка мэрыі складае 26 гадоў. Львоў ператварыўся ў сапраўдны цэнтр моладзевых і творчых ініцыятываў. Такая палітыка забяспечыла Садавому вялікае падтрыманне ад моладзі і студэнтаў.

У 2010-м Садавы паўторна перамагае на выбарах і ператварае сацыяльна-арыентаваную “Самопомач” у палітычны праект з фокусам на самакіраванне. Ён неаднаразова казаў пра неабходнасць вяртання Магдэбургскага права: “Што ў нас атрымалася? За той час пакуль я займаю пасаду мэра, 60 % паўнамоцтваў забрала дзяржава і ператварыла ўсё ў карупцыйныя схемы. Гарады сталі слабымі”. На яго думку, сучасны свет гэта свет гарадоў. І тыя краіны, дзе паспяховы менавіта горад, і самі становяцца паспяховымі.

Гарадскі бюджэт, дарэчы, Садавы выдаткоўваў не толькі на вырашэнне гаспадарчых праблемаў. У 2008-ым Садавы распарадзіўся даплачваць па $ 85 з гарадскога бюджэту да пенсіі былым удзельнікам і інвалідам Украінскай паўстанцкай арміі.

І хоць Львоў дастаўся Садавому ў вельмі кепскім стане, цяпер горад, згодна з Financial Times, уваходзіць у дзясятку лепшых гарадоў будучыні.

Палітык без спонсараў?

Сваймі паводзінамі Садавы нажыў вялікую колькасць ворагаў, яго абвінавачвалі ў карупцыі і ўзурпацыі ўлады. Нягледзячы на гэта, ён захаваў вобраз “чыстага” палітыка дзякуючы таму, што ён не мае спонсараў. Прынамсі ўсім вядомых.

Мэр умее правільна падаць сябе праз медыі, ягоная папулярнасць тлумачыцца набліжанасцю да жыхароў гораду, ён не карыстаецца аховаю і з радасцю фатаграфуецца з турыстамі, нават не самымі цвярозымі. Аднак, часам, Садавы ўсё ж зрываецца. У 2008-ым, у часе мітынгу яго праціўнікаў, Садавы паказаў сярэдні палец дэманстрантам з гаўбца Львоўскай Ратушы. Але кантраляваныя ім медыі дапамагаюць захоўваць папулярнасць. Ягоная жонка і былы бізнес-партнёр кіруюць медыя-холдынглам “ТРК Люкс”, які аб’ядноўвае “Радыё Люкс”, Zaxid. net, “Тэлеканал 24”, “Радыё 24” і “Football 24”.

Пакуль жа Садавы вырашыў застацца на пасадзе мэра, таму наўрад ці бліжэйшым часам ён будзе рабіць гучныя заявы. Гэта не адпавядае ягонаму стылю, хоць палітычныя амбіцыі ў яго зусім немаленькія. Яму 46, што дазваляе рухацца павольна. А каб з цягам часу зайсці на палітычны алімп з новым трыумфам, яму застаецца толькі набраць вагу агульнанацыянальнага палітыка. Амбіцыі і да Кіева давядуць, а калі і не, то, як жартуюць у ягоным коле, заўсёды можна заняцца каналізацыяй.