• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Найміты – расійская зброя ў Афрыцы

    Удзел расійскіх прыватных ваенных кампаніяў у Афрыцы імкліва расце, а разам з ім, іх палітычны і эканамічны ўплыў.

    Забойства трох расійскіх журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы ў ліпені 2018 года выклікала новую хвалю занепакоенасці з нагоды прысутнасці Расіі ў Афрыцы. Паколькі журналісты расследавалі дзейнасць расійскіх арганізацыяў – прыватных ваенных кампаній (ПВК), шырока распаўсюдзіліся чуткі аб тым, што яны былі забітыя па загадзе расійскай дзяржавы, што пашырае сваю прысутнасць на кантыненце. Гэта тлумачэнне падобна на праўду: пасля многіх гадоў незаўважнай прысутнасці ў багатай рэсурсамі, але палітычна нестабільнай Цэнтральнай Афрыцы Крэмль у справе свайго вяртання ў рэгіён моцна разлічваў на ПВК – эканамічна эфектыўны і дзейсны інструмент гібрыднай канфрантацыі.

    Расія ўмацоўвае эканамічныя і палітычныя сувязі з Афрыкай.

    Вартасць расійскага гандлю з афрыканскімі краінамі вырасла з $ 3,4 млрд у 2015 годзе да $ 14,5 млрд у 2016 годзе, Крэмль актыўна супрацоўнічае з афрыканскімі дыктатарамі, супраць якіх Захад увёў эканамічныя і палітычныя санкцыі. Сапраўды, прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр, як мяркуецца,  ваенны злачынца і спонсар тэрарыстычных групаў, адкрыта звярнуўся па падтрымку да свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна. Група Вагнера – самая вядомая расійская фірма, якая вядзе баявыя дзеянні ва Украіне і ў Сірыі, – далёка не адзіная ПВК, якая абслугоўвае палітычныя інтарэсы Крамля за мяжой. Падобных арганізацыяў наймітаў, хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя гады чакае пашырэнне, як у памерах, так і ў дыяпазоне дзеянняў.

    Стратэгічныя інтарэсы Крамля ў Афрыцы

    Падчас халоднай вайны Масква разглядала Афрыку праз прызму ідэалагічнай канфрантацыі з капіталістычным Захадам, лічачы, што дэкаланізацыя на кантыненце дала магчымасць уцягнуць новыя дзяржавы ў савецкую сферу ўплыву. Савецкая “гонка за Афрыку” сутыкнулася са спробамі Захаду захаваць там свой уплыў, што прывяло да разбурэнняў і галечы на кантыненце. Грамадзянскія вайны ў Эфіопіі (1974-1991 гады) і Анголе (1975-2002 гады) забралі мільёны жыццяў.

    У сваім моцным жаданні выйграць бітву за Афрыку, Масква ахвяравала астранамічнымі рэсурсамі – і ў асноўным, безвынікова.

    Распад Савецкага саюзу ў 1991 годзе вымусіў Крэмль зысці з кантыненту. Ён вярнуўся толькі ў 2005 годзе, калі ў Афрыцы быў заўважаны значны рост расійскіх інвестыцыяў. На гэты раз, аднак, стратэгія Крамля не мела ідэалагічнага складніка: яе галоўным матывам стала прыбытковасць. За апошнія тры гады Масква значна актывізавала свой удзел у Афрыцы. Кульмінацыяй працэсу стала паездка міністра замежных справаў Расіі Сяргея Лаўрова ў Анголу, Намібію, Мазамбік, Зімбабвэ і Эфіопію ў пачатку гэтага года.

    Нягледзячы на амбіцыйную рыторыку Масквы, Расія ў Афрыцы мае нязначныя эканамічныя перспектывы. Але на кантыненце ў Расіі ёсць іншыя моцныя бакі. Па-першае, Масква не адчувае ніякіх згрызотаў сумлення наконт супрацы з урадамі з дрэннай рэпутацыяй у галіне правоў чалавека, асабліва з ЦАР, Суданам, Дэмакратычнай Рэспублікай Конга і Бурундзі. Па-другое, Расія ўмела выкарыстоўвае гістарычныя крыўды і адраджае антызаходнія настроі, як яна гэта робіць у Анголе, Эфіопіі і Мазамбіку. Па-трэцяе, Расея прадае адносна недарагое ўзбраенне і іншую вайсковую тэхніку. Нарэшце, яна гатовая прадаставіць афрыканскім урадам недарагія кансультацыйныя паслугі і паслугі бяспекі з дапамогай ПВК.

    Роля расійскіх ПВК

    Пуцін публічна падтрымаў стварэнне груп наймітаў у 2012 годзе, але афіцыйна яны застаюцца незаконнымі ў Расіі.

    Хоць Крэмль і адмаўляецца прызнаваць іх існаванне, ПВК сталі важным інструментам расійскай знешняй палітыкі.

    Гэта было відавочна як ва ўкраінскім канфлікце, так і ў сірыйскай грамадзянскай вайне. Выкарыстоўваючы нерэгулярныя ўзброеныя групы, Масква атрымала раскошу праўдападобнага адмаўлення: магчымасць адначасова быць і не быць бокам канфлікту, тым самым пазбегнуўшы публічнай адказнасці за ахвяры вайны. Добрым прыкладам гэтага з’яўляецца рэакцыя Крамля на знішчэнне падраздзялення Групы Вагнера ў Сірыі на пачатку 2018 года.

    Пасля выкарыстання Украіны ў якасці палігона, расійскія ПВК ў Сірыі спазналі росквіт. У адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, там яны праводзілі наступальныя вайсковыя аперацыі. Для Масквы ПВК сталі незаменным сродкам у рэалізацыі сваёй асіметрычнай стратэгіі ў зонах канфліктаў, якая палягае на выкарыстанні падкантрольных дзяржаве сілавых адзінак ва ўмовах лакальнага ваеннага канфлікту для дасягнення эканамічных мэтаў (як гэта відаць з захопу Расіяй нафтагазавых рэсурсаў і інфраструктуры).

    Расійскі варыянт экспарту бяспекі

    Пакуль што расійскія ПВК былі выяўленыя ў трох афрыканскіх краінах. Нягледзячы на вядомасць Башыра, а магчыма менавіта праз яе, выглядае, што Масква выбрала яго ўрад у якасці аднаго з сваіх ключавых афрыканскіх саюзнікаў. Дыктатар некалькі разоў наведваў Расію, крытыкуючы ЗША і заклікаючы Маскву “выратаваць Афрыку, як яны гэта зрабілі з Сірыяй”. Аўтарытэтныя расійскія крыніцы раскрылі інфармацыю пра “членаў расійскіх ПВК, як мяркуецца, з групы Вагнера, якія дзейнічаюць у Судане”. Ігар “Стралкоў” Гіркін выкрыў аналагічныя факты пра дзейнасць такіх групаў ва Украіне.

    Акрамя сваіх багатых прыродных рэсурсаў (у прыватнасці, запасаў нафты) і патрэбы ў інвестыцыях у інфраструктуру, Судан валодае геаграфічнымі перавагамі: на ўсім працягу Паўночнай і Паўднёвай Афрыкі Судан можа забяспечыць стратэгічна важны доступ да Афрыканскага Рогу. Таму Расія магла б шмат што атрымаць ад супрацы з Суданам, уключаючы доступ да суданскіх партоў і нават дазвол на будаўніцтва ваенна-марской базы на ўзбярэжжа Чырвонага мора.

    Між тым, прэзідэнт Фастэн-Аршанж Туадэра нарэшце пацвердзіў чуткі, што “расійскія вайсковыя інструктары” ажыццяўляюць місію па бяспецы і навучанні ў ЦАР. Краіна, неверагодна багатая золатам, дыяментамі і ўранам, апынулася ахопленая жорсткім супрацьстаяннем паміж мноствам узброеных і ваенізаваных груповак. Палітычная нестабільнасць ЦАР, міжнародная ізаляцыя і няздольнасць самастойна здабываць прыродныя рэсурсы робяць краіну ідэальнай “аперацыйнай” пляцоўкай для Расіі. Расійская ПВК “Патрыёт”, цесна звязаная з ФСБ, МЗС і расійскімі паветрана-касмічнымі сіламі, праводзіць сумнеўныя місіі ў ЦАР (і адтуль далей), у тым ліку мяркуецца, што яна мае дачыненне да забойства трох расійскіх журналістаў у гэтай краіне.

    Бурундзі дэманструе новую мадэль таго, як Расія магла б выкарыстоўваць ПВК ў Афрыцы і іншых рэгіёнах.

    Расейскае інфармагенцтва “Дождь” сцвярджае, што краіна з’яўляецца тэатрам аперацыяў як для групы Вагнера, так і для “Патрыёта”. Сапраўды, генерал-палкоўнік (у адстаўцы) Леанід Івашоў, прэзідэнт Акадэміі геапалітычных праблемаў, пацвердзіў, што “Патрыёт” прысутнічае ў Бурундзі. Выглядае, гэтыя дзве ПВК выконваюць у Бурундзі розныя функцыі: у той час як група Вагнера займаецца галоўным чынам ваеннымі задачамі, “Патрыёт”  (дзе лепш плацяць і якая лепш тэхнічна забяспечаная) гарантуе бяспеку і абараняе важных людзей і аб’екты інфраструктуры.

    Магчымасці для Расіі

    Паколькі Ігзэкутыў Аўткамз (Executive Outcomes), ПВК, якая некалі дамінавала на афрыканскім кантыненце, даўно зышла ў нябыт, а многія місіі па падтрымцы міру на кантыненце апынуліся неэфектыўнымі, урады ў Цэнтральнай Афрыцы, як бачна, усё больш спадзяюцца на новыя групы наймітаў. Гэтыя групы, верагодна, будуць граць важную ролю ў барацьбе буйных дзяржаваў за ўплыў у рэгіёне, ствараючы магчымасці для Расіі. Выглядае, што дыктатарам краінаў рэгіёну даспадобы расійскі падыход: забеспячэнне абароны і навучання ў абмен на правы на рэсурсы і/або інфраструктурныя кантракты. З улікам усіх гэтых фактараў верагодна, што колькасць расійскіх ПВК ў Афрыцы і маштабы іх дзейнасці будуць хутка расці.

    ПаказацьСхаваць каментары