падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

На што глядзяць інвестары перад тым, як фінансаваць праекты ў краіне

На што глядзяць інвестары перад тым, як фінансаваць праекты ў краіне
Кароткі пераказ кнігі Рухіра Шармы “Уздым і падзенне дзяржаваў. Сілы зменаў у посткрызісным свеце” (The rise and fall of nations. Forces of change in post-crisis world).

Рухір Шарма, галоўны глабальны стратэг у Morgan Stanley Investment Management, параўноўвае інвеставанне з паляваннямі ў джунглях. Паводле яго, галоўнае – гэта ўмець адрозніваць шум джунгляў ад сігналаў, якія кажуць пра хуткі ўздым ці падзенне эканомікі пэўнай краіны.  

Многія міжнародныя арганізацыі, напрыклад, Сусветны банк ці Міжнародны валютны фонд, маюць сотні індыкатараў, якімі замяраюць перспектывы эканомікі, але не ўсе яны практычныя. Таму Шарма прапаноўвае свае 10 паказнікаў, якія будуць кшталтаваць стан эканомікі на бліжэйшыя пяць гадоў. (Далей ён заглядваць не раіць, бо чым даўжэйшы прагноз, тым больш памылак у ім).

Людзі важныя

Насуперак міфам, што робаты заменяць людзей на працы, колькасць даступных працаўнікоў дагэтуль мае агромністае значэнне. Таму, каб ацаніць перспектывы эканомікі, трэба глядзець, ці будзе расці альбо змяншацца памер працаздольнага насельніцтва. Болей за тое, істотна адсочваць, якія краіны даюць больш рады з прыцягненнем да працы сталых людзей, жанчын і замежнікаў.  

Цыкл жыцця

Палітыка застаецца важнай для эканамічнага росту. Найбольшыя шанцы на эканамічныя поспехі маюць новыя дэмакратычныя лідары, якія прыходзяць ва ўладу ў часе крызісу. Яны нашмат лепшыя для бізнесу, чымся зачарсцвелыя на сваіх пастах кіраўнікі ці нават тэхнакраты, пазбаўленыя палітычнага нюху.

Як прыклад, Уладзімір Пуцін ці Рэджэп Эрдаган праводзілі эканамічныя рэформы, калі абодва прыйшлі ва ўладу, і таму эканомікі Расіі і Турцыі мелі большыя шанцы на поспех. Цяпер жа яны пазбягаюць рэформаў. Але калі б яны сышлі з кіроўных пасадаў пасля двух тэрмінаў, то маглі б стаць легендарнымі кіраўнікамі для сваіх краінаў.

Добрыя мільярдэры, дрэнныя мільярдэры

Шарма пры эканамічным аналізе раіць глядзець, на чым зарабляюць самыя багатыя людзі краіны. Напрыклад, “дрэнныя мільярдэры” робяць капіталы на такіх галінах эканомікі, якія традыцыйна звязаныя з карупцыяй, як здабыча нафты або будаўніцтва. “Добрыя мільярдэры” робяць грошы ў сферы тэхналогіяў, фармацэўтыкі ці гандлю.

Прапорцыі “добрых”/дрэнных мільярдэраў” у краіне і тэмпы зменаў гэтых прапорцыяў паказваюць, ці эканоміка стварае прадуктыўнае багацце, якое дазволіць ёй і надалей расці. Напрыклад, у Расіі дзве траціны маёмасці мільярдэраў належаць “дрэнным” з іх, што сведчыць аб кепскіх перспектывах для ўсёй краіны.

Небяспека ад дзяржавы

Каб ацаніць карысць умяшання дзяржавы ў эканоміку, трэба спачатку глядзець на памер дзяржаўных выдаткаў ад агульнага памеру ВУП. Напрыклад, у Францыі ён складае 57 % (што зашмат), а ў Нігерыі 12 % (што замала). Але не толькі памер мае значэнне, гэтаксама істотна сачыць, на што ідуць гэтыя дзяржаўныя выдаткі: ці гэта карысныя інвестыцыі альбо сацыяльныя выплаты.

Апроч таго, варта звяртаць увагу на ролю дзяржаўных прадпрыемстваў і банкаў: ці ўлады іх выкарыстоўваць для штучнага росту эканомікі і якое стаўленне яны маюць да прыватнага бізнесу; ці яны яго душаць альбо яму спрыяюць.

Геаграфічная салодкая пляма

Ёсць некалькі краінаў, якія напоўніцу выкарыстоўваюць свой геаграфічны патэнцыял, да прыкладу, Арабскія Эміраты (прыязны дом для суседзяў, якія паміж сабой варагуюць), Польшча ці Мексіка (якія знаходзяцца на мяжы з буйнымі рынкамі Заходняй Еўропы і Злучаных Штатаў). Гэта паказвае, што рост эканомікі адбываецца на тых шляхах, па якіх вязуць тавары, альбо там, дзе прасцей гэтыя тавары вырабляць.

Але для таго, каб мець магчымасць выкарыстаць гэты патэнцыял, краіна мусіць адчыніць дзверы ў трох кірунках: сваім суседзям, больш далёкім краінам і паміж сваімі рэгіёнамі.

Фабрыкі перадусім

Высокі ўзровень росту інвестыцыяў (25-35 %) – гэта часцей добры знак, чымся дрэнны. Але пры імклівым росце інвестыцыяў частка з іх можа быць страчаная, бо пры вялікім памеры якасць інвеставання цяжэй адсочваць.

Найлепшыя інвестыцыі – гэта тыя, якія накіраваныя на развіццё фабрык, тэхналогіяў ды інфраструктуру. Найгоршыя інвестыцыі – гэта звычайна тыя, якія накіраваныя на будаўніцтва кватэр і здабычу сыравіны. Пры гэтым фабрыкі маюць асаблівае значэнне, бо ніводзін народ (апроч багатых нафтаю) не выбраўся з беднасці без развіцця прамысловага патэнцыялу.

Цана цыбулі

Нізкая інфляцыя застаецца адным з незаменных апірышчаў сталага эканамічнага росту. Напрыклад, у Сінгапуры з 1961 да 2002 года сярэдняя штогадовая інфляцыя не перакрочвала 3 %.

Інфляцыя можа знішчыць эканамічны рост, але таксама з’яўляецца пагрозай для палітычнай стабільнасці. Паводле аднаго з даследаванняў, рэвалюцыі 1848-га года звязаныя не з распаўсюдам дэмакратычных ідэяў, але з імклівым ростам цэнаў.

Танна – гэта добра

Істотнае пытання для інвестара – наколькі цэны ў краіне выглядаць нізкімі або высокімі. Дарагая валюта звычайна вядзе да вываду грошай з эканомікі. Напрыклад, раней бразільскія заможныя людзі выводзілі грошы з краіны і набывалі ўсё, што маглі, на Манхэтэне, бо адчувалі сябе як на распрадажным рынку. Іх рэал быў парадаксальна дарагі ў параўнанні з амерыканскім доларам.

Танная ж валюта звычайна лепш, бо прыцягвае інвестыцыі ў краіну. Яшчэ лепш, калі рынкавая нізкая цана мясцовай валюты ідзе парай з нізкім узроўнем інфляцыі. Гэта дае мясцовым прадпрымальнікам упэўненасць, што іх бізнес будзе развівацца, банкі пры гэтым даюць адэкватныя крэдыты, а замежныя інвестары фінансуюць праекты ў краіне.

Пацалунак доўгу

Для Шармы істотнае пытанне ў тым, ці расце доўг краіны хутчэй за яе эканоміку. Пры гэтым сам памер доўгу не настолькі важны, як менавіта тэмп росту гэтага доўгу. І змена прапорцыяў доўгу да ВУП паказвае, ці стан эканомікі паляпшаецца ці пагаршаецца.

Празмерныя даўгі не толькі вядуць да фінансавага крызісу, але пасля пакідаюць посткрызісную фобію даўгоў, калі банкі баяцца даваць пазыкі, а людзі іх браць. Гэткі страх даўгоў развіваўся ў Мексіцы пасля крызісу 1994-га і дагэтуль існуе. Праблема фобіі даўгоў у тым, што без пазыкаў эканоміка расце куды павольней, чым магла б.

Назіранне за шумам

Мэйнстрымавыя медыі звычайна няправільна разумеюць перспектывы той ці іншай краіны (адзіным добрым выключэннем застаецца The Economist). Гэта звязана з тым, што інфармацыя пра росквіт альбо заняпад нейкай эканомікі даходзіць са іх спазненнем (“калі гісторыя трапляе на вокладку Time альбо Newsweek, яна ўжо неактуальная”).

Іншая праблема ў тым, што многія заходнія выданні арыентуюцца на прагнозы МВФ, якія звычайна звышаптымістычныя. Такім чынам, найбольш улюбёныя медыямі краіны наўрад ці пакажуць вельмі імклівы рост у той час, як андэрдогі (асабліва пасля крызісу) могуць усвядоміць свае памылкі і пайсці шляхам рэформаў.

Добрыя, сярэднія, пачварныя