Павел Данэйка:
«Калі мы возьмем Еўрабарометр, то беларусы па любові да прыватнай уласнасці – трэція ў Еўропе пасля Даніі і Албаніі. Гэта адбылося праз тое, як фармаваўся беларускі бізнес. Вельмі пазітыўную ролю адыграла адсутнасць прыватызацыі, бо ў грамадстве звычайна каля 10 % людзей, здольных да прадпрымальніцтва. І звычайна гэтыя людзі імкнуцца ў тыя сферы, дзе можна зарабіць па максімуме. Вось калі ва Украіне ці Расіі пачалася прыватызацыя, то гэтыя людзі рванулі туды».
«Тыя, хто хацеў займацца ў Беларусі прадпрымальніцтвам, пачалі ствараць свае бізнесы з нуля, і ў першую чаргу вытворчыя, бо ўлада падтрымлівала такі від прадпрымальніцтва».
«Ці лічыце вы, што дзяржава мае пераразмяркоўваць даходы – вось па гэтым індэксе беларусы як у Швецыі – вельмі сацыялістычныя, лічаць, што дзяржава мусіць дапамагаць тым, каму кепска. Таму нашая канфігурацыя каштоўнасцяў блізкая да шведскай».
«Адзіная цікавая асаблівасць у беларускім бізнесе – высокі ўзровень высокатэхналагічнага прадпрымальніцтва. Мы ўваходзім у 20-ку краін з высокім узроўнем высокатэхналагічнага прадпрымальніцтва, і ўсе астатнія краіны там – звышразвітыя».
«Калі мы глядзім на праяўленне каштоўнасных сістэмаў, то адбыўся пералом у грамадстве. Людзі заявілі свае пазіцыі адкрыта. Тое, чаго раней не было. Мы мелі пасіўнае грамадства, дзе свае пазіцыі ніхто не праяўляў. Гэта была такая пасіўная падтрымка існай сітуацыі і сістэмы. Тое, што мы маем сёння, – менавіта знікненне гэтай пасіўнай падтрымкі».
Генадзь Коршунаў:
«Беларусы ў нулявых гадах сталі дастаткова шмат выязджаць за мяжу. Тады было нават некалькі гадоў запар, калі беларусы былі лідарамі па колькасці атрыманых шэнгенскіх віз у свеце. Гэта значыць, што людзі ездзілі і знаёміліся з іншымі культурамі, досведам вядзення бізнесу, з іншым вопытам арганізацыі жыцця ў цэлым».
«Каштоўнасныя змены, якія фармаваліся цягам апошніх 15 гадоў, выбухнулі ў 2020-ым годзе дзякуючы таму ж ковіду, калі ўлада проста адмовілася вырашаць праблему, і дзякуючы паскарэнню сацыяльнай дынамікі падчас выбараў».
«За пункт адліку можна было б браць 2014-ы год, калі падзеі ва Украіне прымусілі Лукашэнку пераўтварыцца ў лакальнага міратворца. Гэта прымусіла яго пайсці на яшчэ большую лібералізацыю. Аказалася, што ў Мінску можна набыць бел-чырвона-белы сцяг. Я памятаю гэтае адчуванне, калі ідзеш па вуліцы і разумееш, што тое, што цяпер адбываецца, яшчэ пару гадоў таму было немагчыма сабе нават уявіць».
«Людзі выбудавалі сваю альтэрнатыўную сістэму – адукацыі, аховы здароўя, эканамічную. У часы ковіда і сацыяльнай рэвалюцыі людзі выбудавалі нават уласную альтэрнатыўную ініцыятыўную падатковую сістэму, што складаецца з данатаў і т.п.»
«Гэта законы сацыяльнай дынамікі. Цудоўная праца ёсць па мурашах. У ёй высветлілася, што ладная іх частка – гультаі. Яны не працуюць. Але калі прыбраць тых, што працуюць, то і гэтыя пачнуць працаваць. Сістэма мусіць жыць».
«Гэта цывілізацыйны разрыў. Ён не звязаны з адукацыяй, узростам ці падзелам населеных пунктаў па колькасці насельніцтва. Гэта розніца – светапоглядная. Паміж тымі, хто хоча сам адказваць за сябе, сваю сям’ю, бізнес, за сваю краіну, і тымі, хто кажа: “Не, я ні за што адказваць не хачу. Я сваё права аддаў уладзе, дзяржаве, хай яны вырашаюць. Ад мяне нічога не залежыць і я не хачу ні за што адказваць”».
«Праз тое, што робіць улада, як яна наладжвае сацыяльную дынаміку апошнія 20-25 гадоў, адбываецца рэгрэс у традыцыйнае грамадства, дзе ёсць толькі адзін суб’ект – манарх, а астатнія – падпарадкаваныя, васалы, і волі ў іх няма. Гэта жорстка структураваная аўтарытарная сістэма, дзе ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека».
«За кошт высокага інтэлектуальнага ўзроўню, чалавечага капіталу і народжанага сацыяльнага капіталу беларусы сталі лабіяваць свае інтарэсы па ўсім свеце. Гэта фенаменальна!»
Даведка:
Генадзь Коршунаў – сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй.
Павел Данэйка – эканаміст, дырэктар даследчага цэнтра BEROC, раней кіраваў Бізнес-школай ІПМ.