Прапануем вашай увазе канспект гутаркі дыпламата, былога амбасадара Беларусі ў Аргенціне Уладзіміра Астапенкі і дарадцы па выбарах, былога супрацоўніка БДІПЧ АБСЕ Аляксандра Шлыка з даследчыцай Цэнтра новых ідэй Лесяй Руднік.
Сфальсіфікаваныя выбары – уваходная кропка крызісу
Сярод беларусаў усё часцей паўстае пытанне: чаму варта размаўляць пра новыя выбары менавіта цяпер, калі востра стаяць пытанні бяспекі ды вызвалення палітзняволеных?
“Падзеі 9-га жніўня мінулага года, калі ўлады груба сфальсіфікавалі рэзультаты прэзідэнцкіх выбараў, ляжаць у аснове ўсіх далейшых смутных падзеяў, якія адбыліся ў нашай краіне”, – кажа Уладзімір Астапенка. Больш за 35 000 чалавек былі пакараныя адміністратыўнымі арыштамі, штрафамі, патрапілі пад крымінальны пераслед. Першыя палітзняволеныя патрапілі ў турму яшчэ да правядзення выбараў. Цяпер іх ужо каля 500.
Толькі новыя выбары будуць тым адказам, які дазволіць нам стварыць новы фундамент для нацыянальнага прымірэння, згоды, выбару прыярытэту нашага развіцця.
“Відавочна, што ўваходнай кропкай крызісу былі сфальсіфікаваныя выбары”, – развівае думку Аляксандр Шлык. Адпаведна, спосабам вырашэння гэтага крызісу мусяць стаць новыя сумленныя выбары. Правядзенне такіх выбараў магчыма толькі ў асяроддзі, дзе шануюцца правы чалавека, пры пераходзе да дэмакратычнага ўпарадкавання дзяржавы.
Што робяць дэмакратычныя сілы для дасягнення новых выбараў? І што рабіць, калі не адбудзецца перамоваў паміж апазіцыяй і рэжымам?
Па словах Астапенкі, дэмакратычныя сілы, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, у прыватнасці, ставяць за мэту адхіленне Лукашэнка ад улады як нелегітымнага прэзідэнта. Другі этап – падрыхтоўка да новых выбараў, пераходны перыяд. Свабодныя СМІ шырока асвятляюць дзеянні дэмакратычных сілаў. Сёння мы маем больш актыўную падтрымку міжнароднай супольнасці, праводзяцца акцыі, напрыклад, блакаванне дарог на беларуска-польскай мяжы, “Святло супраць цемры”, “Напішы ліст палітзняволенаму” ды іншыя. Галоўнае – змусіць рэжым сесці за стол перамоваў з апазіцыяй.
Безумоўна, крызіс, які мы маем цяпер, дэпрэсіўна ўплывае на людзей. Тым не менш трэба факусавацца на галоўнай мэце – будучых свабодных выбарах. Пошук выключна дэмакратычных шляхоў вырашэння крызісу займае час.
“Ідэальнай карцінкі не будзе”
Не будзе часу і палітычнай магчымасці змяніць палітычны кодэкс. Такія кірункі, як змена элементаў выбарчага заканадаўства, фармаванне выбарчых камісіяў, праверка подпісаў за кандыдатаў, падлік галасоў, доступ назіральнікаў да ўсіх этапаў выбараў, дазволяць правесці вартыя даверу выбары ў рамках дзейнага заканадаўства.
Аляксандр Шлык тлумачыць: звычайна падлік галасоў пачынаецца з падліку пустых бюлетэняў, але чамусьці гэтыя дадзеныя ў нас фіксуюцца апошнімі. Магчыма, гэта робіцца для таго, каб лічбы сышліся? Таму цяпер каманда Святланы Ціханоўскай рыхтуе палажэнне аб пакрокавым падліку галасоў і новай форме пратакола. Агулам ідэальны варыянт прапанаваць немагчыма. Калі нешта з прапанаваных рашэнняў не эфектыўнае, варта ўносіць праўкі.
Уладзімір Астапенка падкрэслівае, што цяпер у Беларусі прэзідэнт і ўрад нелегітымныя, парламент не выконвае прадстаўнічай функцыі. Апошнія змяненні ў заканадаўстве (адміністратыўным, крымінальным) прынятыя ад імя народа, але, па вялікім рахунку, самім народам не падтрымліваюцца.
Чорная дзірка на карце Еўропы. На АБСЕ спадзявайся, але і сам старайся
“Добрая дыскусія – гэта не тады, калі знайшоў адказы на ўсе пытанні, а калі выйшаў з большай колькасцю пытанняў”, – гэтак Шлык характарызуе міжнародную канферэнцыю “Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі”, ініцыяваную камандай Святланы Ціханоўскай. Прадстаўнікі розных краін на самых высокіх узроўнях зацікаўленыя ў пошуку якасных рашэнняў для будучых выбараў у Беларусі. Яны адкрыта дзеляцца тым, з якімі праблемамі сутыкаліся самі.
Выбары – гэта ўнутраная справа, таму варта пазбягаць такой фармулёўкі, што “ў нас будуць выбары пад эгідай міжнародных арганізацыяў”. Аляксандр упэўнены, што сітуацыя ў Беларусі не настолькі дрэнная, каб праводзіць іх пад кантролем міжнародных арганізацыяў. Напрыклад, АБСЕ не праводзіць выбары за кагосьці, яна дапамагае ў працэсе рэформаў. АБСЕ назірае за выбарамі. Адным з важным фактараў у выбарах 2020-га года быў нядопуск да назірання АБСЕ.
Беларусь – адзіная краіна еўрапейскага кантынента, якая не з’яўляецца чальцом Рады Еўропы.
- Не варта перабольшваць ролю міжнародных арганізацыяў: у іх ёсць свае ліміты магчымасцяў.
- Санкцыйная палітыка, перш за ўсё Еўрапейскага саюза, можа мець вялікі пазітыўны ўплыў.
- Беларусь так і не ўвайшла ў Раду Еўропы. Гэта ў чарговы раз паказвае Беларусь як чорную дзірку на карце Еўропы. Вядома, што Рада Еўропы факусуецца і эфектыўна працуе ў галіне правоў чалавека. Уваходжанне ў Раду Еўропы з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў новай Беларусі, падсумоўвае Астапенка.
Цікава тое, што міжнародная супольнасць прызнае: цалкам магчыма правесці празрыстыя выбары ў межах дзейнага ў Беларусі заканадаўства. Рана ці позна трансфармацыя пачнецца, перакананы Аляксандр Шлык.
Абяцаць хуткія выбары – справа палітыкаў
Адпаведна заканадаўству, датэрміновыя выбары праводзяцца ў тэрмін ад 30 да 70 дзён. На практыцы ўкласціся ў 30 дзён – нерэальна. 45 дзён – магчыма, пры ўмове, што ўсе, у тым ліку суды і камісіі (пры аспрэчванні пэўнага рашэння кандыдатамі, напрыклад), працуюць максімальна хутка.
Абяцаць хуткае правядзенне выбараў, – цудоўна, калі вы палітык. Але з прафесійнага пункту гледжання патрэбна 60-65 дзён.
Гэта не значыць, што паралельна з датэрміновымі выбарамі немагчыма займацца іншымі працэсамі (напрыклад, правядзеннем рэферэндумаў).
Ці могуць выбары аб’яднаць людзей? І што рабіць з тымі, хто раней удзельнічаў у правядзенні выбараў?
Што тычыцца тых, хто (у адрозненне ад тых, хто лічыў галасы празрыста) не знайшоў у сабе сілы правесці справядлівыя выбары ў мінулым годзе і раней, Аляксандр Шлык падкрэслівае: “Нам трэба будзе шукаць шляхі, каб выбары былі не толькі працэсам, які прывядзе да дэмакратыі, але і самі па сабе былі спосабам аб’яднаць людзей”. На думку эксперта, добрым рашэннем можа быць рэкамендацыя не прызначаць тых, хто раней займаўся выбарамі, на кіроўныя пасады. Няхай пакажуць, на што яны здольныя, падлічваючы галасы на ўчастках, а не кіруючы працэсам.
Пытанне, на якое варта накіраваць асобую ўвагу, – як мы бачым адміністраванне выбарамі. Як зрабіць так, каб у Беларусі быў рэестр матываваных і падрыхтаваных людзей (сярод грамадзян), якія на ўсіх узроўнях змогуць непрадузята правесці выбары.
З другога боку, як адзначае Уладзімір Астапенка, ёсць і іншы падыход. Вядома, што старшыні ды чальцы камісіяў, прыцягнутыя да адказнасці за грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства, не могуць зноў мець дачынення да выбараў.
Лічбавае галасаванне: ад Венесуэлы да Эстоніі
Лічбавымі тэхналогіямі карыстаюцца пры правядзенні выбараў як у Эстоніі, так і ў Венесуэле. Беларусь як краіна з развітым IT-сектарам можа быць гатовая да выкарыстання лічбавага галасавання ў перспектыве, таму што ёсць шмат падводных камянёў.
“Няма чалавека – няма праблемы”, – прынцып, які не дзейнічае пры лічбавым галасаванні.
За лічбавым галасаванне ўсё роўна стаяць людзі: і тыя, хто прымае ўдзел у выбарах, і тыя, хто піша код. Меркаванне пра тое, ці правільна машына падлічыла галасы, прымае чалавек. Па словах Аляксандра Шлыка, пік зацікаўленасці ў лічбавым галасаванні быў дзесяць гадоў таму. Практыка паказвае, што шмат краінаў адмаўляецца ад выкарыстання лічбавых метадаў. Эстонія наадварот зрабіла паспяховае выкарыстанне лічбавых тэхналогій адметнасцю сваіх выбараў. Нельга забываць, што лічбавае галасаванне не сінанімічнае даверу да выбарчага працэсу. Таксама трэба добра растлумачыць людзям, як працуе тэхналогія блокчэйну.
Для таго, каб працавалі лічбавыя рашэнні, патрэбна стварыць давер, – не наадварот.
Пра экспертаў:
Уладзімір Астапенка – дыпламат, былы амбасадар Беларусі ў Аргенціне.
Аляксандр Шлык – дарадца па выбарах, былы супрацоўнік БДІПЧ АБСЕ.
Мадэратарка:
Леся Руднік – даследчыца Цэнтра новых ідэй.