падтрымаць нас

Артыкулы

Тры пытанні пра беларускую палітыку і эканоміку

Тры пытанні пра беларускую палітыку і эканоміку

Цэнтр новых ідэй сёлета правёў другую канферэнцыю Reshape, на якой найлепшыя эксперты выказаліся па пытаннях развіцця краіны.

Распачалі мерапрыемства прадстаўнік партыі “Разам”, сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў ды вядомы эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы. Мы падрыхтавалі канспект з самымі цікавымі выказваннямі.

Вяртанне ў мінулае

Відавочна, што ў выніку пасляжнівеньскіх падзеяў краіна і яе эканоміка па розных пазіцыях адкінутыя на 5-10 гадоў назад. Гэта бачна па практыках кіравання, калі глядзець, пачынаючы ад грашова-крэдытнай сферы. Той жа Нацыянальны банк вымушаны вярнуцца да таго, што рабіў да 2015-га года, але ёсць імавернасць, што ў некаторых пытаннях, напрыклад, у сферы валютнага рэгулявання, мы адкінутыя і на ўсе 10 гадоў назад.

Безумоўна, адбылося вяртанне сілавога кантролю. Па ўсіх пазіцыях праходзіць адкат ад планаў, якія мелі на мэце рух у бок больш рынкавых механізмаў, і назіраецца вяртанне да адміністратыўнага кантролю.

Апошнім часам рухальнай сілай эканомікі былі людзі, якія шмат у чым навучыліся жыць без дзяржавы, людзі, якім трэба было максімум не замінаць. Але каштоўнасць кантролю цяпер узяла верх перад разуменнем таго, якое развіццё патрэбнае краіне.

Апошнія паўтара года перад выбарамі наша эканоміка падышла да натуральных межаў свайго росту, калі для таго, каб расці далей, статус-кво паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі быў ужо недастатковы. Новая эканоміка патрабавала вялікага ператоку рабочай сілы і кампетэнцый з дзяржаўнага сектара. У перыяд ад з’яўлення каранавіруса і да падзеяў пасля выбараў (асабліва сігналаў з Усебеларускага сходу, калі было заяўлена пра тое, што ў нас ёсць бізнесы, якія “трэба выразаць”) гэтая перспектыва была перакрытая.

Калі б мы змаглі перайсці на новы этап, то выйшлі б з замкнёнага кола і нізкага росту ў 1-2,5 % на год і змаглі б нават стварыць інстытуцыйнае асяроддзе, якое было б здольнае развівацца. Цяпер усё гэта пад пагрозай.

Кароткі гарызонт планавання

Людзі, якія стваралі касцяк гэтай новай эканомікі, якія на гэтых выбарах прад’яўлялі іншы запыт да якасці дзяржаўных паслуг у абмен на падаткі, вельмі дэматываваныя. Некаторыя нават з’язджаюць з краіны.

Адбылося і рэзкае скарачэнне гарызонту планавання. Гэта адбылося вымушана, бо ўлады вырашылі: усё, што непадкантрольна ім, што можа жыць без іх, фінансавацца без удзелу дзяржавы, уяўляе пагрозу. Без вырашэння задачы гэтага кантролю яны не бачаць далейшага развіцця. У выніку доўгатэрміновы гарызонт планавання пачынаецца хіба што пасля 6 месяцаў, усё што далей – для ўладаў цяпер нерэальна нават уяўляць.

А гэта значыць і тое, што мы аказаліся ў спажывецкай і рэінвестыцыйнай рэцэсіі. Цяпер буйныя выдаткі пастаўленыя на паўзу, нават інвестыцыйныя. Дзяржава спрабуе замясціць іх самастойна, але ў яе гэта атрымліваецца кепска.

Адбылося і татальнае разбурэнне даверу да прававой сістэмы, на якой пабудаваная сучасная эканоміка – на выкананні кантрактаў, на вяршэнстве права. Цяпер варта сказаць, што “гэты бізнес – нейкі ненадзейны і ён будзе разбураны нават не тваймі рукамі”. Такі недавер разбуральны для прадпрымальніцкай дзейнасці.

Кансервацыя росту

Цяпер улады супрацьстаяць з ментальнасцю кантролю каштоўнасцям свабоды і развіцця. Яны гатовыя ахвяраваць тэмпамі эканамічнага развіцця, тэмпамі росту дабрабыту ў стылі: “Ну, хоць ніхто не будзе галадаць”.

Жахліва, калі мы чуем з вуснаў прэм’ера: “Ай, падумаеш, максімум 3 % росту на год”. Гэта вельмі шмат – губляць па 3 % росту на год. Мы не толькі кансервуем нізкія тэмпы эканамічнага росту, але кансервуем і сваё адставанне ад суседзяў.

Была і няправільная рэакцыя дзяржавы на каранавірус, калі было адмоўлена ў дапамозе бізнесу. Галоўнае было захаваць дзяржаўныя прадпрыемствы, а вы выжывайце за кошт уласных зберажэнняў.

Пры іншых роўных мы б сёння раслі тэмпамі 5-6 % ВУП у год, бо зараз добрая сусветная кан’юнктура – усе ачунялі пасля каранавіруса, а мы замест таго, каб адкрывацца, каб выкарыстоўваць гэты попыт, нічога не робім.

Мы не скарысталіся момантам, калі можна было перайсці на новы этап, выйсці з гэтай стагнацыі, але дзеянні, якія ажыццяўляюць улады, акно магчымасцяў зачыняюць яшчэ больш.

Ці адчуваюць чыноўнікі крызіс як мы?

Вялікая колькасць чыноўнікаў разумела, што сцэнар нейкага сумнеўнага выніку на выбарах будзе і верагодны сцэнар сілавога падаўлення нязгодных з гэтым. Разлічвалі на сцэнар 2011-га года, які прывёў да халодных стасункаў з народам, але потым усё наладзілася, у тым ліку і ў пытаннях дачыненняў з Захадам. І слова “нармалізацыя” тады гучала асабліва часта ў першыя месяцы пасля выбараў, маўляў, усё адно мы потым усіх выпусцім і Захад нічога не зробіць і вернецца да нармальных стасункаў.

Халодная грамадзянская вайна

Летась дакладна ніхто не чакаў такой інтэнсіўнасці і працягласці пратэстаў. Ідзе халодная грамадзянская вайна. Ідзе пошук змовы, хоць ніхто і не знаходзіцца. Таму даводзіцца бачыць гэта за кожным вуглом. Калі б нейкая змова была, то яе ўжо даўно б знайшлі і жылі б далей з новымі правіламі. Але паколькі яны шукаюць тое, чаго няма, то пошукі працягваюцца. Карціна свету тых, хто знаходзіцца наверсе, паказвае, што калі гэта не змова, то сапраўды, можа, народ разлюбіў кіраўніка.

Ілюзія канчатковай перамогі

Сярод чыноўнікаў назіраецца сур’ёзнае расчараванне. Шмат хто прыходзіў ва ўладу, хоць поле магчымасцяў і было абмежаванае. Але момант, дзеля каторага ты працаваў, не тое, што не надыходзіць, а знаходзіцца ў вельмі далёкай перспектыве.

Тыя людзі, што зараз знаходзяцца ва ўладзе асэнсоўваюць крызіс. Не ўсе ішлі туды дзеля ўлады і грошай. Усё ж шмат хто хацеў нейкую карысць краіне прынесці. А цяпер яны бачаць, што шанцы для гэтага і акно магчымасцяў змяншаюцца. Сысці яны не могуць, бо адразу апынуцца ў шэрагах умоўнага “ордэна Іуды”.

А цяпер з боку ўладаў (хоць, можа, з гэтым і не абавязкова згаджаецца іх большасць) ёсць уяўленне, што яны знаходзяцца на пераможным шляху і канчаткова могуць вырашыць пратэснае пытанне. Канешне, гэта ілюзія.

“Мы за ценой не постоим…”

Ніхто не можа з боку ўлады сфармуляваць, як будзе ў выніку выглядаць фінальная кропка і іх перамога – хаджэнне шыхтамі ці эканоміка ваеннага камунізму.

Гістарычныя аналогіі можна знайсці хіба што ў ментальнасці маладой савецкай дзяржавы ў атачэнні капіталістычных дзяржаў.

НАУ і іншыя апазіцыйныя структуры ніякіх інструментаў, акрамя маральнага ўздзеяння, не маюць, таму што ты заўжды кіруеш тым рэсурсам, які можаш разбурыць. Яны ў вачах уладаў нічым не кіруюць, але ў сувязі з нарастаннем непазбежных новых санкцый статус апазіцыйных структур можа вырасці. Улады могуць думаць, што ў іх ёсць рычагі ўплыву на працягласць, адраснасць санкцый.

Перамовы вядуцца хіба што ў стылі “мы неяк перастараліся, давайце вернемся да таго, як было…”, як агучвала Качанава, нібыта кажучы пра нейкую камп’ютарную гульню з апошнім сэйвгеймам на ўзроўні 8-га жніўня 2020-га года.

Апошнія тыдні вось гэтае “перагарнем старонку” змянілася на размовы пра контрсілу, якая можа зрабіць ім балюча. І гэта зусім не апазіцыя.

Гэта больш, чым крызіс недаверу. Страта знешняй і ўнутранай легітымнасці прыводзіць да таго, што лёс Беларусі ўсё больш абмяркоўваецца знешнімі гульцамі – нават перамовы Байдэна і Пуціна важнейшыя за дзеянні беларусаў. І гэта не вельмі добра. У ідэале гэта мусіў бы быць прынамсі трохбаковы механізм.

Віртуальная рэальнасць для ўлады, або ісціна недзе побач

Калі ацэнкі таго, што адбываецца, настолькі адрозніваюцца, то відавочна, што нейкая версія не можа быць праўдзівай. Тут не можа быць так, што “ісціна дзесьці побач”.

Улады, на жаль, ужо некалькі месяцаў як пачынаюць жыць у свеце віртуальнай рэальнасці, дзе яны перамаглі, усё добра, эканоміка расце. І вось гэтае прадукаванне ілюзіі – вельмі кепская сітуацыя.

Калі знаходзіцца ў парадыгме змовы, то абарончыя механізмы ад рэальнасці выбудаваныя на адбудове герметычнай сістэмы. На жаль, такая сістэма атрымліваецца досыць трывалай, бо кожны, хто будзе выступаць супраць, будзе абазначацца як вораг, як пацверджанне слушнасці сістэмы.

На жаль, ужо былі ў гісторыі такія выпадкі, калі ля ўлады затрымліваліся падобныя групоўкі. Мае адбыцца нешта сур’ёзнае, каб гэтыя паветраныя замкі разбурыліся.

“Гарант” незалежнасці

Доўгі час Лукашэнка меў крэдыт даверу нават сярод самай радыкальнай апазіцыі, калі лічылася, што менавіта ён з’яўляецца апошнім абаронцам суверэнітэту. Канешне ж, ён па-сярэднявечнаму разумеў суверэнітэт як самадзяржаўе.

Але цяпер шмат хто выказваецца за тое, каб скарыстацца знешнімі сіламі ды скінуць Лукашэнку. І небяспека сыходзіць ужо з той апазіцыі, якая раней была гатовая бачыць Лукашэнку абаронцам. Гэты аргумент канчаткова перастае працаваць. І гэта кепска.

Тут можа спрацаваць толькі адна стратэгія: чалавек – адзіная жывая істота, якая можа жыць візіяй будучыні. Трэба паспрабаваць, каб абодва бакі змаглі візуалізаваць свой ідэал. 

Стратэгія або тактыка?

Сёння тыя галіны, што былі надзеяй у плане росту краіны, зніштажаюцца. Пакуль што бачна толькі тактычная барацьба – у чарговы раз убачыцца з Пуціным, каб атрымаць трохі грошай і не дапусціць дэфолту.

Ёсць вядомая тактыка, апісаная яшчэ ў кнізе Алана Кара “Як кінуць паліць”. Трэба ўявіць тое, што будзе праз пару гадоў. Калі вы паліце, то больш губляеце грошай, у вас менш здароўя, колер твару і зубоў – горшы, з жанчынамі цяжэй становіцца.

І вось з візуалізацыяй таго, што яны хочуць у выніку атрымаць, уладзе цяпер значна цяжэй. 

Пачынаць дыялог мае сэнс не па тактычных пытаннях, а з тых самых каштоўнасных рэчаў. Давайце расказваць ідэалы адно аднаму. Калі пачнецца на такім узроўні дыялог, тады ўсё будзе добра.

Дзяржава для сілавікоў ці простых людзей?

У плане развіцця ў Беларусі ёсць два варыянты: або вялікая Малдова, або вялікая Эстонія.

У прынцыпе цяжка назваць тое, што адбылося летась, вялікім пераломам. Адбылася проста інтэнсіфікацыя шматлікіх трэндаў і працэсаў, якія ўжо існавалі раней.

Эстонія здолела выбудаваць за гады незалежнасці развітую лічбавую дзяржаву. У нас ужо нарадзіўся клас людзей (і гэта не толькі айцішнікі), якія гатовыя былі фармаваць новае асяроддзе. Яны фармавалі новы палітычны і сацыяльны ідэал.

Трэба шчыра сказаць сабе, для каго мы будуем дзяржаву: каб сілавікам было лягчэй рабіць сваю справу ці для астатніх людзей. І лепш за ўсё такіх людзей слухаць, а не спрабаваць самастойна за іх прыдумаць, як ім будзе лепей.

Грошы можна ўзяць, а вось дзе знайсці людзей? Гэта неаднаўляльны капітал у хуткай перспектыве.

Калі наступіць мір

Каб адбыліся падобныя варыянты, трэба спыніць беззаконне – сітуацыю, калі для адных закон такі, а для другіх – зусім іншы. Варта спыніць перапісванне законаў пад бягучы момант.

Вельмі моцна змяніўся ўзровень і якасць карупцыі. Калі раней гарызонт быў 10-15 гадоў і ты мог быць стацыянарным “бандытам”, атрымліваць некаторую рэнту, то цяпер гарызонт планавання – год-два. Чыноўнікі становяцца качэўнікамі, калі важна хутка набегчы, нешта забраць і сысці.

Вяртанне вяршэнства закона і спыненне бязмежжа – пачатак для размоваў.

ЗША як узор для пераймання

ЗША – сусветны праект, у якім людзі самых розных перакананняў, рэлігій, рас здольныя аб’ядноўвацца, выпрацоўваць агульныя правілы для ўсіх і рухацца далей.

Што такое справядлівы парадак – гэта сітуацыя, калі джэнтльмены дамовіліся пра такія правілы гульні, пры якіх незразумела папярэдне, якое месца зоймуць у грамадстве іх дзеці.