Пакуль Дзмітрый Кісялёў прапаноўвае разыгрываць еўрапейскія квоты для бежанцаў праз “Поле чудес”, самі еўрапейцы сустракаюць шматлікіх уцекачоў на вакзалах, прыносяць кветкі, ежу ды аказваюць першую дапамогу. Чаму заходнія еўрапейцы не разумеюць “культурнай небяспекі”, пра якую так настойліва кажа Усходняя Еўропа?
1. Тэхнічна-этычныя пытанні
Для людзей у развітых краінах ёсць вялікая розніца паміж тымі, хто хоча змяніць адну краіну на іншую дзеля працы ці новых магчымасцяў, і тымі, хто вымушаны бегчы ад вайны ці іншай небяспечнай для жыцця сітуацыі. Пры гэтым з пункту гледжання людзей, якія мігруюць, гэты падзел абсалютна не настолькі празрысты. Менавіта гэты факт вельмі бянтэжыць каментатараў з постсавецкай прасторы, якія лічаць, што большая частка перасяленцаў – гультаі, якія бягуць ад адказнасці ды шукаюць лепшага жыцця.
Для тых, хто ставіцца спачувальна, людзі, якія перакрочваюць мяжу ЕС, – уцекачы; для тых, хто хоча, каб яны трымаліся па-за межамі еўрапейскіх краінаў, яны – мігранты.
Зразумела, што вельмі праблематычна дакладна сказаць, ці ўсе людзі, якія цяпер шукаюць прытулку ў Еўропе, з’яўляюцца бежанцамі: сярод іх, зразумела, ёсць і мігранты, і ўцекачы. На практыцы ўсё не проста: квіток у Еўропу не азначае, што статус уцекача надаецца ўсім. Міграцыйныя службы ЕС спрабуюць аддзяліць адно ад другога, каб дазволіць застацца пацярпелым і не ўтрымліваць мігрантаў. Праз наданне афіцыйнага статусу ўцекача канвенцыі гуманітарнага і міжнароднага права прымушаюць еўрапейскія краіны прымаць людзей, якія шукаюць прытулку.
Такім чынам, на практыцы ўсё значна больш бюракратычна і складана ў этычным плане, чым гэта бачыцца на ўсходнім баку Еўропы.
2. Глабальная адказнасць
Сёння адбываецца самы вялікі крызіс уцекачоў пасля Другой сусветнай вайны – з’явы, падобнай па маштабах, не назіралася больш за палову стагоддзя.
Большая частка ўцекачоў застаецца на Блізкім Усходзе, у такіх краінах як Турцыя, Ліван ды Іярданія. Для тых, хто пытаецца, чаму ж уцекачы імкнуцца ў Еўропу, а не застаюцца ў суседніх краінах, варта задумацца пра адносныя лічбы: амаль што кожны пяты жыхар Лівана – гэта бежанец. Для параўнання, у Германіі, нягледзячы на фотаздымкі даўжэзных чэргаў, – гэта толькі кожны чатырохсоты. З 2,5 млн сірыйскіх бежанцаў ЗША прынялі толькі 36.
Згодна з Дублінскім пагадненнем, краіна-чалец Еўрасаюза мае права дэпартаваць уцекачоў у першую краіну ўезду ў ЕС, а самі бежанцы адпаведна павінны прасіць прытулак у першай краіне ЕС. Тым не менш Германія змяніла правілы, часова адчыніўшы свае межы і дазволіўшы ўцекачам, якія прыехалі праз Венгрыю, застацца.
Інтэлектуалы левых поглядаў лічаць, што заходнія краіны адчуваюць пэўную адказнасць за дэзынтэграцыю краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі. Вядомы славенскі культурны крытык Славой Жыжэк сцвярджае, што менавіта еўрапейская інтэрвенцыя ў Лівію зрынула краіну ў хаос, а амерыканская вайна ў Іраку стварыла падставы для паўстання “Ісламскай дзяржавы”. Грамадзянская вайна Цэнтральнай Афрыканскай Рэспублікі – гэта не міжэтнічная вайна, а спаборніцтва між Францыяй і Кітаем за валоданне натуральнымі рэсурсамі.
Так гэта ці не – пытанне іншае, але галоўнае тое, што такое мысленне падзяляе вялікая колькасць прагрэсіўных жыхароў Паўночнай і Заходняй Еўропы, і менавіта адчуванне глабальнай адказнасці з’яўляецца адным з чыннікаў, чаму еўрапейцы вітаюць імігрантаў.
3. Прагматычны падыход
Як вядома, нягледзячы на страшныя гісторыі пра выміранне еўрапейскай культуры, павелічэнне працаздольнага насельніцтва эканамічна выгадна. Па словах міграцыйнага эксперта Іва Паскуаля, Германія ведае, што хутка будзе мець вялікія праблемы са зніжэннем нараджальнасці, і таму павелічэнне насельніцтва за кошт прыбыцця новых жыхароў будзе эканамічна прыбытковым.
Частка ўцекачоў – гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, людзі з навуковымі ступенямі і проста адукаваны сярэдні клас. Сумнавядомы сірыйскі ўцякач, якому падставіла падножку венгерская журналістка, аказаўся прафесійным футбольным трэнерам, і яму ўжо прапанавалі працу ў Іспаніі.
Тая ж Сірыя раней мела развіты сярэдні клас і прыватны бізнес, які ў 2010-ым годзе складаў 70 % унутранага валавога прадукту Сірыі, што значна больш, чымся ў Беларусі.
Гэтак прыняцце ўцекачоў з Блізкага Усходу зусім не азначае, што краіны ЕС трапяць у эканамічны хаос, і гэта таксама ведаюць жыхары гарадоў, якія вітаюць новапрыбылых. Наадварот, гэта паспрыяе стварэнню новых працоўных месцаў і запаўненню незанятых рынкавых нішаў, дыверсіфікацыі сэрвісаў і паслугаў.
4. Культура
Швецыя і Германія прымаюць значна большую колькасць імігрантаў ды бежанцаў за іншыя еўрапейскія краіны. Гэтыя краіны пазіцыянуюць сябе як дзяржавы іміграцыі ды мультыкультуралізму, дзе ўжо традыцыйна вялікая частка жыхароў – мігранты, і дзе існуюць распрацаваныя адміністрацыйныя і бюракратычныя метады кіравання.
Усходнееўрапейскія дзяржавы ЕС як Венгрыя або Славакія не маюць такой іміграцыйнай гісторыі. Як большасць краінаў постсавецкай прасторы яны самі з’яўляюцца краінамі эміграцыі. Іх грамадствы, як і беларускае, не бачаць магчымасцяў інтэграцыі культураў. Калі гэтыя краіны далучаліся да Еўрасаюза, яны хутчэй думалі пра магчымасці эміграцыі, а не пра тое, што аднойчы ім скажуць пра тое, каб яны забяспечылі прытулак вялікай колькасці ўцекачоў.
У той жа час больш адкрытая палітыка падчас палітычнай і гуманітарнай катастрофы стварае зусім іншую ідэнтычнасць краіны і жыхароў. Большасць шведаў і немцаў разумеюць, што з прыняццем бежанцаў ніякай эканамічнай пагрозы няма, але пры гэтым адбываецца дыверсіфікацыя дэмаграфіі, ствараюцца новыя культурныя нішы і плыні.
Гэта не толькі своеасаблівы пазітыўны “маркетынг” краіны, які задавальняе патрэбы жыхароў у самавызначэнні як “добрых самаранінаў”. Такія дэмаграфічныя змены маюць і больш глыбокі культурны ўплыў: Берлін на днях быў прызнаны вегетарыянскай сталіцай свету, шмат у чым праз тое, што больш за мільён эмігрантаў з Блізкага Усходу стварылі новы трэнд вегетарыянскіх страваў. Такія культурныя змены не маюць негатыўнага ўплыву, а наадварот ствараюць новы сучасны вобраз месца і ў сваю чаргу прыцягваюць турыстаў ды паляпшаюць эканоміку.
5. Спачуванне
Варта прыгадаць беларусаў ды іншых усходніх еўрапейцаў, якія былі ўцекачамі ў ХХ-ым стагоддзі. Шмат беларускіх культурных дзеячаў у свой час былі імігрантамі, і хіба шмат каму ў заходнім свеце падаваліся жабракамі з Усходу.
Людзі Заходняй Еўропы бяруць выходныя, каб павітаць і дапамагчы ўцекачам не толькі з прагматычных матываў. Шмат хто быў у падобнай ці проста складанай сітуацыі, шмат хто разумее, што людзі, якія ідуць пешшу ў Еўропу, збягаюць не ад добрага жыцця, і што ніхто не паддаваў бы сваіх дзяцей такім выпрабаванням, калі б не было ад чаго ўцякаць.
Але самае галоўнае адрозненне паміж Захадам і Усходам – гэта, бадай, тое, што заходнія еўрапейцы бачаць жывых людзей, а не карцінкі з тэлебачання: людзей багатых і бедных, адмыслоўцаў і проста звычайных людзей, тых, якія пакінулі ўсё сваё старое жыццё ў пошуках іншага. У Заходняй Еўропы няма таго комплексу непаўнавартасці, які ёсць ва Усходняй Еўропе – людзі Захаду не імкнуцца зацвердзіць сваю культуру і гатовыя да новага культурнага дыялогу. Жыхары Германіі ды Швецыі ўмеюць спачуваць, чаму беларусам яшчэ варта павучыцца.