На першае мерапрыемства “Ідэі” ў 2016-ым годзе мы паклікалі эканамічнага аглядальніка Сяргея Чалага, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксандра Аўтушку-Сікорскага і нашага эксперта ў аўтарытарных рэжымах Стаса Гарэліка, каб разабрацца, як лепш праводзіць рэформы ў краіне. Стракаты постсавецкі ландшафт мае як станоўчыя прыклады рэфармавання эканомік (Славакія і часткова Грузія), гэтак і цалкам правальныя (Малдова). Нашыя эксперты паспрабавалі выхапіць асноўныя фактары поспеху і правалаў.
Доўгі шлях да дэмакратыі
У 1990-ыя, паводле парадыгмы транзіту аўтарства Томаса Карозерсу, падавалася, што ўсе краіны рана ці позна стануць дэмакратыямі. Галоўным фактарам у гэтым працэсе лічылася наяўнасць свабодных выбараў, а сацыякультурным фактарам ніякая ўвага не надавалася ўвогуле. Але даволі хутка стала зразумела, што некаторыя краіны затрымаліся на шляху да дэмакратыі (Расія, Арменія). Пры гэтым такія краіны не былі традыцыйнымі закрытымі рэжымамі – у іх прысутнічалі выбары, палітычная апазіцыя, не было культу асобы. Аднак нічога не адбывалася, частковая наяўнасць дэмакратычных інстытутаў не дапамагала і краіны заставаліся аўтарытарнымі.
Але даволі хутка стала зразумела, што некаторыя краіны затрымаліся на шляху да дэмакратыі
Хоць тэорыя транзіту правалілася, сярод гібрыдных рэжымаў пачалі вылучаць спаборніцкія аўтарытарызмы (кіроўны рэжым атрымлівае на выбарах менш за 75 % галасоў). Такія краіны спакваля рухаюцца да дэмакратыі, асабліва пад уздзеяннем вонкавых фактараў, напрыклад, палітыкі ўцягвання ў эканамічныя сувязі (як гэта сёння адбываецца паміж ЕС і Беларуссю).
Для Беларусі (якая паводле рэйтынгу свабоды Freedom House мае адзнаку горшую за Бірму) больш бяспечным быў бы шлях ад закрытага аўтарытарызму да спаборніцкага, і пасля мог бы адбыцца пераход да электаральнай дэмакратыі. Пры імклівым пераходзе да дэмакратыі важна сачыць за працэсам прыватызацыі, каб некаторыя кланы не атрымлівалі вялікіх перавагаў. Інакш такія групоўкі здолеюць запавольваць працэс рэформаў (што сёння адбываецца ва Украіне).
Як зрабіла пераход Славакія
Славакія пачатку 1990-ых была вельмі падобная да Беларусі. Гэтая краіна таксама мела буйныя прамысловыя вытворчасці, для якіх імпартавала сыравіну і 70 % энерганосьбітаў.
Краіна адразу пачала з шокавай тэрапіі ды цэнавай лібералізацыі, жорсткай манетарнай палітыкі, прыватызацыі. Гэта прывяло краіну ў “Даліну слёз”: да эканамічнага спаду, няроўнасці прыбыткаў, цяжкой канкурэнцыі для малога і сярэдняга бізнесу з манаполіямі, запаволенай акліматызацыі жыхароў пры новых правілах гульні.
Каб прайсці “Даліну слёз” хутчэй, трэба з самага пачатку планаваць інстытуцыйныя рэформы, распрацоўваць праграму падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, усталёўваць зразумелыя правілы гульні, шукаць сектары, якія могуць кампенсаваць падзенні.
Таксама вопыт Славакіі паказаў неабходнасць у каардынацыі фіскальнай і манетарнай палітыкі, гнуткасці рэформаў, фокусу на стымуляванні прыватнага бізнесу.
[slideshow_deploy id=’5687′]
Фота: Пётр Пятроўскі
Сярод галоўных беларускіх праблем, якія ў розныя часы былі ў Славакіі, адзначаецца падкантрольнасць Нацыянальнага банка, цэнтралізаванае прыняцце рашэнняў, павольныя інстытуцыйныя рэформы, маленькі гарызонт планавання. Вырашыўшы гэтыя праблемы, ужо да 1999-га Славакія ўвайшла ў стадыю ўстойлівага росту і ўзяла курс на збліжэнне з ЕС.
Розны шлях Грузіі і Малдовы
Малдова скарысталася з усіх парадаў МВФ, але нічога не дапамагло. Хоць да 1998-га года прыватны сектар складаў больш за 50 % ВУП, але сам узровень жыцця быў на ўзроўні 10 % ВУП 1990-га. Сёння краіна жыве за кошт трансфертаў эмігрантаў (складаюць 30 % ВУП і ў 3,5 разы больш за інвестыцыі) – 60% моладзі з’ехала, краіна цалкам дэмадэрнізаваная і дэіндустрыялізаваная.
Адныя з галоўных чыннікаў правалу: маленькія ўнутраныя і вонкавыя інвестыцыі; развіццё блізкага да ўладаў бізнесу; кепскія інстытуты, не скіраваныя на рост; нізкая якасць чалавечага капіталу; мары пра сацыялізм (адзін з бягучых палітычных лідараў – фанат Лукашэнкі). Пры гэтым паводле фармальных прыкмет краіна з’яўляецца добрай дэмакратыяй.
У Грузіі наадварот спрацавалі ўсе запушчаныя рэформы. Саакашвілі як добры дыктатар з 2004-га па 2008-мы паспеў правесці ўльтраліберальныя рэформы. Тым не менш са зменаю рэжыму новыя ўлады працягнулі рэформы, распачатыя Саакашвілі. Апошнія гады назіраецца невялікі ўхіл у сацыял-дэмакратыю і выпраўленне перагібаў лібералаў. Адзін з галоўных фактараў поспеху – поўная змена эліт.
[slideshow_deploy id=’5697′]
Фота: Пётр Пятроўскі