• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці патрэбная рэформам народная падтрымка?

    На правядзенне рэформаў павінен існаваць попыт з боку палітычнай эліты альбо грамадства. Але нашмат лепш, калі жаданні двух бакоў супадаюць.

    Насуперак таму, што часта кажацца, рэформы і іх падтрымка ў грамадстве не заўсёды ходзяць парамі, што паказваюць прыклады Сінгапуру і Славакіі. Там правядзенне рэформаў у першую чаргу з’яўлялася палітычным рашэннем кіроўных элітаў. Кіраўніцтва краін не зведвала моцнага ціску з боку грамадства, але разумела неабходнасць дадзенага кроку.

    Але з другога боку прыклады Польшчы і Украіны, дзе менавіта грамадскасць стала каталізатарам рэформаў, паказваюць іншую гісторыю. Нягледзячы на тое, што Украіна да гэтага часу знаходзіцца ў зоне турбулентнасці, нельга не заўважыць наяўнасць магутных сацыяльных сіл, накіраваных на змены ў краiне.

    Што гэта значыць для Беларусі?

    Улада і рэформы ў Беларусі

    У Беларусі з боку кіраўніцтва краіны не назіраецца ніякага імкнення да правядзення сур’ёзных пераўтварэнняў у краіне. Зусім нядаўна кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што рэформы ў краіне праводзіцца не будуць, бо яны ўжо даўно і паспяхова праведзеныя. Маўляў, неабходна толькі шліфаваць, паляпшаць, удасканальваць тое, што так бліскуча было зроблена за гады яго кіравання.

    Ускосным пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца ганаровая высылка ў Кітай памочніка прэзідэнта па эканоміцы Кірыла Рудага, які выступаў  за мяккія эканамічныя рэформы. На жаль, сёння ў структурах улады амаль не відаць яскравых, настроеных на рэформы асобаў. А тых, хто выступае з пэўнымі ініцыятывамі, не чуюць (ці высылаюць у Кітай). На ўсіх узроўнях палітычнай іерархіі стаўка робіцца пераважна на паслухмяных і безыніцыятыўных выканаўцаў.

    Грамадства і рэформы ў Беларусі

    Ідэальны ж варыянт – гэта грамадзянская супольнасць у авангардзе рэформаў. У такім выпадку нашмат больш шанцаў на тое, што здаровае грамадства народзіць лідара, які ў пэўных абставінах здольны згуртаваць вакол сябе каманду і атрымаць карт-бланш на рэфармаванне краіны. Але гэта не пра сучасную Беларусь, слабасць грамадзянскай супольнасці ў якой відавочная і не выклікае сумневаў.

    Слабасць грамадзянскай супольнасці шмат у чым адлюстроўвае стан грамадства. З аднаго боку, паводле апытання грамадскай думкі гадавой даўніны, больш за палову рэспандэнтаў лічаць, што ў краіне патрэбныя рэформы. Таксама шмат якія грамадзяне цягам нейкага часу гатовыя пагадзіцца на паніжэнне ўзроўню жыцця дзеля яго паляпшэння ў будучыні.

    Аднак беларускае грамадства адрозніваецца ад краін, у якіх рухавіком рэформаў былі сацыяльна актыўныя людзі, сваёй пасіўнасцю. Яна звязаная з адсутнасцю веры ў тое, што рэформы магчымыя ў сённяшніх умовах. Усё тое ж апытанне грамадскай думкі паказвае, што больш за палову рэспандэнтаў сумняваюцца ў магчымасці кардынальных змен у краіне. У выніку атрымліваецца непрыемны сімбіёз жадання рэформаў з адсутнасцю веры ў магчымасць іх рэалізацыі.

    Такім чынам, улады не атрымліваюць выразнага сігналу на рэформы ад сваіх грамадзянаў.

    А калі адсутнічае грамадскі ціск, то, маўляў, і рабіць нічога не трэба.

    Вельмі цікавым з’яўляецца ўяўленне беларусаў пра тое, што азначаюць рэформы. Згодна з заключэннем экспертаў НІСЭПД, пад рэформамі ў большасці сваёй беларусы разумеюць павышэнне заробкаў і пенсіяў, што сведчыць аб адсутнасці ў іх разумення сутнасці рэформаў.

    Неабходна таксама звярнуць увагу на значную частку грамадзянаў краіны, якія аддаюць перавагу захаванню статус-кво. Падобную арыентацыю яны матывуюць рызыкай пагаршэння свайго становішча ў выпадку правядзення рэформаў, хоць цяперашняе эканамічнае становішча ў краіне можна ахарактарызаваць як стабільнае запаволенае падзенне, у тым ліку ўзроўню жыцця. У рэальнасці жыццё людзей пагаршаецца ў сітуацыі пазбягання рэформаў.

    Краіна не для рэформаў

    На жаль, цяпер улады Беларусі не жадаюць праводзіць рэальныя рэформы. Максімум, які яны робяць, – гэта імітацыя рэформаў дзеля атрымання чарговага крэдыту ад міжнародных донараў. Але і грамадства са свайго боку не ў стане заахвоціць альбо прымусіць улады да правядзення рэформаў.

    Выглядае на тое, што пакуль галоўныя гульцы на палітычнай і сацыяльнай арэне не будуць выказваць ініцыятывы, рэформы ў краіне немагчымыя.

    ПаказацьСхаваць каментары