Нягледзячы на барацьбу ўладаў супраць прастытуцыі, яна жыве і развіваецца. За гэтаю з’яваю можна назіраць не толькі на вуліцах, цяпер прастытутку можна замовіць праз інтэрнэт. Напрыклад, сайт «Прастытуткі Менску» прапаноўвае інтымныя паслугі на любы густ, а на некаторых здымках можна разглядзець твары. Гэтаксама секс-бізнес працуе пад выглядам эскорт-паслугаў, рэлакс-комплексаў і крыміналізаваных бардэляў. Ставіцца да гэтай з’явы можна па-рознаму, але попыт нараджае прапанову, і, як бачна, попыт ёсць.
Занятак прастытуцыяй у Беларусі забаронены з 1987-га і застаецца адміністратыўным правапарушэннем. Таму, хто выконвае секс-паслугі пагражае накладанне штрафу (ад 20 да 50 базавых велічынь) або арышт да 15 сутак. Адказнасць нясе менавіта бок, які прапаноўвае паслугі, а не карыстальнікі. У 2009-ым Генпракуратура прапаноўвала ўвесці адміністрацыйную адказнасць за карыстанне паслугамі прастытутак, але далей за прапанову справа не пайшла.
Безумоўна, грошы застаюцца галоўным матыватарам прастытуцыі. Паводле тэматычных рэсурсаў, у сярэднім гадзіна беларускай прастытуткі каштуе $ 50-80. Афіцыйны сярэдні заробак у Менску ў 2014-ым склаў 6,3 млн рублёў працаўніца секс-індустрыі можа зарабіць столькі за 7 гадзінаў 30 хвілінаў.
Таму не дзіўна, што прастытуцыя дастаткова масавая ў Беларусі. МУС Беларусі ўзяло на ўлік каля 1830 грамадзянаў, якія былі злоўленыя пры занятку прастытуцыяй, у Менску 700 чалавек, гэтая лічба складаецца як з жанчын, так і з мужчын. Але, зразумела, гэтыя паказнікі далёкія ад рэчаіснасці. Паводле звестак прадстаўнікоў праекту “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь” прастытуцыяй займаюцца каля 17 тысяч жанчын, дадзеных пра мужчынаў няма. Моваю лічбаў, гэта 0,18 % ад усяго насельніцтва краіны.
Акрамя маральна-этычнага пытання вулічнай прастытуцыі, ёсць пытанні іншага плану. Напрыклад, распаўсюджванне СНІДу, якое пры знаходжанні прастытуцыі ў нелегальным стане з’яўляецца невырашальным. Так, мы не маем рэальных лічбаў хворых на СНІД, якія працуюць на вуліцы, і таму не можам ацаніць узровень небяспекі. Цікавыя дадзеныя атрымалі спецыялісты Глабальнага фонду прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі: “З нагоды бяспечна і небяспечна, мы праводзілі даследаванне акурат “на вуліцы”. Тэст-палоскамі абследавалі сліну і мікрарэакцыі крыві на ВІЧ-інфекцыю. Дык вось, з 20 даследаваных у траіх была ВІЧ-інфекцыя. Яны стаяць на вуліцы”.
Ці трэба легалізаваць прастытуцыю?
Паўстае пытанне, калі дзяржава змагаецца з прастытуцыяй і гэта не дае плёну, можа трэба змяніць тактыку? У некаторых краінах Паўночнай Еўропы, да прыкладу, у Швецыі, прастытуцыя жорстка забараняецца законам з 1999 году. Гэтак за набыццё секс-паслугаў “кліент” рызыкуе атрымаць 6 месяцаў зняволення. На практыцы гэтая забарона прывяла паводле афіцыйнай статыстыкі да скарачэння вулічнай прастытуцыі ў два разы.
З 2009 году ў Нарвегіі набыў моц закон, які надае секс-паслугам у краіне статус “нелегальных”. Такім чынам, грамадзяніну Нарвегіі, якога зловяць пры набыцці секс-паслугаў пагражае буйны штраф або шэсць месяцаў турмы. Калі гаворка ідзе пра прастытуцыю непаўналетніх, то парушальнікам пагражае зняволенне да трох гадоў. У Ісландыі прастытуцыя таксама забароненая, а адказнасць за карыстанне секс-паслугамі цалкам кладзецца на “кліента”, што таксама зніжае попыт.
Ва Усходняй Еўропе адною з першых краінаў, якая легалізавала прастытуцыю, стала Вугоршчына, там прастытуцыя з’яўляецца “індывідуальнай працоўнай дзейнасцю” і рэгулюецца такімі ж нормамі, як іншы малы бізнес. Досвед Галандыі лічыцца паказальным у сферы легалізацыі: прастытуткі маюць права на адпачынак і дзяржаўныя пенсійныя выплаты. Некаторыя краіны таксама зрабілі прастытуцыю легальнаю прафесіяй, сярод іх Швейцарыя, Данія, Бельгія.
У Вялікай Брытаніі прастытуцыя з’яўляецца легальным заняткам, але, з 2009-га ўведзеная крымінальная адказнасць для “кліента” у тым выпадку, калі прастытутку прымусілі прадаваць сваё цела. Нямеччына часткова легалізавала прастытуцыю ў 2002 годзе, але гэты закон распаўсюджваецца толькі на грамадзянаў Еўрапейскага Звязу.
Зразумела, што і беларускае грамадства павінна дыскутаваць на тэму легалізацыі прастытуцыі, каб зрабіць выснову, адэкватную для ХХІ стагоддзя. Досвед іншых краінаў супрацьлеглы, таму Беларусь мусіць абапірацца на ўласную ментальнасць і на тое, што прастытуцыя ўжо сталася часткаю грамадства. “Я не агітую за легалізацыю, я за тое, каб кожная магла ведаць, што яе не паб’юць, не абрабуюць, не прымусяць рабіць тое, на што не пагаджалася” – кажа “Ідэі” беларуская прадстаўніца секс-індустрыі – “Я проста хацела б, каб гэтая тэма не была забароненаю”.