падтрымаць нас

Бяспека

Прафесійнае войска ў Беларусі: ці ёсць шанцы на яго стварэнне?

Прафесійнае войска ў Беларусі: ці ёсць шанцы на яго стварэнне?
Эканамічны крызіс звёў на “не” размовы пра пераход беларускага войска на кантрактную аснову, аднак патрэба войска ў прафесіяналах застаецца.

Падчас апошняй тэматычнай сустрэчы 17 лютага Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на зборы па тэрытарыяльнай абароне, згадаў шмат праблем — і мабільнасць Узброеных сілаў, і памеры сілаў тэрытарыяльнай абароны, і узаемадзеянне паміж вайскоўцамі і мясцовымі чыноўнікамі, але раней папулярная тэма прафесійнага войска гэтым разам не прагучала. Тым не менш, вайсковыя дзеянні на тэрыторыі суседняй Украіны ўсё часцей прымушаюць задумацца — а ці будзе каму нас абараняць у выпадку чаго?

Грошаў на “кантрактнікаў” няма

Асноўная перашкода для пераходу на кантрактнае (прафесійнае) войска — гэта фінансы. Кантрактныя сістэмы дзейнічаюць як у дастаткова багатых краінах накшталт ЗША альбо Галандыі, так і ў менш забяспечаных дзяржавах — напрыклад, Польшчы альбо Літве. Што тычыцца Беларусі, спецыялісты ніколі не давалі аптымістычных ацэнак датычна яе здольнасці фінансава пацягнуць рэформу вайсковай сістэмы. А ў цяперашняй сітуацыі, калі, як жартуюць у Байнэце, памеры “жыровак” наблізіліся да памераў заробкаў — і пагатоў.

Якія траты цягне за сабой пераход да кантрактнага войска? Акрамя заробкаў і сацыяльных выплат (улічваючы спецыфіку прафесіі, гэта будуць немалыя суммы), вайскоўцам патрэбна жытло, іх сем’ям — дзіцячыя сады, школы, крамы ды іншая інфраструктура. Таксама неабходна ствараць працоўныя месцы для жонак вайскоўцаў. Звычайна паралельна з пераходам ад недасведчаных прызыўнікоў да адукаваных і кваліфікаваных кадраў аднаўляецца абсталяванне і ўзбраенне войска —  а гэта таксама дадатковыя расходы.

Акрамя гэтага, колькасць вайскоўцаў — цяпер каля 65 тыс. — давядзецца скарачаць у некалькі разоў.

І з прычыны эканоміі сродкаў, і з прычыны незапатрабаванасці такой колькасці салдатаў ва ўмовах новых відаў войнаў (той жа гібрыднай), дзе перамагчы толькі дзякуючы колькаснаму чынніку немагчыма. Чыноўнікі ж заяўляюць, што гэта скарачаць войска нельга — маўляў, Беларусі ў спадчыну ад СССР дасталіся абшырныя арсеналы, якія трэба ахоўваць.

Пяройдзем да кантрактнага войска разам з Расіяй?

Фінансавы матыў — не адзіная прычына, па якой у Беларусі дагэтуль застаецца прызыўная служба, адзначаюць эксперты. Для Беларусі праблематычна перайсці на кантрактную аснову, калі ў Расіі, з якой наша дзяржава мае шчыльныя сувязі ў вайсковай сферы, застаецца ўсеагульны прызыў.

Здымак Сяргея Гудзіліна
Здымак Сяргея Гудзіліна

Дарэчы, у самой Расіі адсутнічае цэласнае бачанне таго, якім мусіць быць войска. Калі ў 2013 г.расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу заявіў, што ў дзяржаве ніколі не будзе кантрактнага войска — маўляў, завялікая тэрыторыя для гэтага, у 2015 г. ён выразіў спадзеў, што ў будучыні расійскае войска стане напоўніцу прафесійным. Пакуль у планах расійскіх вайскоўцаў — да 2020 г. мець 2/3 вайскоўцаў -“кантрактнікаў”. У Беларусі цяпер прапарцыйна суадносіны паміж прызыўнікамі і прафесіяналамі выглядаюць прыкладна 40% на 60%. 

Кантрактная служба як вырашэнне сацыяльных праблем

Прыхільнікі прафесійнага войска сцвярджаюць, што прызыўная сістэма спрыяе росквіту карупцыі і “дзедаўшчыны” ў той час, як у кантрактным войску гэтыя з’явы сустракаюцца радзей.

Акрамя гэтага, прафесійная служба часткова б дапамагла адолець праблему беспрацоўя (асабліва, моладзевага), а разам з ім — і злачыннасці.

Эксперты “Ліберальнага клуба”, які паслядоўна выступае да пераход да кантрактнага войска, прыводзяць яшчэ адзін довад — паводле еўрапейскіх даследванняў, чалавек, які адслужыў у войску, на 15% скарачае вытворчасць працы ў будучыні. Канешне, патэнцыйныя страты ад гэтага для бюджэта падлічыць складана, аднак гэтая тэза можа служыць контраргументам для тых, хто выступае супраць прафесійнага войска выключна з эканамічных прычын.

Плюс кантрактнай сістэмы і ў тым, што падвысіцца прэстыж такога занятку, як служба ў войску. Цяпер жа папулярна думка, што ў войску служаць толькі невукі альбо тыя, хто не змог адкупіцца. Таксама прафесійнае войска дапаможа вырашыць даўняшнюю дылему пра свабодны дабраахвотны выбар чалавека — служыць альбо не.

Калі не хоча служыць  — ці будзе абараняць?

Пытанне пераводу войска на прафесійную аснову дагэтуль абмяркоўвалася без уліку рэальнай пагрозы нападу на нашу краіну. Падзеі ва Украіне прымушаюць зважаць на новую праблему — а ці гатовыя салдаты, якія пайшлі служыць пад прымусам, без асэнсавання значнасці і адказнасці свайго занятку, абараняць краіну ў выпадку вайсковай агрэсіі, напрыклад, з боку той жа Расіі?

Такім чынам, кантрактнае войска — больш актуальнае пытанне, чым гэта можа падацца на першы погляд.

Нягледзячы на эканамічны заняпад у дзяржаве, адсутнасць  палітычнай волі ў кіраўніцтва краіны ды іншыя перашкоды, праблему войска варта ўздымаць і публічна абмяркоўваць, бо гэта можа прама паўплываць на нашую будучыню.