Новая пастанова Мінадукацыі не дазволіць раскрадаць бацькоўскія ўнёскі, аднак не зменшыць іх памер. Каб у сённяшніх беларускіх умовах спыніць гэтую ганебную практыку, варта паглядзець на глабальную тэндэнцыю росту прыватных школ, якая паволі развіваецца і ў Беларусі. Яны не толькі даюць лепшую якасць адукацыі, але і дазваляюць заашчадзіць бюджэтныя грошы, бо змяншаюць колькасць вучняў у дзяржаўных школах.
Барацьба з карупцыяй замест барацьбы з паборамі
Пастанова №126 афіцыйна забараняе збіраць наяўныя грошы ў школах і дзіцячых садках. У ведамстве падкрэслілі, што бацькі не мусяць аддаваць грошы ў рукі апякунскай рады. Дарэчы, гэта яшчэ адно рашэнне, якое паказвае, што намаляваны ў грамадскай свядомасці вобраз новага міністра Карпенкі як “монстра-камуніста”, які змяняе “ліберала” Жураўкова, далёкі ад рэчаіснасці. “Ліберал” Жураўкоў акурат сцвярджаў, што і сам здаваў грошы ў школе свайго сына, бяліў там столь ды ўсталёўваў пластыкавыя шклопакеты. Былы міністр лічыць такую практыку нармальнай.
Што праўда, не варта таксама мець завышаныя чаканні ад новай пастановы. Як слушна заўважаюць чыноўнікі, “насамрэч бацькоўскім камітэтам ніколі і не дазвалялася збіраць грошы з бацькоў”.
Таму гаворка ідзе пра спробу рэгуляваць стыхійную практыку, якая існуе прынамсі з савецкіх часоў, а падобныя з’явы цяжка спыніць міністэрскай пастановай.
Зрэшты, невядома яшчэ, наколькі пільна будуць чыноўнікі і розныя кантрольна-наглядчыя інстанцыі сачыць за выкананнем гэтай пастановы.
У любым выпадку, новы дакумент – гэта хутчэй добры крок, хоць і, безумоўна, не ідэальны. Пастанова Мінадукацыі, калі яе належна выконваць, можа перадухіліць патэнцыйную нізавую карупцыю, пагроза якой заўсёды існуе, калі неафіцыйна збіраюцца наяўныя грошы.
Аднак галоўная праблема палягае не ў тым, што бацькоўскія камітэты альбо настаўнікі збіраюць з бацькоў грошы ў сваю кішэню. Сродкі могуць сапраўды ісці на рамонт класаў, новыя жалюзі ды іншыя бытавыя патрэбы школы. Але для бацькоў гэта можа быць вялікім фінансавым цяжарам, асабліва калі дзяцей-школьнікаў некалькі.
Як сведчаць бацькі, ужо ў дзіцячым садку розныя ўнёскі сягаюць € 60 на дзіця ў месяц. І сем’і зацікаўленыя не ў тым, каб грошы збіралі новым шляхам, а ў тым, каб рабаўніцкія паборы зменшыліся альбо, пажадана, спыніліся.
Як знайсці выйсце, калі няма грошай
Корань зла тут – катастрафічны недахоп сродкаў у дзяржавы на фінансаванне сістэмы адукацыі. Універсітэты яшчэ могуць зарабляць на замежных студэнтах: бюджэты ў нашых ВНУ закрытыя, але як прыватна сцвярджаюць прадстаўнікі адміністрацыі, валютныя сродкі ад навучэнцаў-іншаземцаў могуць часам сягаць 50 % бюджэту.
А вось школы могуць сілкавацца, бадай, толькі з бацькоў сваіх вучняў – іншых пазабюджэтных крыніц яны не маюць. Як разарваць гэта ганебнае кола?
Можна было б шчыра сказаць, што дзяржава не можа ўтрымліваць школы за бюджэтны кошт і ўвесці афіцыйную плату за навучанне. Напрыклад, са зніжкамі для бедных, каб не пужаць “драпежным ашчэрам капіталізму”.
Вядома, што з палітычных прычынаў у Беларусі, якая дэкларуе сабе “сацыяльнай дзяржавай”, гэткі сцэнар нерэалістычны.
Другі варыянт – забяспечыць добрую эканамічную сітуацыю ў краіне, каб бюджэт мог дазволіць сабе шырокія сацыяльныя абавязкі, у тым ліку поўнае фінансаванне школьнай адукацыі. З гэтым яшчэ горш, бо калі не спадзявацца на цуд (“А калі ёсць нафта, то не можа быць, каб не прарвала газам”), то для эканамічнага росту трэба праводзіць рынкавыя рэформы, лібералізаваць умовы для бізнесу і рабіць іншыя крокі, што выклікаюць зубны боль у кансерватыўнай часткі кіроўнай эліты, якая цяпер дамінуе ва ўладах.
Мяркуючы па гэтай пастанове Мінадукацыі, дзяржава пакуль абірае трэці шлях – палавінчатыя, кампрамісныя крокі, якія не выпраўляюць сітуацыі цалкам, але могуць крыху палепшыць яе тут і цяпер. Пры гэтым па-за ўвагай застаецца крок у бок, варыянт паглядзець на праблему з новага ракурсу, прычым такога, які не патрабуе павялічваць бюджэтныя выдаткі ды не ўступае ў канфлікт з палітыкай уладаў.
Выйсці за межы дзяржаўнай манаполіі
Гэткім крокам можа быць развіццё сістэмы прыватных школ. Сёння ў свеце гэты інстытут адраджаецца, пра што піша брытанскі гісторык, гарвардскі прафесар Ніял Фергюсан у кнізе “Вялікае выраджэнне. Як руйнуюцца інстытуты і гінуць дзяржавы”.
Ён даказвае, што ўсеагульная дзяржаўная адукацыя выконвала сваю місію ў мінулыя стагоддзі, калі трэба было навучыць грамадства чытаць ды пісаць.
Сёння ж “манапалісты на рынку адукацыйных паслуг адчуваюць тыя ж цяжкасці, што і любыя манапалісты: зніжэнне якасці з-за адсутнасці канкурэнцыі і засілля нешматлікіх вытворцаў”.
У Брытаніі сёння публічныя школы пераўтвараюць у самакіроўныя “акадэміі”, у Даніі такую ролю выконваюць “вольныя школы”, у ЗША – “чартарныя школы”. У шведскіх прыватных “Школах ведаў” вучацца дзясяткі тысяч дзяцей, бразільскія сеткі прыватных школ накшталт Objetivo ці Pitágoras прыцягваюць літаральна сотні тысяч вучняў.
У Беларусі існуе некалькі прыватных школ, аднак іх праца скаваная дзяржаўнай стандартызацыяй, бюракратычнымі перашкодамі. Добры прыклад – QSI International School of Minsk. Гэта прыватная школа міжнароднай адукацыйнай арганізацыі QSI, дзе настаўнікі з усяго свету вучаць дзяцей па амерыканскіх падручніках. У школе больш за 150 вучняў, аднак гэта толькі дзеці дыпламатаў ды іншыя замежнікі, бо ў школы няма ліцэнзіі на навучанне беларускіх дзяцей (у суседніх краінах школы QSI маюць такое права).
Існавала гучная ідэя беларускага інавацыйнага праекта прыватнай школы “Квенцінавы дзеці”, аднак ініцыятарка праекта Ганна Трубачова сутыкнулася з неймавернымі бюракратычнымі перашкодамі і ў выніку разам з дзецьмі ды мужам з’ехала ў Сан-Францыска.
У існых бюракратычных умовах прыватныя школы застаюцца адзінкавымі выключэннямі і не ўплываюць істотна на рынак адукацыі.
Развіццё прыватных школ паводле азначэння не накладае на дзяржаву дадатковых выдаткаў – наадварот, грошы будуць плаціць бацькі. Сёння прыватная школьная адукацыя не па кішэні большасці беларусаў. Калі ты замежны дыпламат, то пацягнеш кошты той жа QSI International School of Minsk (ад $ 5 тыс. у год). А калі ты дыпламат беларускі, то можаш аддаць свайго сына ў прыватную школу “Эко-Эл” ($ 480 у месяц), як гэта зрабіла Алена Купчына, амбасадарка Беларусі ў Аўстрыі.
Ці будзе такая адукацыя па кішэні простым людзям? Дэрэгуляцыя гэтай галіны мае стварыць умовы для развіцця канкурэнтнага рынку прыватных школ – у тым ліку канкурэнтнага па коштах.
Значнае развіццё прыватнай школьнай адукацыі можа вырашыць шмат праблем дзяржавы ў гэтай сферы. Гэта разгрузіць перапоўненыя класы, не давядзецца падвышаць норму з 25 до 30 вучняў. Калі вучняў стане меней, то адпаведна зменшацца і выдаткі дзяржаўных школ. А гэта значыць, што сённяшняга бюджэтнага фінансавання можа быць дастаткова на школьныя патрэбы нават без пабораў з бацькоў. Гэта знізіць сацыяльную напружанасць, палепшыць фінансавы стан беларускіх сем’яў – ну, проста мара дзяржавы.
Трэба толькі пераадолець ментальны бар’ер і даць волю прыватным школам.