падтрымаць нас

Грамадства

Пяць графікаў, якія тлумачаць розніцу паміж беларускімі і заходнімі турмамі

Пяць графікаў, якія тлумачаць розніцу паміж беларускімі і заходнімі турмамі
Беларуская сістэма “выпраўлення” не працуе і вось чаму.

Як вынікае з дадзеных штогадовага дакладу Рады Еўропы пра стан турмаў 47-мі краін-удзельніц, у сярэднім у Еўропе выдаткоўваюць € 98 на ўтрыманне аднаго зняволенага ў суткі.

Беларусь не з’яўляецца членам Рады Еўропы, але па дадзеных адкрытых крыніц, утрыманне аднаго сядзельца нашай краіне абыходзіцца прыкладна ў 2,5 млн. беларускіх рублёў (€ 156) у месяц, або € 5,2 у суткі.

1

Мы выдаем на зняволеных у 18 разоў менш за сярэднееўрапейскі ўзровень, а колькасць тых, хто адбывае пакаранне, на 100 тыс. жыхароў мае дастаткова высокі паказальнік – 438 чалавек. На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі знаходзяцца 23 тыс. асуджаных, утрыманне якіх у суткі абыходзіцца краіне прыкладна ў € 119 600.

Колькі можна з’есці на € 5,2?

Краіны-чальцы Рады Еўропы кіруюцца еўрапейскімі пенітэнцыярнымі правіламі, так званымі «Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі». Напрыклад, турэмны рацыён павінен улічваць рэлігійныя і культурныя традыцыі кожнага асобна ўзятага зняволенага.

2

Гэтак, у заходнееўрапейскай турме зняволеным прапануецца 8 відаў меню (вегетарыянскае, дыябетычнае, кашэрнае, меню для мусульман, еўрапейскае, для тых, хто не можа ўжываць глютэн і іншае).

Асуджаныя ў Беларусі не маюць права на выбар ежы. Прыкладны рацыён аднолькавы для ўсіх, за выключэннем цяжарных жанчын і жанчын з дзецьмі. Як бачна, у меню няма ні садавіны, ні гародніны, няма сыру або тварагу, што з цягам часу непазбежна прывядзе да недахопу кальцыю і жыццёва неабходных мікраэлементаў.

Але па дадзеных асобных праваабаронцаў і няўрадавых арганізацый, зняволеныя не атрымліваюць нават такога харчавання, і нярэдка пазбаўленне ежы выкарыстоўваецца ў якасці сродкаў ціску або дадатковага пакарання.

2a

Колькі метраў трэба для жыцця?

На аднаго чалавека ў папраўчых установах рэкамендавана прытрымлівацца наступных жыллёвых нормаў: не менш за 2 кв. м жылога памяшкання на адну асобу, у СІЗА – 2,5 кв. м; у калоніях для непаўналетніх – 3,5 кв. м, для цяжарных жанчын і кабет з дзецьмі – не менш за 4,5 кв. м.

3

У 2010-ым годзе ў Беларусі была прынятая Канцэпцыя ўдасканалення захадаў крымінальнай адказнасці. Згодна з ёю Беларусь мусіць забяспечваць нормы ўтрымання зняволеных у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Аднак паводле міжнародных стандартаў, мінімальнай дапушчальнай плошчай адзіночнай камеры лічыцца 6 кв. м.

Рэцыдыў: галоўны паказальнік (не)эфектыўнасці

У Беларусі функцыянуе 29 установаў закрытага тыпу крымінальна-выканаўчай сістэмы: 15 папраўчых калоній, 3 папраўчыя калоніі-пасяленні, 2 выхаваўчыя калоніі, 6 СІЗА і 3 турмы. Папраўчыя калоніі дзеляцца на два асноўныя тыпы: для асоб, якія ўпершыню адбываюць пакаранне, і для асоб, якія раней адбывалі пакаранне.

Па звестках МУС, удзельная вага злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, у агульным ліку расследаваных злачынстваў складае прыкладна 47 %.

4

У сярэднім паказальнік рэцыдыву злачынстваў у краінах Еўрапейскага саюза роўны 25 %. Амаль кожны другі беларускі зняволены зноў ідзе на злачынства пасля выхаду на волю, і толькі кожны чацвёрты еўрапеец.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўжываюць смяротнае пакаранне, аднак колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў не зніжаецца. Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у 2014-ым годзе ў краіне зарэгістравана 93,9 тыс. злачынстваў. На 100 тыс. чалавек насельніцтва ў 2014-ым годзе ў рэспубліцы зарэгістраваныя 992 злачынствы.

Беларусь vs Швецыя

Наступны графік параўноўвае дзве невялікія краіны Еўропы з прыкладна аднолькавым насельніцтвам: Беларусь і Швецыю. З 2012-га па 2015-ты год у Швецыі зачынілі 4 турмы (у сувязі з «недахопам зняволеных») у гарадах Обю, Гоя, Ботсгагэн і Крысціянстад. Установы будуць перапрафіляваныя ці прададзеныя прыватным асобам. Некалькі зачыненых раней шведскіх турмаў ужо сталі гатэлямі.

Кожны год выдаткі на ўтрыманне сістэмы выканання пакаранняў у Беларусі павялічваюцца, і ў 2014 годзе Беларусь упэўнена пакідае за сабой 2-ое месца па колькасці зняволеных у Еўропе. Безумоўна, умовы ўтрымання зняволеных, а таксама формы пакарання адпавядаюць уяўленням грамадства аб справядлівасці, якая ў свядомасці беларускага насельніцтва мае спецыфічны характар.

5

Заходнія еўрапейцы робяць акцэнт на тым, што выпраўленне і рэсацыялізацыя важнейшая за кару. Беларускае грамадства пераважна не бачыць праблемы ў тым, што ўмовы жыцця “злачынцаў” далёкія ад паняцця “камфорт”. Швецыя характарызуецца больш прагрэсіўнай сістэмай выканання пакаранняў, дзе асноўны акцэнт робіцца на рэабілітацыі (фізічнай, псіхічнай, сацыяльнай), што ў будучыні зніжае рызыку рэцыдыву злачынстваў.