• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Цяжкі выбар: як ставяцца пралукашэнкаўскія медыйныя спікеры да Пуціна і Прыгожына

    Прыезд Яўгенія Прыгожына ў Мінск наўрад ці дае пазітыўны сігнал беларусам. Адныя выказваюць версію пра магчымую арганізацыю нападаў на Украіну з беларускай тэрыторыі. Іншыя хвалююцца, што ПВК “Вагнер” атрымае свабоду дзейнічаць і рэкрутаваць у Беларусі.

    Як бы ні развіваліся падзеі, гэта першая відавочная сітуацыя расколу элітаў у Расеі і гэта будзе ўплываць як на палітычныя паводзіны Лукашэнкі, так і праўладных элітаў. Ужо цяпер у праўладных “Тэлеграм”-каналах бачны рост увагі да асобы Прыгожына, ідзе больш актыўнае абмеркаванне ваеннай тэматыкі. У гэтым артыкуле разбіраемся, які вобраз Прыгожына заўважны ў “Тэлеграм”-каналах, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі? Ці ўніфікавана стаўленне да “маршу справядлівасці”, Пуціна і Прыгожына?

    Моцны і смелы: як ставяцца да Прыгожына ў пралукашэнкаўскіх каналах

    Праўладныя спікеры ўспрымаюць асобу Прыгожына даволі пазітыўна. Аднак большая частка каналаў піша пра яго ў нейтральным кантэксце (патрэба зброі, зводкі з фронту). Эмацыйна афарбаваныя пасты, хутчэй, апісваюць Прыгожына як сур’ёзнага, разумнага, адданага, прафесійнага і смелага. Аднак сустракаюцца і негатыўныя меркаванні. Звычайна гэта перапосты ці пераказы пастоў расейскіх прапуцінскіх каналаў. У такіх публікацыях Прыгожын часам крытыкуецца за “здраду” і “крымінальнае мінулае”. Але нават такія выпады ў яго адрас адносна рэдкія.

    Канал “ЖС Premium”

    06.02.2023: “Основателю ЧВК “Вагнер” Евгению Пригожину остроумия не занимать, чувства юмора – тоже”.

    Канал “Галопом по Европе”

    15.06.2023: “Пригожин – наш Трамп. Евгений Пригожин, навещая родителей погибшего героя “Вагнера”, спонтанно подарил им машину. Джип, пусть и китайский, но, кажется, самой высокой модели в ряду”.

    Канал “Дзермант”

    04.17.2023: “Видно, что Пригожин и его бойцы к украинским солдатам относятся довольно уважительно и без шапкозакидательства”.

    Старая класіка: медыйны вобраз Пуціна ў пралукашэнкаўскіх каналах

    З Пуціным сітуацыя іншая. Усё яшчэ большасць кантэнту, звязанага з ім, носіць характар нейтральнага цытавання, але ёсць свая спецыфіка ў колькасці такога кантэнту і яго змесце. Вельмі распаўсюджаныя навіны пра тое, што ён прыняў той ці іншы закон, пры гэтым такія паведамленні не суправаджаюцца ніякімі каментарамі ці ацэнкай. 

    Тэлеграм-канал “ЖС Premium”, 16.06.2023:

    “Первые ядерные заряды доставлены в Беларусь. До конца года выполним задачу полностью – Путин”.

    Таксама часта Пуцін згадваецца як увасабленне Расеі ці проста ідзе ў спісе побач з Лукашэнкам.

    Пасты такога характару складаюць прыблізна 89% згадак пра Пуціна ў пралукашэнкаўскіх каналах, 10% – пазітыўны кантэкст. Толькі 1% займае простая крытыка гэтай асобы, якая звычайна сыходзіць з малых каналаў, якія мадэруюцца, хутчэй за ўсё, не камандай, а адной асобай. Ці значыць гэта, што вобраз Пуціна выключна пазітыўны? Не зусім, і вось чаму.

    Пуціна амаль выключна згадваюць у цытатах ці перапостах з афіцыйных рэсурсаў, пры гэтым яго фігура ўспрымаецца хутчэй як суб’ект міжнароднай палітыкі, бо пераважная частка згадак звязаная з санкцыямі ці замежнай палітыкай. Рашэнні і памылкі ў расейскай унутранай палітыцы, у сваю чаргу, дэманструюцца як дзеянні асобнага міністэрства ці чыноўніка, то бок Пуцін наўмысна ізалюецца ад такіх наратываў. Прыклад: “Шпаковский рассказал о первопричинах ситуации с ЧВК “Вагнер”. Але можна сказаць, што амбасадарам вобраза Пуціна ў пралукашэнкаўскіх рэсурсах выступае менавіта чынавенства. Менавіта паміж чынавенствам і Прыгожыным адбываецца канфлікт.

    Наш чалавек: у чым Прыгожын перамагае Пуціна

    Даволі часта Прыгожын канфліктуе з расейскай бюракратыяй, наўпрост кажучы, што Расеяй кіруюць здраднікі. Падчас гэтых канфліктаў, у пераважнай большасці выпадкаў, пралукашэнкаўскія спікеры становяцца на бок Прыгожына. Гэта значыць, што яго дзеянні і палітыка больш прымальныя для праўладных спікераў. Гэта можна растлумачыць ідэйнай блізкасцю: беларускія праўладныя каналы часта кажуць пра тое, што цяперашніх дзеянняў па пошуку “ворагаў народу” недастаткова і трэба да гэтага падыходзіць больш радыкальна. Прыгожын якраз увасабляе такі жорсткі, радыкальны падыход. 

    Фан-сустрэча: як прыбыццё Прыгожына паўплывае на Беларусь

    Цытуючы Пяскова, мы можам сказаць, што не ведаем, чым будзе займацца Прыгожын у Беларусі. Таксама мы не пакуль не ведаем, як адрэагуюць на прысутнасць Прыгожына ў Беларусі праўладная частка грамадства і праўладныя спікеры. Аднак з папярэдняга аналізу мы бачым, што Прыгожын да нядаўніх часоў заставаўся папулярнай фігурай сярод пралукашэнкаўскіх спікераў, з якімі ён супадаў у каштоўнасным плане. У нашай сітуацыі цяжка казаць пра дакладны сцэнар развіцця падзей, але ўжо можна пабачыць некаторыя вектары, якія не выключаюць адзін аднаго:

    • Барацьба з унутраным ворагам. Прыгожын збудаваў свой аўтарытэт на тым, што “супрацьстаяў ворагам народа” ў Расеі – крытыкаваў бюракратыю і рэгулярную армію за неэфектыўнасць. Нішто яму не перашкаджае працягнуць сваю дзейнасць у Беларусі, выклікаючы змены ў падыходзе да рэпрэсій. Улічваючы досвед Прыгожына як ката, у выключных выпадках мы можам пабачыць простыя палітычныя забойствы.
    • Баявое войска. Калі Прыгожын забярэ нават частку сваіх вагнераўцаў у Беларусь, гэта можа выліцца ў большы ўдзел Беларусі ў вайне. Паводле шматлікіх даследаванняў, важным фактарам няўдзелу Лукашэнкі ў вайне ва Украіне наўпрост з’яўляецца настрой грамадства, у тым ліку вайскоўцаў. Калі раптам вагнераўцы, якія маюць баявы досвед і не паказваюць прыкмет гуманнасці, інтэгруюцца ў беларускае войска, то яны могуць моцна паўплываць на тамтэйшую канфігурацыю сілаў. Мяркуючы па рэпутацыі Прыгожына сярод спікераў, звязаных з войскам (“Невольфович”), камандаванне можа паскорыць гэтую інтэграцыю. Як выглядае, гэта павышае небяспеку далучэння беларускіх вайскоўцаў да ваенных дзеянняў.
    • Транзіт. Цяпер найбольш верагодным сцэнаром выглядае гэткі: Прыгожын выкарыстае Мінск як транзітны пункт да краін Афрыкі, дзе ён ужо мае пэўную пазіцыю. Хутчэй за ўсё, дзеянні Прыгожына будуць успрынятыя як здрада, а яго месца ў медыяполі зойме нехта іншы. Вельмі цяжка прадказаць наступствы такога сцэнару.

    Пераезд папулярнага Прыгожына ў Беларусь выглядае трывожна для лёсу вольнай, адносна мірнай будучыні нашай краіны. Прагназаваць наступствы прыбыцця Прыгожына ў Беларусь даволі складана. Цяпер ёсць цэлы шэраг імаверных сцэнароў:  ад адсутнасці зменаў да яшчэ большага ўзмацнення рэпрэсіяў і нават уступлення Беларусі ў наўпроставы вайсковы канфлікт з Украінай. На жаль, пазітыўныя сцэнары не праглядаюцца, аднак, як паказалі нам падзеі 23-24 чэрвеня, нават самыя нечаканыя рэчы могуць здарыцца і змяніць кірунак падзей.

    Фота: EPA

    ПаказацьСхаваць каментары