• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Войцех Каноньчук: “Парашэнка пайшоў насустрач расейцам”

    Аналітык Цэнтру ўсходніх даследванняў тлумачыць, чаму Украіна і Захад пайшлі на “прыднестрывізацыю” Данбасу.

    16-ага верасня застанецца супярэчлівым днём для Украіны. Вярхоўная рада ратыфікавала Дамову аб асацыяцыі з Еўрапейкім Саюзам і прыняла закон аб асаблівым статусе Данбасу. Кіеў легалізаваў тых, каго ўчора называў тэрарыстамі, а Украіна, як кажа прэзідэнт Парашэнка, “зрабіла першы крок да атрымання перспектывы сяброўства ў ЕС”.

    Сітуацыю тлумачыць Войцех Каноньчук, кіраўнік аддзелу Беларусі, Украіны і Малдовы ў Цэнтры ўсходніх даследванняў, размешчаным у Варшаве.

    Закон пад дыктоўку Масквы

    Што азначае асаблівы статус Данбасу і чаму гэты закон паўстаў так хутка?

    Хуткае прыняцце гэтага закона Вярхоўнаю Радаю выцякае з пагаднення падпісанага ў Менску 5 верасня, дзе адной з умоваў для вываду расейскіх войскаў і спынення агню было прыняцце такога законапраекту. Паводле розных звестак, расейцы выслалі інфармацыю, як гэты закон павінен выглядаць, непасрэдна ў Кіеў.

    Відавочна, што Парашэнка, які з’яўляецца галоўным архітэктарам спынення агню, пайшоў насустрач расейцам. Ён асабіста праводзіў перамовы з фракцыямі, каб пераканаць дэпутатаў. Законапраект быў падтрыманы даволі вялікай большасцю – “за” прагаласавала 277 дэпутатаў, пераважна прадстаўнікі “Удару”, “Партыі рэгіёнаў”, камуністы, частка “Бацькаўшчыны”, а супраць былі “Свабода” і тая частка “Бацькаўшчыны”, якая засталася з Юліяй Цімашэнка.

    Варта выразна сказаць, што гэты закон датычыць не ўсяго Данбасу, але толькі раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей, якія цяпер знаходзяцца пад кантролем сепаратыстаў.

    З пункту гледжання Кіева гэта небяспечны закон, бо ён фактычна легалізуе сепаратыстаў. Мясцовыя ўлады Данбасу атрымліваць права ствараць сваю міліцыю з узброеных апалчэнцаў – дастаткова проста змяніць надпіс на кашулі. Рэгіён будзе мець гэты статус тры гады. Аднак, асноўнае пытанне, ці з’яўляюцца гэтыя саступкі Кіева дастатковымі для дасягнення сталага спынення агню і стабілізацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны. На мой погляд, не.

    Чаму ўлады пайшлі на прыняцце такога закону?

    Прыярытэтам прэзідэнта Парашэнкі, чаму ён і пагадзіўся на Менскае паразуменне, з’яўляецца правядзенне парламенцкіх выбараў, дзеля якіх патрэбныя стабільныя ўмовы. З яго пункту гледжання, больш ‑ з пункту гледжання Украіны, неабходна, каб унутрыпалітычная сітуацыя стабілізавалася і паўстаў дзейсны Парламент.

    Цяпер Вярхоўная Рада не здольная да рэфармавання краіны. Прэзідэнт Парашэнка працуе, каб стварыць у новай Радзе прапрэзідэнцкую большасць, якую будзе прынамсі часткова кантраляваць і якая будзе мець магчымасць атрымліваць адпаведныя законапраекты і змяняць краіну.

    Гледзячы на сацыялагічныя апытанні і размеркаванне палітычных сімпатыяў, ёсць шанец, што ў Вярхоўнай Радзе паўстане прапрэзідэнцкая большасць, якая складаецца з Блоку Пятра Парашэнкі, прадстаўнікоў “Удару” Клічко, “Народнага фронту” Яцанюка, магчыма таго, што застанецца ад “Бацькаўшчыны” ‑ на аснове гэтых груп атрымаецца стварыць такую большасць.

    А ці будзе пазней магчыма рэінтэграваць Данбас ва Украіну?

    Менскае пагадненне ‑ гэта крок да “прыднестрывізацыі” Данбасу. Цяжка сказаць, што Данбас у бліжэйшай перспектыве вернецца пад юрысдыкцыю Кіева, хутчэй за ўсё рэгіён будзе і надалей аддаляцца. Галоўнае пытанне ў тым, як доўга будзе дзейнічаць пагадненне аб спыненні агню ад 5 верасня.

    Паміж Масквою і Берлінам

    1871854-angela-merkel-petro-poroszenko

    Расея задаволеная гэтым законапраектам, а Захад?

    Для пачатку трэба зразумець, што істотна для Захаду і чым Захад ёсць. Злучаныя Штаты не ангажуюцца ў наўпроставыя перамовы прыкладна з траўня-чэрвеня, пазіцыя Вашынгтона сталася значна менш актыўнаю. Гэта паказвае, што Вашынгтон аддаў эстафету першынства дыпламатыі ЕЗ на чале з Берлінам.

    Таму мне падаецца, што калі мы кажам “Захад” у кантэксце канфлікту ва Украіне, то маем на ўвазе нямецкую дыпламатыю. Нямеччына ўжо даўно грае першую скрыпку, калі справа даходзіць да перамоваў. Берлін быў акушэрам паразумення або адным з іх разам з Масквой. Стабілізацыя канфлікту і перадухіленне яго далейшай эскалацыі ў інтарэсах Берліна і большай часткі заходніх краінаў. Гэтая логіка кіруе дзеяннямі Еўрапейскага Саюзу.

    Канцлер Мэркель, прэзідэнт Пуцін або прэзідэнт Парашэнка часта кажуць аб дэцэнтралізацыі ці федэралізацыі Украіны. Гэтая дэцэнтралізацыя наагул патрэбная?

    Федэралізацыя патрэбная з пункту гледжання Расеі. Расейская Федэрацыя, фармальна федэрацыя, а насамрэч моцна цэнтралізаваная краіна, з’яўляецца адзінай крыніцай ідэі. Гэтую прапанову падтрымліваць толькі маргінальныя палітычныя сілы ва Украіне і, як паказалі даследаванні, некалькі адсоткаў украінскага грамадства ‑ вельмі мала.

    Расейцы думаюць, што накладзеная на Украіну федэратыўную мадэль, дзе розныя рэгіёны на ўсходзе будуць мець права вета пры прыняцці важных рашэнняў, у тым ліку адносна еўрапейскай інтэграцыі, пакіне Украіну ў арбіце расейскага ўплыву. Аднак цяпер я не бачу, каб нейкая значная палітычная група пагадзілася прыняць федэральную мадэль.

    Інакш выглядае з дэцэнтралізацыяй – рэформа, якой Україна, занадта цэнтралізаваная дзяржава, патрабуе. Улады дэкларуюць, што гэта будзе адна з ключавых рэформаў. Паглядзім, якія будуць вынікі гэтых заяваў.

    10703996_507757156025348_5621258278458381222_o

    Вяртаючыся да падзеяў аўторку. Вярхоўная Рада і Еўрапарламент ратыфікавалі Дамову аб Асацыяцыі. Прэзідэнт Парашэнка сказаў, што гэта першы крок да атрымання перспектывы сяброўства Украіны ў ЕС. Наагул, ці магчыма, каб Украіна далучылася да ЕС?

    Я думаю, што гэта не тое пытанне, якое трэба задаваць сёння. Цяпер Украіна мае значна больш сур’ёзныя праблемы і выклікі, таму сяброўства Украіны ў ЕС ‑ гэта хутчэй толькі інтэлектуальныя разважанні. Украіна цяпер дэ-факта ў стане вайны, хоць на гэты момант трывае паўза, якая, верагодна, будзе нядоўгаю. Украіна ратыфікавала пагадненне аб асацыяцыі, што, вядома, толькі першы крок, бо мусіць яшчэ рэалізаваць гэта пагадненне – вось што з’яўляецца ключавым пытаннем.

    Паслямайданаўская кіруючая эліта не мае поўных шуфлядаў праграмаў рэфармавання дзяржавы, хоць Украіна адчайна патрабуе зменаў. Па сутнасці, пагадненне аб асацыяцыі, асабліва яго эканамічная частка, гэта адзіная праграма мадэрнізацыі, якую маюць сёння ўкраінскія ўлады.

    З пункту гледжання развіцця Украіны неабходна ажыццявіць змены, хоць гэта не будзе лёгка. Па-першае, стан вайны. Па-другое, украінскі ўрад не гатовы да гэтага выкліку, якім з’яўляецца рэалізацыя глыбокай і ўсёабдымнай дамовы аб вольным гандлі. Па-трэцяе, фінансавы выклік. Украіна сёння з’яўляецца дзяржавай, якая перажывае вялікія фінансавыя і эканамічныя цяжкасці, якія не можа хутка вырашыць.

    Каб наагул пачаць абмеркаванне сяброўства Украіны ў ЕС, краіна мусіць правесці мадэрнізацыю. Толькі рэформы неабходныя не для абстрактнай мэты ўвайсці ў ЕС, але таму што ўкраінская дзяржаўнасць апынулася ў найбольшай бядзе ў сваёй кароткай гісторыі незалежнасці. Барацьба ідзе не за тое, ці далучыцца Украіна да ЕС, а за тое, ці будзе існаваць украінская дзяржаўнасць і ў якой ступені.

    Няма каму бараніць Парашэнку

    Сённяшнія эліты здольныя да правядзення рэформаў?

    У гэтым сэнсе я з’яўляюся памяркоўным аптымістам. Мне падаецца, што ўлады не да канца маюць выбар. Грамадскі кантроль над парламентам моцны, як паказалі абмеркаванні Закону аб люстрацыі, калі некалькі тысяч актывістаў прыйшлі пад Вярхоўную Раду і вымусілі дэпутатаў прыняць адпаведныя рашэнні.

    Парашэнка, Яцанюк і ўсе астатнія разумеюць, што іх улада яшчэ вельмі слабая. Калі будзе патрэба, то грамадскасць можа зрабіць яшчэ адну “рэвалюцыю”. Цяперашнія ўлады няма каму абараніць: Януковіч меў “Беркут”, слабы і невялікі, але мог разлічваць на некаторыя вайсковыя фармаванні. Сённяшнія ж улады не маюць падтрымання ў сілавых структурах. Болей за тое, на ўсходзе краіны дзейнічаюць добраахвотніцкія батальёны, якія насцярожана ставяцца да Кіева. Яны не цалкам кантралюецца МУС, хоць і фармальна падпарадкаваныя яму.

    Парашэнка разумее, што ў выпадку прыняцця вельмі непапулярных рашэнняў, ён можа перастаць быць прэзідэнтам на працягу некалькіх дзён. Такім чынам гэтыя некалькі тысячаў добраахвотнікаў і тое, што інфраструктура Майдану можа быць хутка адноўленая, з’яўлюецца тым інструментам, які абмяжоўвае ўлады. Грамадства кантралюе ўрад, і гэта з’яўляецца фактарам, які будзе ўплываць на правядзенне рэформаў праз Кіеў.

    У той жа час умовы не спрыяюць рэформам, але пытанне, ці праз паў-гады сітуацыя не стане яшчэ горшай. Для рэформаў ніколі няма добрага часу. Таму сёння для зменаў неабходная стабільная кааліцыя ў Вярхоўнай Радзе, якая будзе эфектыўна супрацоўнічаць з прэзідэнтам.

    ПаказацьСхаваць каментары