Хоць улады Расіі яшчэ не абвесцілі аб вайсковай аперацыі, аўтарызаванай сёння Радай Федэрацыі, інтэрвенцыя ўжо пачалася. Жаўнеры без апазнавальных знакаў некалькі дзён, як кантралююць уладу і лагістыку Крыма. Па розных дадзеных, каля 6 тысяч расійскіх жаўнераў былі перакінутыя ў Крым за апошнія дні. Згодна з ранейшымі дамовамі, паміж краінамі на тэрыторыі Крыму могуць знаходзіцца 25 тысяч расейскіх вайскоўцаў, 388 караблі і 161 самалёт. Апроч таго, у многіх гарадах Усходняй Украіны хапае ахвотных з украінскім пашпартам і без яго пазмагацца супраць кіеўскіх уладаў.
Як бы не развіваліся падзеі ў бліжэйшай будучыні, Украіна дакладна ў выніку застанецца кульгавай дзяржавай. Пры тым, што Расія будзе выкарыстоўваць усе свае рычагі: і эканамічныя, і вайсковыя, і энергетычныя. Лагічна будзе выглядаць, калі ў бліжэйшай будучыні пачнуцца праблемы з дастаўкамі расійскага газу ва Ўкраіну.
Як Прыднястроўе спыняе Малдову ад хуткага далучэння да ЕС, Паўднёвая Асеція і Абхазія адкідвае інтэграцыю Грузіі ў НАТО і ЕС, так і Крым пакіне Ўкраіну паў-разваленай дзяржавай паміж Захадам і Ўсходам. Крэмль паказвае, што калі Ўкраіна не хоча стаць часткай адбудоўваючайся новай імперыі, то і выспай дабрабыту ёй не быць.
Што адрознівае гэты напад Расіі ад інвазіі ў Грузію ў 2008 годзе – гэта “просьба” Пуціна аўтарызаваць увядзенне войскаў. Праўдападобна, што расійскае кіраўніцтва правярае наколькі Захад гатовы супрацьстаяць Расіі і як наагул адрэагуюць усе зацікаўленыя бакі.
Пакуль што рэакцыя Захаду выглядае досыць неўпэўнена, паседжанні Рады Бяспекі ААН і НАТА заўтра і паслязаўтра пакажуць, наколькі міжнародная супольнасць гатовая трымацца дадзеных Украіне гарантыяў бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці. Аднак не варта чакаць чагосці значнага ад паседжання Рады Бяспекі ААН, бо Расія застаецца яе сталым чальцом і можа накласці вета на любое рашэнне.
Адметна, што ўлады Беларусі захоўваюць маўчанне. Паведамленне пра вайсковую аперацыю нават не трапіла ў галоўныя навіны БелТА. Некалькі дзён таму айчынныя чыноўнікі паўтаралі, што бачаць Украіну цэласнай краінай. Калі ўлады паўтораць гэтыя словы ў бліжэйшыя дні, то гэта можа азначаць значную змену ў стасунках паміж Крамлём і Менскам.
Вяртаючыся да самога канфлікту. Эскалацыя канфлікту можа адбыцца сёння выпадкова і аднамомантна. Украінскія і расійскія караблі знаходзяцца ў Крыму насупраць адзін аднаго, таму любы выпадковы стрэл можа перарасці ў сапраўдную бойню.
Калі перамога Еўрамайдану давала надзею, што Ўкраіна можа стаць нармальнай краінай, то сёння Пуцін абвесціў свой намер гэтую надзею скрасці.
Здымак: Business Insider