У апошнія месяцы “Ідэя” даволі шмат пісала пра праблемы беларускіх рэгіёнаў і чаму яны ўзнікаюць. Прыйшоў час распавесці, як улады маглі б захаваць (а недзе і адрадзіць) жыццё па-за Мінскам. Калі коратка, на месца вертыкальнай палітыкі цэнтральных уладаў павінна прыйсці гарызантальная палітыка рэгіянальных суб’ектаў.
Па-першае, нашым рэгіёнам патрэбнае сапраўднае мясцовае самакіраванне, а не фэйкавыя саветы дэпутатаў.
Бо калі чыноўнікі, якія кіруюць рэгіёнам, залежаць ад вышэйшага начальства, а не ад грамадзянаў, то яны для грамадзянаў асабліва і не стараюцца. У рэгіёнах павінна ўзнікнуць моцная грамадзянская супольнасць. Шырокі ўдзел грамадскасці ў вырашэнні мясцовых праблем толькі павялічыў бы якасць рэгіянальных стратэгіяў і падсправаздачных мясцовых уладаў.
Па-другое, дэцэнтралізацыя можа быць не толькі арганізацыйнай, але і фізічнай.
Напрыклад, у Нямеччыне Цэнтрабанк знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне, у Чэхіі ўсе найвышэйшыя суды вынесеныя за Прагу. Болей за тое, заходнія краіны размяшчаюць ў рэгіёнах міжнародныя агенцтвы — штаб Інтэрпола пераехаў з Парыжа ў Ліён яшчэ ў 1989-ым. У Беларусі ж усё сканцэнтравана ў сталіцы і гэта павінна змяніцца.
Органы, якія абавязаныя праводзіць незалежную палітыку, могуць пакінуць Мінск хоць заўтра – гаворка пра такія ўстановы, як Нацыянальны банк, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды. Гэткая дэцэнтралізацыя дзяржаўных органаў стане штуршком развіцця рэгіёнаў, знізіць выдаткі бюджэту і палепшыць якасць дзяржаўнага кіравання.
За органамі кіравання ў рэгіёны павінна пераехаць добрая частка ўніверсітэтаў. Гэта няправільна, калі ў адным горадзе сканцэнтравана больш за палову ўсіх ВНУ.
Дэцэнтралізацыя затрымае моладзь у рэгіёнах лепш за прымусовае размеркаванне. Болей за тое, разбудова ўніверсітэтаў падтрымае якасць чалавечага капіталу, без якога немагчымы эканамічны рост ці прыход буйных інвестыцыяў.
Па-трэцяе, рэгіёнам трэба эфектыўнае бюджэтнае кіраванне і ўдасканальванне стымулаў.
Мясцовыя бюджэты моцна залежаць ад трансфертаў з рэспубліканскага бюджэту і фармуюцца паводле стратнага прынцыпу. Чым больш ты выдаткаваў у мінулым годзе, тым больш можаш запрасіць сродкаў у гэтым, а эфектыўнасць і эканомія будуць толькі змяншаць твой бюджэт. Не дзіва, што кіраўніцтва пры такой сістэме заўсёды імкнецца раздзьмуць выдаткі.
Па-чацвёртае, трэба дыверсіфікаваць рэгіянальную эканоміку.
Немагчыма павысіць канкурэнтаздольнасць рэгіёнаў, калі ў іх няма канкурэнцыі. Тут трэба абапірацца на прыватны бізнес і стварэнне ўмоваў для роўнага функцыянавання розных прадпрыемстваў. Падаткі ад бізнесоўцаў павінны трапляць у мясцовы бюджэт, каб мясцовыя ўлады мелі стымул пашыраць падатковую базу.
Па-пятае, улады павінны вырашыць агульнарэспубліканскія праблемы.
Па вялікім рахунку, вялікая частка рэгіянальных праблемаў з’яўляецца прадуктам няправільнай палітыкі Мінска. Без рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў сістэма кіравання, як і якасць жыцця, будзе заставацца на нізкім узроўні.
Разам з рэформамі прадпрыемстваў улады павінны пачаць па-сапраўднаму падтрымліваць малазабяспечаных і беспрацоўных. Большасць з іх знаходзіцца акурат па-за сталіцай і стала ахвярай няправільнай палітыкі ўрада.