• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Што кажуць палітычныя анекдоты пра ідэнтычнасць беларусаў

    Наколькі беларускія жарты падобныя да савецкіх і расійскіх альбо яны насамрэч унікальныя?

    У савецкія часы небяспечна было не толькі жартаваць пра ўладу, але і смяяцца з такіх жартаў. Нягледзячы на гэта, палітычныя анекдоты квітнелі і перадаваліся з вуснаў у вусны. Савецкі палітычны гумар стаў формай сацыяльнага пратэсту супраць сістэмы. А ў якім стане палітычныя жарты ў сучаснай Беларусі? Анастасія Астапава, беларуская даследчыца, фалькларыстка, якая жыве ў Эстоніі, вывучае ідэнтычнасць беларусаў праз прызму палітычнага фальклору. Галоўнае месца ў ім бясспрэчна займае Аляксандр Лукашэнка.

    Астапава абараніла дысертацыю пра беларускі палітычны фальклор на тэму “Абмяркоўваючы беларускасць: палітычны фальклор ні там, ні сям” (Negotiating Belarusianness: Political folklore betwixt and between). Даследаванне складаецца з пяці навуковых артыкулаў, прысвечаных палітычным жартам, чуткам і нават альтэрнатыўнай біяграфіі Лукашэнкі.

    Навошта людзі распавядаюць палітычныя анекдоты, калі для іх гэта можа быць небяспечна?

    Фалькларысты прыводзяць некалькі тэорыяў. Самае простае тлумачэнне – каб атрымаць эстэтычнае задавальненне ды праявіць сваю дасціпнасць. З іншага боку, палітычны анекдот – гэта спосаб распавесці тое, аб чым па-іншаму казаць забаронена.

    Тэорыя “ахоўнага клапана” разглядае палітычны анекдот як спосаб спусціць пар, знізіць узровень агрэсіі ды незадаволенасці ўладай. Хаця б на кароткі час апавядальнікі і слухачы такіх жартаў могуць адчуць, што яны, а не ўлада, кантралююць сітуацыю. Палітычны жарт можна разглядаць як акт грамадзянскага непадпарадкавання ці спробу нанесці шкоду рэжыму. Што праўда, гэта ніколі не прыводзіла да рэвалюцыйных зменаў.

    Факт таго, што ў Беларусі палітычныя анекдоты жывуць і квітнеюць, адметны сам па сабе. У Эстоніі, напрыклад, такога няма. Зразумела, штосьці з’яўляецца ў інтэрнэце, але няма такога, каб людзі адно адному распавядалі палітычныя анекдоты і замоўчвалі пры гэтым імя галоўнага героя.

    Для сваёй працы Астапава правяла пяцьдзясят інтэрв’ю з беларусамі ў Беларусі і за мяжой. Значная частка жартаў, якія ёй распавялі, з’яўляліся сучаснай інтэрпрэтацыяй савецкіх анекдотаў. Яна вырашыла параўнаць сучасныя беларускія жарты з сацыялістычнымі і паглядзець, наколькі істотная пераемнасць паміж імі.

    Прааналізаваўшы каля 2 тыс. савецкіх анекдотаў, яна выбрала 60 сюжэтных лініяў, якія патэнцыйна маглі б паўтарыцца ў сучасных жартах. На падставе гэтага была створаная анкета з шасцідзесяці пытанняў-анекдотаў. Рэспандэнты выбіралі адзін з трох варыянтаў адказу: ніколі не чуў такі анекдот; чуў такі ж самы; чуў падобны з іншым героем.

    Як аказалася, толькі траціна (18 сюжэтаў с 60-ці) сацыялістычных жартаў дагэтуль папулярныя ў Беларусі. А значыць, многія таталітарныя жарты страцілі актуальнасць і згубіліся.

    Гэта менш, чым можна было б меркаваць, беручы пад увагу пераемнасць савецкіх традыцыяў у Беларусі.

    У чым жа сакрэт папулярнасці тых сюжэтаў, якія лёгка распазнавалі рэспандэнты? А вось у чым: амаль усе жарты маюць дадатковыя версіі з іншымі героямі, а не толькі з Лукашэнкам ці Сталіным. Дзякуючы сваёй гнуткасці, яны адаптуюцца да розных сітуацыяў і краінаў. Іх прасцей запомніць і пераказаць.

    Ляціць самалёт, а ў ім Лукашэнка з Колечкам. 
    Колечка хоча выкінуць у акно 100 долараў, каб хтосьці з людзей узрадаваўся. 
    На што бацька яму кажа, каб ён падышоў да пілота і размяняў 100 долараў па аднаму 
    і выкінуў іх за борт, каб узрадаваліся 100 чалавек. Колечка падышоў да пілота, 
    а пілот яму кажа: “Ты лепш выкінь за борт свайго бацьку, так не 100 чалавек, а ўсе абрадуюцца”.
    (гэтакі ж сюжэт існуе пра Пуціна, Сталіна, Гітлера, Хрушчова і шмат іншых постацяў).

    Што да сучасных палітычных анекдотаў, то Астапава вылучае 46 іх тыпаў ці сюжэтаў. 35 з 46 сюжэтаў (каля 76 %) анекдотаў пра Беларусь і Лукашэнку маюць версіі пра іншых палітычных лідараў ці краіны (альбо пра непалітычныя сітуацыі). Напрыклад, героем вядомага жарту пра бульбу першапачаткова быў прапаршчык. Параўнайце:

    Сядзіць прапаршчык, размаўляе праз тэлефон: "Добрая, благая, добрая. І гэтак 2 гадзіны." Пасля кідае трубку і кажа: "Без мяне нават бульбы перабраць не могуць!"

    і

    Лукашэнка размаўляе праз тэлефон: "Так, так, не, так, не, так, так…" Кладзе слухаўку: "Ну нічога без “Бацькі” зрабіць не могуць, нават бульбу перабраць."

    Амаль кожны другі сюжэт мае версіі пра постсавецкую Расію – пра Пуціна, Мядзведзева, Ельцына. А ў 13-ці сюжэтаў савецкія карані. Цікава, што калі ў савецкіх анекдотах высмейвалі сістэму (партыю, ідэалогію), то ў Беларусі галоўным аб’ектам смеху з’яўляецца найперш сам Лукашэнка.

    Лукашэнку запрашаюць дапамагчы з выбарамі (у Расію, Венесуэлу, Амерыку). Ляцяць на самалёце Мядзведзеў і Януковіч. Януковіч пытаецца ў Мядзведзева: "Як вы думаеце, Дзмітрый Анатольевіч, калі наш самалёт разаб’ецца, хто больш перажываць будзе: украінцы ці рускія?" - "Н-у-у, думаю, што беларусы." - "Чаму?" - "Ды таму, што з намі Лукашэнкі няма."

    Толькі 11 сюжэтаў з’яўляюцца спецыфічна беларускімі. Пераважна яны будуюцца на рэальных выказваннях Лукашэнкі ці на гульні слоў (напрыклад, “буду прэзідэнтам да Колі”). Часам беларусы разумеюць пад анекдотамі больш, чым можна было б падумаць. Напрыклад, падчас інтэрв’ю рэспандэнт мог пераказаць цытату Лукашэнкі, думаючы, што распавядае анекдот.

    - Калі стыпендыя будзе такая, што студэнт зможа запрасіць дзяўчыну ў рэстаран? - Шукайце іншую дзяўчыну. (З выступу Лукашэнкі).

    Такім чынам, большасць сучасных палітычных анекдотаў у Беларусі – не ўнікальныя, а з’яўляюцца адаптацыяй савецкіх ці постсавецкіх жартаў. Варта падкрэсліць, што такія высновы можна рабіць, толькі вывучаючы вусныя жарты, а не інтэрнэт-падборкі.

    Едзе картэж Лукашэнкі па трасе. І раптам наехалі на свінню. Лукашэнка, як чалавек чэсны, дае кіроўцу 100 долараў і кажа: "ідзі знайдзі гаспадара свінні і дай яму грошы. Узяў кіроўца мех з дохлай свіннёй і пайшоў". Праходзіць гадзіна, другая, трэцяя. Нарэшце з’яўляецца кіроўца п’яны “ў дупу”. - "Ты дзе прападаў? І што так нажорся?" - "Ды вось пайшоў я па вёсцы," – апраўдваецца кіроўца. "Заходжу ў хаты і кажу “Добры дзень, я кіроўца Лукашэнкі, я толькі што забіў гэтую свінню. І тут мне ўсе як сталі наліваць!" (Ёсць версіі пра Саакашвілі, Кучму, Януковіча).
    ПаказацьСхаваць каментары