падтрымаць нас

Грамадства

Беларускія ўніверсітэты захлынаюцца плагіятам. Як выбрацца з гэтай дрыгвы?

Беларускія ўніверсітэты захлынаюцца плагіятам. Як выбрацца з гэтай дрыгвы?
Беларусі патрэбная новая акадэмічная культура: прэстыж і заробкі выкладчыкаў мусяць быць высокімі, а кара за плагіят – моцнай і непазбежнай.

Кожны выкладчык беларускіх ВНУ пацвердзіць: плагіяту ў студэнтаў (асабліва завочнікаў) – вагон і яшчэ вазок. Мае студэнты на семінарах нават абураліся: ну, спампаваў я рэферат і паставіў на вокладку сваё прозвішча, а што тут такога?

Праблему заўважылі і на дзяржаўным узроўні. Гэтак напачатку 2017 года Генпракуратура даслала адмысловы ліст, які мусілі давесці да кожнай кафедры. У лісце  адзначалася, што несумленная практыка здаваць чужыя пісьмовыя працы пад выглядам сваіх пашыраецца ў беларускіх ВНУ, таму выкладчыкі мусяць падвысіць пільнасць. Заклапаціўся практыкай напісання студэнцкіх прац на замову і віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, які заклікаў даць прававую адзнаку канторам-пасярэднікам на гэтым рынку.

Але, як вядома, праблема не ў фірмах, што прапануюць напісанне студэнцкіх прац на замову – прапанову спараджае попыт. Зрэшты, дадзеныя фірмы – гэта не галоўная крыніца несумленных студэнцкіх прац. Як сведчаць апытанні, 74 % беларускіх студэнтаў спампоўвалі гатовыя рэфераты, 63 % пераказвалі сваімі словамі чужыя тэксты і толькі 30 % замаўлялі за грошы арыгінальныя працы.

 

Безадказнасць і невуцтва

Як стала магчымай такая жудасная сітуацыя ў беларускай вышэйшай адукацыі? Не варта скідваць віну на адзін з бакоў, бо прычыны комплексныя.

Агульны чыннік – катастрафічны недахоп акадэмічнай культуры. Сітуацыя добра вядомая і студэнтам, і выкладчыкам, і адміністрацыі, аднак у большасці выпадкаў ніхто не лічыць яе чымсьці недапушчальным. Адпаведна “тэорыі пабітых шыбаў”, гэтае патуранне стварае атмасферу, якая вядзе да пашырэння нядобрасумленных практык: студэнты арыентуюцца на “ўсе так робяць”, а выкладчыкі могуць ігнараваць правы студэнтаў на падставе тэзіса “яны ўсе плагіятчыкі, пра якое студэнцкае самакіраванне тут казаць?!”

Зрэшты, шмат якія студэнты проста не ўмеюць самастойна пісаць акадэмічныя працы, бо іх гэтаму ніколі не вучылі.

У школах не распаўсюджаныя эсэ альбо індывідуальныя праекты, а ў ВНУ няма курсаў накшталт “Акадэмічнага пісьма”. Не дзіва, што ў такой сітуацыі студэнт не ведае, як падысці да пісьмовай працы, і ў выніку вырашае спампаваць яе.

Спрыяе распаўсюду плагіяту і фактычная адсутнасць адказнасці: максімум студэнта могуць прымусіць перарабіць працу, аднак ніякага пакарання за акадэмічную нядобрасумленнасць няма.

Майстры адмазак

Студэнты лёгка знаходзяць сабе апраўданні. Так, згодна з апытаннем Baltic Internet Policy Initiative і Грамадскага Балонскага камітэта, 54 % студэнтаў сцвярджаюць, што плагіяціць і спісваць іх змушае адсутнасць практычнай каштоўнасці вынікаў некаторых пісьмовых работ для іх спецыяльнасці, 48 % скардзяцца на састарэлыя, неактуальныя, нецікавыя тэмы заданняў.

Адпаведна, 46 % студэнтаў лічаць парушэнне акадэмічнай добрасумленнасці “распаўсюджанай практыкай пазбягаць бессэнсоўнай страты часу і бескарысных для сваёй будучай спецыяльнасці заданняў”, а 37 % называюць гэта наогул “неад’емнай часткай студэнцкага ладу жыцця ва ўсе часы, і не варта перабольшваць адмоўныя наступствы такіх дзеянняў”.

Аднак трэба крытычна ўспрымаць такія аднабаковыя меркаванні. Не дзіва, што сярод нядобрасумленных студэнтаў няма тых, хто разумее сумны факт пра сябе ды шчыра прызнаецца:

Шмат беларускіх студэнтаў – лянівыя невукі, якія не ўмеюць і не жадаюць вучыцца ды не заслугоўваюць дыплома аб вышэйшай адукацыі.

Асноўныя пісьмовыя працы – курсавыя ды дыпломная – непасрэдна звязаныя са спецыяльнасцю. І акурат ад студэнта залежыць, ці абярэ ён цікавую тэму ды ці будзе працаваць на карысць сваіх працоўных навыкаў альбо будзе спісваць сумную лухту. Тыя ж 37 % беларускіх студэнтаў, якія ўпэўненыя ў вечнасці ды паўсюднасці плагіяту, мусяць звярнуць увагу на еўрапейскі досвед.

Прышчэпкі ад нядобрасумленнасці

Ганна Любакова, беларуская журналістка, якая скончыла Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, а цяпер навучаецца ў магістратуры лонданскага Brunel University, не заўважала ў гэтых ВНУ выпадкаў плагіяту:

“Калі плаціш ад 15 тысяч фунтаў за год, то, бадай, не да крадзяжу”.

 

Толькі на сумленнасць заможных студэнтаў там не спадзяюцца: паўсюль існуе праверка адмысловымі праграмамі антыплагіяту. Але аўтаматыку можна і абысці, таму акцэнт робіцца на шчыльным узаемадзеянні студэнта з навуковым кіраўніком. “Сістэма пабудаваная так, што ты ад пачатку працуеш са сваім навуковым кіраўніком, абмяркоўваеш з ім тэму, даказваеш яе арыгінальнасць, унікальнасць”.

16708384_10210819376713403_7041180202961729831_n
Ганна Любакова

Што тычацца прац на замову, то Ганна пагаджаецца, што цалкам выключыць такія выпадкі немагчыма. Хоць пры шчыльным кантакце дасведчанага выкладчыка са студэнтам і можна заўважыць, што ён плавае ў сваім тэксце.

Яшчэ адна прышчэпка ад такой практыкі – крэатыўныя арыгінальныя заданні. “Замовіць у кагосьці цэлы дакументальны фільм на ўзгодненую ў Лондане тэму было б занадта складана і дорага. Да таго ж увесь працэс кантралюе мой супервайзер”.

Ды што там Лондан! Спрабуюць змагацца з акадэмічнай нядобрасумленнасцю і ва Украіне, дзе траціна грамадзян сутыкалася з карупцыяй у адукацыі. Як распавядаў на канферэнцыі ў Мінску Сяргей Курбатаў, намеснік кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці вышэйшай адукацыі Украіны, сёння ідзе праца над тым, каб зрабіць украінскую антыплагіятную сістэму афіцыйнай і цэнтралізаванай.

Як перамагчы плагіят

Нягледзячы на ўсе праблемы, выкараніць плагіят у Беларусі магчыма. Вось што для гэтага трэба:

  • Укараняць аўтаматычныя сістэмы праверкі пісьмовых прац, набываць ліцэнзійныя версіі антыплагіяту, каб выкладчыкі не гублялі часу на тэхнічную зверку з базамі рэфератаў у сеціве.
  • Адначасова трэба падвышаць прэстыж і заробкі выкладчыкаў, каб яны сумленна і шчыльна працавалі са студэнтамі. За паўтары капейкі не шмат хто будзе старанна адсочваць плагіят ды індывідуальна вучыць абібокаў працаваць з тэкстам.
  • Не абысціся і без увядзення рэальнай адказнасці за нядобрасумленнасць. Калі б за плагіят у дыпломе студэнта чакала адлічэнне, а яго кіраўніка – пазбаўленне прэміі, то яны б падыходзілі да працы больш адказна.

Але ўсё гэта патрабуе новай акадэмічнай культуры ў беларускіх універсітэтах.