падтрымаць нас

Палітыка·Што думае Еўропа

“Паўночная плынь-2”: меркаванні Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях

“Паўночная плынь-2”: меркаванні Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях
“Паўночная плынь-2” спрэчны праект: эксперты ЕРМД робяць свой унёсак у дыскусію з вялікім спектрам меркаванняў па дадзенай тэме.

“Паўночная плынь-2” – магістральны газапровод коштам 9,5 млрд еўра, які будуецца пад кіраўніцтвам Расіі ад Санкт-Пецярбурга праз Балтыйскае мора да Любміна на ўзбярэжжы Балтыйскага мора ў Паўночна-Усходняй Германіі, – выклікае спрэчкі ад самага моманту ягонага абвяшчэння ў 2015 годзе. Галасы па ўсёй Еўропе і ў Злучаных Штатах гучалі або ў падтрымку, або супраць яго, і абодва бакі прыводзяць на сваю карысць мноства аргументаў. Нядаўна праблема зноў вярнулася на першы план у кантэксце крызісу паміж Расіяй і Украінай у Азоўскім моры ды разважання як у Еўропе, так і ЗША над стратэгіяй стасункаў з Расіяй.

Ніжэй – спектр меркаванняў па гэтым пытанні ад экспертаў ЕРМД, якія паказваюць, што шлях да кансэнсусу будзе няпростым.

“Паўночная плынь-2”: меркаванні Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях

Дабудаваць або абмовіцца – але зрабіць гэта добра

Кадры Ліік

Добра ў дыскусіях пра “Паўночную плынь-2” тое, што яны адрозніваюцца ад дыскусіяў пра “Паўночную плынь-1” . У адрозненне ад ПП-1, яны выразна не дзеляць еўрапейцаў на два лагеры: у нашы дні лёгка знайсці немцаў, якія выступаюць супраць трубаправода, а таксама паўночна- або ўсходне- еўрапейцаў, якія кажуць, што ім усё адно. І калі дыскусіі пра ПП-1 былі шчыльна звязаныя з агульным пытаннем партнёрства Еўропы з Расіяй і надзейнасці Расіі як партнёра, дык дыскусіі пра ПП-2 – гэта сумесь палітычных поглядаў, бізнес-інтарэсаў і розных стратэгіяў дыверсіфікацыі энергетыкі. Гэта робіць абмеркаванне заблытаным, але кампрамісы магчымыя.

Энергетычная бяспека: ПП-2 не абавязкова павялічвае залежнасць Еўропы ад расійскага газу – гэта ўсё роўна будзе той жа самы газ, толькі па іншым трубапровадзе. Расія не атрымлівае ніякіх значных рычагоў уплыву на Еўропу ў цэлым ці асобную краіну, калі газ свабодна прадаецца на еўрапейскім унутраным рынку, што шырока распаўсюджана ў Заходняй Еўропе, але значна менш на яе ўсходзе. У той жа час, каб забяспечыць незалежнасць ад расійскага ўплыву, Еўропа мусіць мець магчымасць абапірацца на альтэрнатыўныя крыніцы газу (ці іншай энергіі). Гэта не фантастыка – ад пачатку 2000-х гадоў Еўропа інвестуе ў інтэрканектары, магчымасці рэверсіўнай падачы, альтэрнатыўныя віды паліва і празрыстасць коштаў. Магчыма, вызначаныя мэты яшчэ не дасягнутыя, але ПП-2 можа ў гэтай справе яшчэ і дапамагчы – павялічыць магчымасці для транспартыроўкі газу па лініі Захад-Усход у Цэнтральную Еўропу.

Польшча: Такім чынам, аргумент аб тым, што любая апора на Расію апрыёры павялічыць яе ўплыў на Еўропу, які часта гучыць ад палякаў, не зусім праўдзівы. У той жа час, Польшча бароніць свае дзелавыя інтарэсы. Краіна хацела б стаць хабам для альтэрнатыўных паставак газу ў Еўропу, у асноўным звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Танны расійскі газ з ПП-2 можа зрабіць гэты досыць аптымістычны бізнес-план практычна нежыццяздольным, хоць нават і без ПП-2 такія планы выглядаюць занадта амбітнымі. У той жа час, інвестыцыі ў альтэрнатыўны газ – і гэта не супярэчыць таму, што прапануе Польшча – неабходныя менавіта для таго, каб пазбегнуць манапольнага панавання Расіі над пастаўкамі энерганосбітаў у Еўропу.

Такім чынам, для таго, каб (бяспечна) мець ПП-2, Еўропа таксама павінна інвеставаць у ЗПГ-хабы – і чаму б не ў Польшчы?

Іншае пытанне, адкуль прыйдуць гэтыя інвестыцыі, улічваючы тое, што ў выпадку будаўніцтва паралельна з ПП-2, праект хабаў будзе эканамічна невыгадным, і ў такім выпадку гаворка будзе весціся толькі пра энергетычную бяспеку і салідарнасць.

Украіна: Цікава, што менавіта да такой высновы на дадзены момант прыйшла Еўропа з падачы Ангелы Меркель: ПП-2 мусіць дапаўняць, а не замяняць трубаправод, які існуе ва Ўкраіне. Калі Расія закрые ўкраінскі трубаправод, Украіна страціць значныя сумы транзітных збораў і будзе лічыць, што Еўропа пакінула яе на ласку Расіі. З іншага боку, ні адна краіна ня можа вечна разлічваць на транзітныя зборы, а ўкраінскі газатранспарт мае вялікі патэнцыял быць крыніцай карупцыі і ценявых здзелак паміж цьмянымі персанажамі. Таму салідарнасць з Украінай з боку Меркель – гэта вельмі добры палітычны крок на дадзены момант і ў кантэксце адзінства Еўропы і яе дачыненняў з Расіяй.

А вось у кантэксце здаровай эканамічнай будучыні Украіны вартасць гэтага кроку выклікае пэўныя пытанні.

Амерыка: Давайце будзем сумленнымі, пазіцыю ЗША зразумець цяжка. З некаторых заяваў Злучаных Штатаў выглядае, што яны выступаюць супраць ПП-2, каб прасоўваць амерыканскі экспарт газу, пакараць Расію і параздражняць Германію. У той жа час, іншыя іхныя заявы падаюцца запазычанымі з Берліну – у Хельсінкі, напрыклад, Дональд Трамп заявіў, што падтрымлівае ПП-2 як дадатак, а не замену ўкраінскага трубаправода. Як бы там ні было, ясна адно: калі праект ПП-2 будзе адкінуты праз жорсткі ціск з боку Амерыкі, гэта будзе вельмі дрэнна для Еўропы. Такі паварот падзеяў выкліча глыбокі раскол сярод чальцоў ЕС: падобны на такі, як у 2003-м годзе, але ў значна больш хаатычным міжнародным і ўнутраным кантэксце, і, такім чынам, будзе нашмат больш небяспечным для еўрапейскай інтэграцыі.

Германія: У гэтай сітуацыі Германіі неабходна старанна ўзважыць і збалансаваць свае разнастайныя інтарэсы. Ейныя спажыўцы зацікаўленыя ў танным газе, а бізнес – у дзелавой актыўнасці. Палітыкі вераць ва ўцягванне Расіі і/або ўмацаванне еўрапейскага адзінства – часцей за ўсё, і ў адно, і ў другое. Юрысты вераць у належны юрыдычны працэс (што абцяжарвае адмову ад ПП-2 ці нават прыняццё законаў, якія яго рэгулююць).

У рэшце рэштаў, будзе ПП-2 пабудаваны або не, не асабліва важна. Значна важней, каб гэты працэс ажыццяўляўся такім чынам, каб ён умацоўваў Еўропу як у эканамічным, так і, асабліва, у палітычным плане. Гэта тое, што сапраўды важна для будучыні.

І ў абодвух выпадках – адмова ад ПП-2 або ейны запуск – умацаванне Еўропы магчымае.

У абодвух выпадках гэтак жа сама магчымае разбурэнне ўсіх важных адносінаў.

Толькі ў інтарэсах Германіі

Ніку Папеску

За межамі Германіі цяжка апісаць “Паўночную плынь-2” такім чынам, каб яна не выглядала вузканакіраваным эгаістычным нямецкім праектам, які засмучае амаль усіх. Гэта не толькі нервуе дзяржавы, якія маюць складаныя адносіны з Расіяй, (Польшча, Украіна ці краіны Балтыі), але і дзяржавы, якія хочуць большага ўзаемадзеяння з Расіяй, (Італія і Балгарыя), якія не разумеюць, чаму ад “Паўднёвай плыні” адмовіліся, а ад ПП-2 – не. У чыста фінансавым плане “Паўночная плынь” разглядаецца як праект, на якім Германія будзе зарабляць коштам Украіны, якая ў цяперашні час атрымлівае даходы за транзіт газу, коштам бізнес-магчымасцяў тых дзяржаваў-чальцоў Еўрапейскага саюза, якія спадзяваліся атрымаць выгаду ад “Паўднёвай плыні”. Італія, Балгарыя і Украіна адчуваюць, што яны губляюць мільярды еўра існуючых ці патэнцыйных даходаў на карысць Германіі.

Нямецкая мантра – маўляў, гэта чыста камерцыйны праект – не моцна гэта тлумачыць.

Германія, магчыма, так і лічыць, але ніхто іншы не бачыць гэтага.

Расія, безумоўна, разглядае яго як стратэгічны праект, рыхтык як Украіна ці Польшча. І, хоча гэтага Германія ці не, ПП-2 будзе мець стратэгічныя наступствы для вялікай часткі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Усе гэтыя розныя інтэрпрэтацыі становяцца яшчэ больш вострымі ў кантэксце інцыдэнту ў Керчанскім праліве і еўрапейскіх дыскусіяў пра дасягненне стратэгічнай аўтаноміі ЕС, каб быць у стане самому дзейнічаць у ваеннай ці эканамічнай сферах або па пытанні санкцыяў. Спачатку возьмем Украіну. Расія ўвяла санкцыі супраць Украіны пачынаючы з 2014 года. Павольна задушваючы экспарт тавараў свайго суседа праз Керчанскі праліў, Расія не толькі б’е па расійска-ўкраінскім гандлі, але і па эканамічных адносінах паміж Усходняй Украінай і ЕС (і паміж Усходняй Украінай і Блізкім Усходам). Такім чынам, па меры эскалацыі асноўных эканамічных ціскаў на Украіну, ПП-2 таксама прывядзе да страты Украінай 2 млрд. еўра штогод у выглядзе транзітных збораў за газ.

Такія пытанні таксама негатыўна ўплываюць на тое, як дзяржавы-чальцы ЕС бачаць еўрапейскую салідарнасць і трансатлантычныя адносіны. Настойванне Германіі на “Паўночнай плыні”, безумоўна, падрывае давер да яе сярод іншых дзяржаваў-чальцоў ЕС, нават калі гаворка ідзе пра такія пытанні, як санкцыі ў дачыненні да Ірана, адносіны са Злучанымі Штатамі або намаганні па стварэнні больш стратэгічна аўтаномнага ЕС.

Такім чынам, Германія можа лічыць, што ПП-2 адпавядае яе інтарэсам. Яна мае на гэта права. Але гэта можа ёй каштаваць стратаў у шмат якіх іншых сферах.

Вялікі бізнес і вялікая палітыка

Ёзэф Янінг

Энергетыка – гэта адначасова і вялікі бізнес, і вялікая палітыка. Гэта прыбытковы бізнес для алігаполіі кампаніяў на кожным з буйных рынкаў Еўрапейскага саюза. Вырашальная роля энергетыкі ў эканоміцы, у эканамічным цыкле і ў пытанні агульнай бяспекі робіць яе непазбежным пытаннем для палітыкаў на самым высокім узроўні.

Пасля ўводу ў эксплуатацыю “Паўночнай плыні-1” і “Паўночнай плыні-2” яны стануць асноўнымі лініямі паставак прыроднага газу з Расіі ў Германію. Гэта можа ў значнай ступені замяніць іншыя газавыя калідоры, якія праходзяць цяпер праз краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральна-Усходняй Еўропы, нават калі і не на працягу першых гадоў пасля запуску. Энергетычная залежнасць Германіі ад Расіі застанецца такой жа, але Германія будзе менш залежаць ад палітычных канфліктаў паміж Расіяй і транзітнымі краінамі. Адным з традыцыйных апірышчаў у энергетычных адносінах паміж Расіяй і Германіяй (пачынаючы яшчэ з савецкіх часоў) было падтрыманне гэтай сувязі па-за палітыкай і незалежна ад яе.

Расія зарэкамендавала сябе як вельмі надзейны пастаўшчык, а Германія – як асноўны кліент.

Што тычыцца ўплыву на рынак, то нямецкія энергетычныя кампаніі могуць яшчэ больш вырасці ў якасці буйнога хаба для збыту расійскага газу ў суседнія краіны, у тым ліку на ўсход, дзе Польшча таксама імкнецца заняць пазіцыю хаба па звадкаваным прыродным газе, імпартаваным з Персідскага заліва і Злучаных Штатаў.

Калі абедзве стратэгіі хабаў будуць жорстка канкураваць, энергетычная палітыка стане сур’ёзнай праблемай.

Калі яны знойдуць спосабы дапоўніць адзін аднаго, то вялікая залежнасць краін Паўночна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы ад газавых здзелак з Расіяй можа быць зменшана за кошт дыверсіфікацыі крыніц і нейтралізацыі геапалітыкі. Апошняе прадугледжвае вынясенне энергетыкі па-за палітыку санкцыяў, як гэта было ў 1980 годзе пасля савецкага ўварвання ў Афганістан.

Рызыкуючы праектам ЕС

Пётр Бурас

Каб зразумець наступствы “Паўночнай плыні-2”, давайце зададзім простае пытанне: “Хто будзе асноўным бенефіцыярам новага трубаправода?”. У той час як прагнозы пра будучыню адносна спажывання газу ў Еўропе, коштаў на газ і геапалітычных падзеях рабіць цяжка, некаторыя здагадкі ляжаць на паверхні.

Можна з упэўненасцю сказаць, што “Газпрам” – пуцінскі рэжым – з’яўляецца бенефіцыярам № 1.

Ён атрымае новы канал для транспарціроўкі 110 млрд м3 газу і ўмацуе свае пазіцыі ў якасці ключавога пастаўшчыка ў Еўропу. У той час як бягучая прапускная здольнасць газатранспартных маршрутаў з Расіі ў Еўрапейскі саюз (250 млрд. м3) ужо перавышае попыт у 155 млрд м3 (2017), для Расіі ПП-2 мае сэнс, калі яна хоча абысці Украіну. Гэта эфектыўны інструмент паслаблення праціўніка: транзіт газу – важная крыніца даходу для Кіева, яго стратэгічны актыў. А паколькі ПП-2 вызваленая ад патрабаванняў Трэцяга энергетычнага пакета ЕС (“Газпраму” дазволена і прадаваць газ, і валодаць маршрутам транспарціроўкі), справа павінна акупацца эканамічна.

Другім буйным бенефіцыярам, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца еўрапейскія – у асноўным нямецкія – энергетычныя кампаніі, якія ўдзельнічаюць у праекце. Аб’ём будучага попыту на газ, вядома, нявызначаны, але ён будзе кампенсаваны стратэгічным партнёрствам з “Газпрамам” і прамым доступам да газавай крыніцы ў Сібіры. Германія таксама магла б атрымаць выгаду – за кошт павелічэння даходаў ад продажу газу нямецкімі кампаніямі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе (па трубаправодах OPAL і EUGAL, якія дастаўляюць газ з Балтыйскага мора ў Чэшскую Рэспубліку). Так Германія становіцца так званым “газавым хабам”. Але на гэтым, напэўна, спіс тых, хто атрымае выгаду, сканчваецца. Еўрапейскія пакупнікі? Доўгатэрміновае газавае партнёрства з “Газпрамам” знізіць стымулы для інвестыцыяў у аднаўляльныя крыніцы энергіі і, такім чынам, паўплыве негатыўна на мэты дэкарбанізацыі і зніжэння коштаў на газ. Цэнтральна-Усходняя Еўропа? Дамінаванне “Газпрама” на энергетычным рынку тут (а гэта значна больш, чым толькі ў Заходняй Еўропе) будзе мець рэальны адбітак з усімі вынікаючымі адсюль геапалітычнымі наступствамі.

Энергетычны саюз? Мэта дыверсіфікацыі будзе падарваная. Палітычная еднасць ЕС? Адказ відавочны. ПП-2 з’яўляецца лепшым прыкладам праекта, які прыносіць вялікую карысць яго асноўным зацікаўленым бакам і наносіць шкоду інтарэсам іншых краінаў і ЕС у цэлым.