падтрымаць нас

Бяспека·Палітыка

Ці спыніцца Крэмль на Украіне?

Ці спыніцца Крэмль на Украіне?
Расея нарошчвае вайсковую моц. Пытанне ў тым, супраць каго і калі Крэмль яе выкарыстае.

У 2008-ым, калі Расея атакавала Грузію, Крэмль паказаў сваё войска не толькі агрэсіўным, але і безнадзейным. Тэхніка ламалася ў дарозе, сувязь паміж вайскоўцамі не працавала, а большасць скінутых расейскімі самалётамі бомбаў не ўзрывалася. Расейскія вайскоўцы кралі з грузінскіх базаў не толькі джыпы Hummer, але і вопратку. Відэа аднаго з жаўнераў пра “ах..ныя ложкі і пластыкавыя вокны” з грузінскай казармы сталася гітом інтэрнэту.

Паколькі ў Расеі не было адпаведнага для выведкі самалёту, гэтую задачу выконваў дарагі і вялікі бамбавік, першапачаткова створаны як носьбіт ядравай зброі. У 2008-ым Расея здолела перамагчы толькі за кошт колькасці. Тады адзін з амерыканскіх экспертаў назваў расейскае ўварванне ў Грузію “вайною ХХ стагоддзя”.

Вайсковая імперыя вяртаецца

Але гэта гісторыя 2008-ага, 2014-ы можна назваць годам расейскага войска. Расея перамагла Украіну, краіну значна большую за Грузію, а Крым і Данбас не хутка вернуцца пад кантроль Кіева. Расейскія знішчальнікі з пачатку аперацыі ў Крыме ўвесь час ляталі побач з еўрапейскімі краінамі, часам залятаючы на іх паветраную тэрыторыю. За гэты год НАТО мусіла 400 разоў уздымаць сваё баявыя самалёты, каб суправадзіць расейскія.

У гэтым годзе Крэмль правёў маштабныя вайсковыя практыкаванні на Далёкім Усходзе. У іх узялі ўдзел 200 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, тысячы танкаў, сотні самалётаў, дзясяткі караблёў. Наагул, у гэтым годзе вайсковыя практыкаванні ў Расеі праходзілі без перапынку. Дарэчы, практыкаванні “Захад-2015” пройдуць з удзелам беларускага войска і таксама могуць стаць пампезнымі.

Расея – адна з нешматлікіх краінаў, дзе стала растуць вайсковыя выдаткі. На фоне зніжэння сацыяльных выплатаў, войска ў наступным годзе атрымае болей на 33 %, але гэта ў нестабільных расейскіх рублях. Кансалтынгавая фірма IHS падлічыла, што расейскія вайсковыя выдаткі ўжо ў 2016-ым складуць $ 98 млрд, хоць у 2013 яны былі на ўзроўні $ 68 млрд. Іншыя звесткі, Стакгольмскага міжнароднага інстытуту даследавання праблемаў міру, паказваюць, што ўжо ў 2013 расейскія выдаткі на войска склалі $ 87 млрд (амаль $ 85 млрд па цэнах 2011-ага – гл. ніжэй).

Гэткі рост звязаны з рашэннем Расеі 2011 году патраціць $ 700 млрд на пераўзбраенне цягам 10 гадоў. Што больш істотна, усё большая частка выдаткаў будзе мець сакрэтны характар.

Сама вайна стала моднаю ў Расеі. Калі расейцы будуць абіраць чалавека году, то ім можа стаць Уладзімір Пуцін або Стралкоў-Гіркін, які раней займаўся вайсковымі рэканструкцыямі і якога вайна зрабіла героем для шматлікіх расейцаў. Яны сапраўды вераць, што НАТО з’яўляецца ворагам Расеі ‑ дастаткова проста зайсці на расейскія сайты, каб пабачыць процьму каментароў пра “піндосаў” і “веліч расейскай зброі”.

Як пазбегнуць вайны

Гадоў дзесяць таму выказванні пра расейскую агрэсію супраць Грузіі і Украіны маглі прагучаць хіба што з вуснаў экстрэмістаў. Цяпер жа большасць усведамляе, што Крэмль гатовы сілаю навязваць свае інтарэсы слабейшым суседзям. Наіўныя тыя кіраўнікі суседніх дзяржаваў, што не распрацоўваць планы абароны ў выпадку атакі Крамля.

У перспектыве некалькіх гадоў сучаснай зброі і падрыхтаваных вайскоўцаў у Расеі стане настолькі шмат, што варты жалю стан войскаў суседніх краінаў будзе штурхаць краіну да чарговага вайсковага ўгару.

Гэта вельмі дрэнная навіна не толькі для Украіны і Грузіі, але нават для саюзнай Беларусі. Колькі б прыбалтыйскія краіны не казалі пра патэнцыйную пагрозу, малаверагодна, што Расея будзе правяраць наколькі НАТО салідарнае з Латвіяй або Эстоніяй. Хутчэй Крэмль захоча абараніць правы расейскамоўных у Малдове, Казахстане і нават Беларусі, паваяваць на Каўказе або давесці справу стварэння Наваросіі да канца. Таксама расейскія вайскоўцы або людзі, якія прайшлі ў іх навучанне, могуць дзейнічаць як “зялёныя чалавечкі” – без агучвання, што яны маюць сувязі з расейскім войскам.

green

Няшмат хто/што можа спыніць Крэмль. Па-першае, Захад, які будзе санкцыямі павышаць цану расейскай палітыкі. Але заходнія санкцыі супраць Расеі б’юць і па самому Захаду, ды і добрыя дачыненні з Крамлём Захаду значна важнейшыя за тую ж еўрапейскую Украіну. Другая рэч, якая можа ахалодзіць нацыяналістычны парыў Расеі ‑ гэта ейная карупцыя. Расейскія планы мадэрнізацыі могуць лёгка разбіцца аб скалы моцнага жадання вайскоўцаў красці.

Паколькі ніводная краіна рэгіёну не можа параўнацца з Расеяй сілаю, найлепшым адказам стане разумная палітыка дзяржаваў. Чым больш рацыянальнымі і прадбачлівымі будуць палітыкі, тым больш шанцаў іх краіны будуць мець, каб пазбегнуць расейскай агрэсіі.