Нават па мерках працяглага сірыйскага канфлікту, падзеі мінулага тыдня былі ашаламляльнымі: сутыкненні прарэжымных сілаў з ЗША; пашыраныя авіяўдары Ізраіля і збіццё Сірыяй ізраільскага знішчальніка; паглыбленне канфлікту Турцыі з сірыйскімі курдамі, і ўсё гэта на фоне інтэнсіфікацыі наступу рэжыму на кантраляваныя апазіцыяй кішэні ва Усходняй Гуце і Ідлібе.
Гэтыя падзеі паказваюць, што вайну ў Сірыі па-ранейшаму характарызуе хаатычны гвалт, і ў той жа час адлюстроўваюць працэс ператварэння канфлікту са змагання за кантроль над дзяржавай ў тэатр для ўсё больш адкрытай канфрантацыі паміж знешнімі гульцамі. Грамадзянская вайна ў Сірыі ўжо даўно стала вайной рукамі мясцовых кліентаў для рэалізацыі больш шырокіх інтарэсаў, але па меры набліжэння унутранага канфлікту да заключнай стадыі, краіна рызыкуе патрапіць пад яшчэ больш прамую залежнасць ад міжнародных супярэчнасцей.
Найбольш прыкметнай праявай гэтага новага этапу з’яўляецца паглыбленне канфлікту паміж, з аднаго боку, Іранам, які моцна выступае ў Сірыі ў падтрымку Башара Аль-Асада, і, з другога, ЗША і Ізраілем, засяроджаных на стрымліванні нарастальнага ўплыву Тэгерана. Адміністрацыя Трампа адкрыта вядзе антыіранскую палітыку і зрабіла стаўку на суправаджальную доўгатэрміновую, хоць і абмежаваную, вайсковую прысутнасць у паўночна-ўсходняй Сірыі (дзе амерыканцы ўжо прысутнічаюць дзякуючы барацьбе з ІДІЛ). Такое пазіцыянаванне ЗША выклікае ўсё больш актыўную паставу ізраільскага ўрада. Ізраіль ўсё больш непакоіцца магчымай іранскай пагрозай на сваёй паўночна-ўсходняй мяжы і нарошчвае кампанію ваенных удараў.
На мінулым тыдні прарэжымныя сілы атакавалі амерыканскія войскі, размешчаныя ўздоўж ракі Еўфрат. Гэта выклікала жорсткі контрнаступ ЗША, у выніку якога, як паведамляецца, было забіта 100 баевікоў. Дакладны склад сілаў наступлення застаецца няясным, аднак былі паведамленні пра істотную прысутнасць расійскіх наймітаў і пра шырокі ўдзел іранцаў. Праз пару дзён Тэгеран запусціў іранскі беспілотнік у ізраільскую паветраную прастору, што справакавала інтэнсіўныя ізраільскія ваенныя ўдары па іранскіх аб’ектах у Сірыі. Гэта таксама прывяло да першага паспяховага збіцця Сірыяй ізраільскага знішчальніка.
Гэта пакуль што самыя вострыя сутыкненні ўздоўж новай лініі разлому.
На дадзены момант выглядае, што ніводзін бок не хоча справакаваць татальны канфлікт. Гэта прадэманстравалі ўзаемныя адступленні пасля першапачатковай серыі паўторных наступаў. Для Ірана, наўпроставая канфрантацыя можа пагражаць пашыранай прысутнасцю ў Сірыі. Ізраіль, са свайго боку, знаходзіцца пад пагрозай магчымага шквалу ракетных удараў у выпадку канфлікту не толькі з боку Сірыі, але і з суседняга Лівану, зважаючы на прысутнасць па той бок мяжы “Хезбала”, ключавога саюзніка Ірана. Што тычыцца ЗША, у іх няма жадання весці яшчэ адну блізкаўсходнюю вайну.
Нядаўнія падзеі могуць паспрыяць з’яўленню некаторых стрымліваючых правілаў гульні, падобных на тыя, дзякуючы якім захоўваецца неспакойны мір паміж Ізраілем і “Хезбала” ў Паўднёвым Ліване. Аднак, ў сірыйскім тэатры з’явілася сцэна для працяглай варожасці – найперш паміж Тэгеранам і Тэль-Авівам.
Правіла ненаўмысных наступстваў азначае, што любы памылковы крок можа выклікаць небяспечны пажар, ды такі, што наўрад ці зможа застацца ў межах Сірыі.
Далей на поўнач, таксама поўным ходам ідзе свой віток знешняй эскалацыі. Тут турэцкія войскі актывізуюць барацьбу супраць сірыйскіх курдаў у Афрыне, бо Анкара імкнецца не дапусціць стварэння курдскай аўтаномнай зоны. Зараз гэта – ключавы стратэгічны прыярытэт для Турцыі ў Сірыі. Як і для ЗША, акупацыя Турцыяй сірыйскай тэрыторыі не новая з’ява. Тым не менш, павялічанае засяроджванне увагі Турцыі нясе пагрозу больш шырокіх наступстваў. Прасоўванне Турцыі ўглыб асноўных курдзкіх раёнаў ідзе высокім коштам – толькі за адзін дзень на мінулым тыдні было забіта 10 салдат і збіты ваенны верталёт.
Што таксама істотна, аперацыя з усёй верагоднасцю прывядзе да паглыблення як працяглага турэцка-курдскага канфлікту на поўначы Сірыі, так і ў самой Турцыі, зважаючы на працяг барацьбы Анкары супраць ППК і яе трансмежавых сувязяў з сірыйскімі курдамі. Ёсць рызыка ўцягнення саюзнікаў па НАТА, Турцыі і ЗША, ў наўпроставы канфлікт паміж сабой. Турцыя прадэманстравала беспрэцэдэнтную варожасць у адносінах да ЗША за пастаўкі зброі сірыйскім курдам як частцы Сірыйскіх дэмакратычных сілаў (СДС) і пагражае рухацца на ўсход ад Афрына да Манбіджа, горада, які знаходзіцца пад кантролем СДС з ваеннай прысутнасцю ЗША. Гэта будзе азначаць істотную эскалацыю.
На гэтым фоне пытанне кантролю Асада над дзяржавай – доўгі час асноўная рухаючая сіла канфлікту ў Сірыі – выглядае ўсё больш маргінальным.
Даўно сфармуляваная мэта і ЗША, і Турцыі – гэта пераходны ўрад, аднак зараз ніводная з гэтых краінаў рэальна не сканцэнтраваная на гэтай мэце (нягледзячы на асобныя рытарычныя выказванні, і новую палітыку ЗША, накіраваную на эканамічную блакаду рэжыму Асада). Ізраіль, са свайго боку, не паказаў аніякага жадання дадаць палітыку змены рэжыму ў сваю антыіранскую пазіцыю.
Дамаск відавочна выкарыстоўвае такі паварот, каб інтэнсіфікаваць спробы сілай кансалідаваць кантроль над як мага большай колькасцю тэрыторый пакуль падкантрольных апазіцыі. Яго сілы не могуць рухацца на тэрыторыі, дзе ёсць сілы, падтрыманыя ЗША і Турцыяй у Паўночнай Сірыі, але вядуць аперацыі неўтаймаванага знішчэння ва ўсходняй Гуце і Ідлібе. Гэты рост гвалту – і вынікаючае гуманітарнае удушэнне – не азначае паглыбленне грамадзянскай вайны, а ёсць няўмольным крокам да яе крывавай развязкі на карысць Асада ў асноўных рэгіёнах краіны.
Такі вынік наўрад ці будзе неадкладна аспрэчаны праз актывізацыю знешніх чыннікаў. Але некаторыя да гэтага часу спадзяюцца, што пашырэнне замежнай інтэрвенцыі ў рэшце рэшт негатыўна адаб’ецца на Асадзе. Павелічэнне амерыканскай і турэцкай інтэрвенцыі з часам можа прывесці да актывізацыі аперацыяў супраць ўплыву рэжыму, асабліва калі ЗША не ўцягнуцца ў яшчэ больш глыбокую канфрантацыю з Іранам.
Шмат што зараз залежыць ад Расіі, якая, нягледзячы на сваю ролю найбольш прысутнай замежнай вайсковай сілы ў Сірыі, у асноўным была ў баку ад нядаўніх падзей. Яна не пацвердзіла паведамленні аб істотных расійскіх стратах і намагалася пазбегнуць наўпроставага ўдзелу ў сутыкненнях (гэты артыкул быў апублікаваны ў арыгінале да таго, як Расія прызнала страты сваіх наймітаў – Ідэя).
Расійская прысутнасць на месцах і своеасаблівая здольнасць размаўляць гаварыць з усімі бакамі гэтага шматслойнага канфлікту надае ёй істотнае права вета, і ролю ў якасці магчымага арбітра.
Але да сённяшняга дня можна канстатаваць хіба што мінімальныя пасрэдніцкія дзеянні, накіраваныя на прытупленне вострых лініяў разлому. Замест гэтага, Расія, як выглядае, імкнулася настройваць сваіх розных саюзнікаў адзін супраць аднаго – ізраільцянаў супраць Ірану і сірыйскага рэжыму, курдаў і турак адзін супраць другога – з мэтай замацаваць уласныя стратэгічныя пазіцыі. Такую небяспечную гульню неабходна змяніць, каб пазбегнуць перацякання гэтых сілаў ў нешта яшчэ больш небяспечнае.