У гэта цяжка паверыць, але прынамсі на паперы Беларусь з’яўляецца краінай вернікаў. Паводле свежага даследавання Pew Research Center, 84% беларусаў вераць у Бога. Большая частка беларускіх вернікаў адносіць сябе да праваслаўных хрысціянаў, у меншай ступені да каталікоў і іншых.
Вядома, што найлепш, каб цэрквы і дзяржава трымалі адно ад аднаго дыстанцыю. Але ў нас з аднаго боку ёсць Праваслаўная царква, якая актыўна ўдзельнічае ў палітыцы і з’яўляецца адвакатам цяперашняй улады. А з другога боку знаходзяцца іншыя канфесіі, абмежаваныя ў сваёй дзейнасці шматлікімі правіламі. Таму даўно наспела пытанне рэлігійнай балансу і стварэння роўных правілаў гульні.
Гэта ў інтарэсе не толькі цэркваў, але і дзяржавы з грамадствам.
Праваслаўная царква ў Беларусі: першая сярод роўных
Тое, што ў Праваслаўнай царквы існуюць з дзяржавай асаблівыя адносіны, не з’яўляецца сакрэтам. Як казаў Аляксандр Лукашэнка, “мы ніколі не аддзялялі сябе ад царквы, бо дзяржава і царква вырашаюць адну і тую ж задачу”. Улада падтрымліваецца царквой, якая ўзамен атрымлівае прывілеі. Адным з прыкладаў гэтага з’яўляецца вылучэнне ўчастка ў Драздах для асабістага духоўніка Лукашэнкі – Фёдара Поўнага, адзінага рэлігійнага дзеяча, які атрымаў права будавацца ў гэтым элітным месцы.
Пры ўсіх існых бонусах і спакусах Праваслаўная царква, аднак, мусіць перастаць абслугоўваць уладу. Праблема не толькі ў тым, што гэткі альянс шкодзіць іміджу царквы.
Болей за тое, ён стварае ў БПЦ фальшывае ўражанне, што яна будзе дамінаваць у Беларусі вечна.
Хоць на практыцы пратэстанты шматкроць больш рэлігійныя ды імкліва пашыраюць свае шэрагі, то ўсё ж, бадай, самай галоўнай рэлігійнай падзеяй Беларусі (апроч святаў, натуральна) з’яўляецца каталіцкая пілігрымка ў Будслаў.
Хоць на патрэбы Праваслаўнай царквы з дзяржаўнага бюджэту выдзяляецца няшмат грошаў, яна ўскосна фінансуецца дзяржавай праз дармавое выдзяленне зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасці ці падатковыя ільготы.
Мяркуючы па ўсім, з грашыма ў БПЦ праблем няма і святары відавочна не сілкуюцца толькі Святым Духам. Пра гэта, ды прыкладу, сведчыць адкрытая інфармацыя пра “сціплую” замову аднаго з прыходаў, якому некалькі гадоў таму спатрэбіліся дзясяткі кілаграмаў свежых амараў, вустрыц, грабеньчыкаў і іншых марскіх далікатэсаў з ЗША.
Менш любімыя канфесіі
Прадстаўнікі іншых веравызнанняў бачаць свет крыху інакш, з куды большай колькасцю праблемаў. Па-першае, гэта адсутнасць дзяржаўна-канфесійных пагадненняў, якія ўлічвалі б асаблівасці розных канфесіяў. Размовы аб падпісанні канкардату паміж Каталіцкай царквой і дзяржавай ідуць шмат гадоў, але прагрэс нязначны. Пры гэтым Праваслаўная царква падпісала аналагічнае пагадненне ў 2003-ым.
Ды і наагул прававую базу дачыненняў паміж цэрквамі і дзяржавай трэба змяняць. Многія палажэнні закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», паводле лідара Каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча, ужо састарэлі.
Напрыклад, Кандрусевіч слушна кажа аб неабходнасці прыняцця ў Беларусі закона аб рэстытуцыі, які б урэгуляваў праблему з перадачай прыходам царкоўных будынкаў, якія раней канфіскавала савецкая дзяржава.
Такія законы былі прынятыя ў Літве, Латвіі і Расіі.
Прыкладам з’яўляецца магілёўскі храм, збудаваны ў XVIII-ым стагоддзі. Савецкія ўлады канфіскавалі яго ў 1956-ым годзе і размясцілі ў ім архіў. У 1990-ых каталікі яго адрэстаўравалі за свой кошт, але да сёння святыня не перададзеная парафіі, а магілёўскія ўлады яшчэ і патрабуюць плаціць арэнду за яе выкарыстанне.
Пры гэтым, канешне, улады павінны перастаць ствараць праблемы з дазволамі на служэнні замежным святарам ці будаўніцтва культавых будынкаў і атрыманнем замежнай дапамогі. Замест перашкодаў патрэбная лібералізацыя.
Бо цэрквы могуць стаць надзейным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні сацыяльных праблемаў, такіх як наркаманія ці алкагалізм. Многія даследаванні сведчаць, што рэлігія робіць сем’і мацнейшымі і дапамагае людзям выйсці з беднасці.
Калі цэрквы атрымаюць новыя правілы гульні, то яны змогуць дапамагчы грамадству куды больш, чым робяць гэта сёння.